Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я паставіў на кон усё». Няскончанае інтэрвію з Іванам «Брэстам», які загінуў ля Лісічанску


Фота з Інстаграму Івана Марчука
Фота з Інстаграму Івана Марчука

Полк імя Кастуся Каліноўскага паведаміў, што 26 чэрвеня ў баях пад Лісічанскам загінуў камандзір батальёну “Волат” Іван “Брэст“. За дзень да сьмерці Свабода гутарыла зь беларускім добраахвотнікам.

Вылавіць Івана «Брэста» Марчука на інтэрвію было вельмі складанай задачай. Ён увесь час быў у зоне баявых дзеяньняў. Хлопцы з палку Каліноўскага казалі, што «Брэст» жыве вайной, што гэта ягоная стыхія. Яго густая барада стала адным з сымбаляў палку.

Як камандзір батальёну «Волат», «Брэст» ішоў у бой заўжды першым, хоць пабрацімы ўгаворвалі так не рабіць. Нават на апошняе заданьне быў варыянт ня ехаць, бо трэба было вырашыць унутраныя пытаньні палку. Але «Брэст» выбраў ехаць. Івану было 28 гадоў.

Гэтае інтэрвію ўрыўкамі запісвалася за дзень да сьмерці Івана. Знайсьці сорак хвілін для паўнавартаснай размовы ніяк не выходзіла. «Брэст» пасьпеў адказаць толькі на частку пытаньняў, на астатнія абяцаў даць адказ, калі вернецца з баявога заданьня.

— Іван, раскажыце крыху пра сябе. Дзе вы нарадзіліся, дзе вучыліся, чым займаліся ў Беларусі?

— Я родам зь Берасьця. Спачатку вучыўся ў школе з ухілам у мовы, але потым бацькі зразумелі, што ў мяне больш фізыка-матэматычны ўхіл, таму перавялі мяне ў адпаведную школу. Далей для разьвіцьця сваіх ведаў я паступіў у клясу агульнаадукацыйнага ліцэю таксама зь фізыка-матэматычным ухілам. Па сканчэньні школы паступіў у Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі на спэцыяльнасьць «Інжынэр па тэлекамунікацыях». Там я правучыўся два гады. Чаму два? Бо ясна зразумеў для сябе яшчэ на першым курсе, што гэта не маё. Мной заўжды кіраваў дух прыгодаў, а таксама ў мяне было абвостранае пачуцьцё справядлівасьці. На гэта бацькі казалі, што да дабра такое пачуцьцё не давядзе і лепш памаўчаць. Не атрымліваецца маўчаць (сьмяецца). Цяпер усё прыходзіць да нейкай лягічнай разьвязкі, таму я ва Ўкраіне, дзе паставіў усё на кон, знаходзячыся ў небясьпецы як з боку КДБ, гэтак і з боку ворагаў-расейцаў.

— Ці былі вы ў фанацкіх ці апазыцыйных структурах у Беларусі?

— Не, ніколі ня быў. На той момант да фанацкіх арганізацый, якія былі прадстаўлены ў Берасьці, я ставіўся ня вельмі сур’ёзна. Я бачыў хлопцаў з гэтага асяродзьдзя, разам стасаваліся, вучыліся. Мне не падабалася, што яны шмат п’юць, а таксама не падтрымліваюць нейкай добрай ідэі, а проста вядуць хуліганскі лад жыцьця. Што тычыцца апазыцыі, то, шчыра кажучы, я ня бачыў нейкіх структур, якія б мелі сілу і займаліся рэальнымі справамі. Кажу гэта ня ў крыўду камусьці, магчыма, я тады проста гэтага не заўважаў.

— Як фармавалася ваша стаўленьне да Лукашэнкі? Яно заўжды было аднолькавае ці перажывала розныя пэрыяды?

— Натуральна, што рознае. Мабыць, як і ва ўсіх. Гэта нармальна абсалютна. Немагчыма пра чалавека адразу сказаць, што ён кепскі. У залежнасьці ад яго палітыкі можна было сказаць нешта добрае, нешта кепскае. Гэта вельмі дэталёвае пытаньне, яго трэба разьбіраць асобна і шмат дыскутаваць.

— Раней у інтэрвію вы расказвалі, што з 2015 году былі ў зоне АТА. Чаму туды паехалі?

— А як было не паехаць? Ужо тады было зразумела, у якое рэчышча гэта пойдзе. Былі спадзяваньні, што гэта ўсё не перарасьце ў нешта поўнамаштабнае. Але ўжо тады АТА было высакароднай справай у абароне братоў ад неправамернай агрэсіі. І ўжо тады было зразумела, што Расея спрабуе ўсталёўваць на тых тэрыторыях незразумелы рэжым, дзе творыцца беззаконьне.

— Аляксей «Псыхоляг» і Юры «Хмель» казалі, што ў памяці застаюцца абсалютна ўсе апэрацыі, дзе ўдзельнічалі. Але хачу запытацца, што найбольш запомнілася з часоў АТА?

— Магчыма, я больш сэнтымэнтальны чалавек, таму і ў памяць найлепш уразаюцца нейкія кранальныя моманты, які прымушаюць проста ўсё разрывацца ўнутры, выклікаюць неверагодны прыліў эмоцый. Ведаеце, гэты момант душэўнасьці, стасаваньне між людзьмі, калі ты проста перанасычаны эмоцыямі. Такіх момантаў у звычайным жыцьці не сустрэнеш. Гэта моманты духоўнай блізкасьці між людзьмі. Гэтыя моманты... Блін, гэта вельмі складана... Больш за ўсё, калі я прыехаў у зону АТА, мяне захапіла і зьдзівіла тое, як людзі гатовыя ахвяраваць сабой, але нічога не патрабуюць узамен, дзеля ўласнай краіны. Як людзі дапамагаюць адзін аднаму. Чужы чалавек заўжды гатовы табе дапамагчы, ведаючы, што ты адпраўляесься на перадавую. Ці на перадавой ніхто табе нічога не шкадуе, дзеляцца чым заўгодна.

— Чым сёньняшняя вайна адрозьніваецца ад АТА?

— Маштаб зусім іншы. Тады не было такога, каб усё вакол выбухала, каб працавалі адначасова і артылерыя, і авіяцыя, і танкі, і пяхота. Узровень ворага цяпер зусім ужо іншы.

— Іван, вы сапраўды былі ў францускім Замежным легіёне? Якую падрыхтоўку ён вам даў?

— Я там апынуўся ў 19 гадоў. У момант, калі вырашыў рызыкнуць. Падчас летніх канікул ва ўнівэрсытэце я паехаў у Францыю, купіўшы звычайную турыстычную пуцёўку. Я шмат пра гэта думаў — гэта было ўзважанае рашэньне. Я два гады гарэў гэтай марай. Я зразумеў, што праца інжынэрам — гэта не маё, я хачу быць вайскоўцам. У Парыжы я пайшоў проста на вярбовачны пункт, дзе мяне чакала мноства тэстаў, адбораў. Праз два тыдні мяне ўзялі. Чатыры месяцы было «вучэбкі», а потым баявы полк. Была выдатная падрыхтоўка, цяпер гэта вельмі заўважна. Гэта дапамагае мне захоўваць жыцьці хлопцаў і дзейнічаць максымальна граматна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG