Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі пачалася вайна, у мяне сківіцы зводзіла ад нянавісьці». Добраахвотнік аб прыезьдзе зь Беларусі ў полк Каліноўскага


Шэўрон добраахвотніка «Гарэзы»
Шэўрон добраахвотніка «Гарэзы»

На момант пачатку вайны наш суразмоўца знаходзіўся ў Беларусі. «Быў проста ў стане ўтрапеньня. Вырашыў ехаць, змагацца за Ўкраіну», — кажа «Гарэза». Ён праз Польшчу дабраўся да Ўкраіны і далучыўся да палку Каліноўскага.

Герой просіць называць яго проста па пазыўным — «Гарэза». Бо ў Беларусі засталіся родныя і сябры.

— Вы ўдзельнічалі ў беларускіх пратэстах 2020 году?

— Я жыў на той момант у Менску. Безумоўна, удзельнічаў у пратэстах. Мне пашанцавала — у ізалятар ня трапіў, але быў моцна пабіты. Здолеў уцячы ад іх. Я палічыў, што з маіх сяброў і знаёмых затрымлівалі на пратэстах 25 чалавек. Але калі ўлічыць усіх, з кім я кантактаваў ці неяк судакранаўся, то будзе і 50 ці нават 150. У тыя жнівеньскія дні ў мяне проста сківіцы зводзіла ад нянавісьці, тры дні яны балелі. І вось гэтае адчуваньне вярнулася 24 лютага, калі пачуў, што пачалася вайна ва Ўкраіне.

— Як лічыце, беларускае грамадзтва пасьля 2020 году канчаткова атрымала паразу?

— Я ня думаю, што ўсё скончылася і нас, беларусаў, перамаглі тады. Гэта як у баявых мастацтвах, скажам у боксе, дзе ёсьць 12 раўндаў. У першым раўндзе мы перамаглі. Потым, скажам у красавіку 2021-га, быў трэці раўнд, калі «вырубілі» нас. Сёньня недзе 8-ы раўнд ідзе, я так лічу. Бойка ідзе. І, магчыма, праз 4 раўнды мы пераможам. Галоўнае — біцца да апошняга. Але нашы людзі не былі тады гатовыя да бойкі. І гэта нармальна. У нас не такое грамадзтва, што ўсе за мячы бяруцца. У нас прайшла «другая сацыялягічная хваля», мы ўрбанізаваліся. Ну дай ты нашаму чалавеку аўтамат — што ён будзе зь ім рабіць? Ці скажы, каб трэснуў каму ў вуха, — ён ня ўмее. Пры гэтым у АМАП і ГУБАЗіК набіралі тых, хто прайшоў «адмоўны адбор»: самых жудасных, самых горшых людзей. Якія гатовыя выканаць любы загад. Што супраць іх зробіць звычайны чалавек, супраць гэтых «спэцыялістаў», якія гадамі лупцавалі людзей?

Я стрыманы аптыміст. Яшчэ да пачатку пратэстаў я думаў, што яны нас разгоняць. Але гэта, відаць, патрэбна як частка працэсу, які прывядзе нас урэшце да дэмакратызацыі і нармальнага жыцьця ў краіне, дзе будуць працаваць законы.

Я не выяжджаў зь Беларусі, быў там да апошняга. Бо мне здавалася, што сытуацыя ў краіне можа зьмяніцца, гэта як пажар на тарфяніку. Думаў, што я мушу быць у Беларусі.

— Чаму вы паехалі ваяваць за Ўкраіну? Гэта ж чужая краіна, «ня наша вайна»?

— Я думаў, што будзе вайна. Бо бачыў у Беларусі, як праводзяцца сумесныя з Расеяй «вучэньні» і да чаго ўсё ідзе. Бачыў, што запасы крыві рабілі, склады на мяжы і розныя збудаваньні рыхтавалі. Перасоўваліся ўсё бліжэй да ўкраінскай мяжы. Толькі я асабіста думаў, што гэта будзе пазьней. Але, калі я даведаўся 24 лютага пра вайну, проста небасхіл абрынуўся. Некалькі дзён я сядзеў у такім утрапеньні проста.

У мяне ёсьць вельмі далёкія карані ва Ўкраіне. Але тых сваякоў я і ня бачыў ніколі. Я лічу, што гэтая вайна — злачынства. Мне не падабаецца ідэя «братэрскіх народаў», дзе ёсьць «старэйшы брат». Мы не браты — не старэйшыя, не малодшыя — мы проста суседзі, і нам ня трэба ваяваць адно з адным. Да Расеі ў мяне сымпатый ніколі не было. Я глядзеў на іх як на краіну, якая можа вось гэта зрабіць — распачаць вайну.

— Ці лёгка было трапіць у полк Каліноўскага?

— Я чытаў навіны, разумеў, што трапіць у полк можна практычна толькі праз Польшчу. Таму падаўся на візу. Гэта было нялёгка — два месяцы яе чакаў. Пакуль жа займаўся спортам, вывучаў першую мэддапамогу, страляў у ціры, рыхтаваўся. У Беларускім доме ў Варшаве мяне, натуральна, правяралі. Але ўсё прайшло хутка і лёгка, за тыдзень. Я разумеў, куды і для чаго я еду. Сумневы, натуральна, былі. Вайна ж не на нашай тэрыторыі. Але, калі яны разаб’юць Украіну, мы будзем наступнымі. Таму паехаў дапамагаць ім. Што еду туды, асабліва нікому не гаварыў у Беларусі.

Мне ў палку добра, тут шмат цікавых, адукаваных людзей, ёсьць з кім пагутарыць. Тут добрая падрыхтоўка, загартоўка. Мне ўсё гэта спатрэбіцца, і ня толькі мне.

— Але гэта вайна, там могуць забіць.

— У Кіеве мы бачылі ракеты, яны ляталі проста ў нас над галовамі. Але я сябе там адчуваю значна лепш, чым сядзець дома і чакаць, пакуль па цябе прыйдзе ГУБАЗіК і тваёй галавой пералічыць усе прыступкі. Тут могуць забіць. Але цяпер і мы можам адказаць. Я тут не адзін. У мяне паплечнікі. Гэта моцна ўплывае на псыхіку. Пакуль я толькі рыхтуюся, яшчэ ня быў на перадавой. Але нашы хлопцы многія там, іншыя рвуцца туды. Здаецца — дай ім аўтамат, і яны пешкі пойдуць туды, дзе цяпер горача. Скажу так, што на мяне вайны хопіць. У тым сэнсе, я бачу, што заўтра яна ня скончыцца. «Волат», які загінуў, казаў нам, што вайна — гэта проста выпадак, памрэш не памрэш, але ты ня ўбачыш, як сьмерць прыйдзе па цябе. Прыляціць снарад ці станеш на расьцяжку. Ды ў мірным жыцьці цагліна можа на галаву ўпасьці. Праўда, тут адсотак верагоднасьці загінуць большы. Але мы ставімся па-філязофску да гэтай тэмы. Большасьць ведала, куды ідзе. Мы плацім за нашу волю і волю ўкраінскага народу.

— Якая ваша спэцыяльнасьць, якое ў палку забесьпячэньне, хто дапамагае вам?

— Я вырашыў быць парамэдыкам, адпаведна, узмоцнена рыхтуюся аказваць першую дапамогу. Вучаць жа ня толькі мяне. Байцы мусяць умець і сабе дапамагчы, і пабраціму. Для мэдыцынскай дапамогі мы маем усё, прычым добрыя, сучасныя сродкі і абсталяваньне. Гэта дзякуючы валянтэрам, тым, хто данаціць нам, беларускім дыяспарам. Нашы тактычныя аптэчкі — найвышэйшы ўзровень. І зброю хлопцы маюць добрую, сучасную.

— Ці маеце мары і пляны на «пасьля вайны»?

— Для большасьці беларускіх добраахвотнікаў вайна ня скончыцца, пакуль не падзе аўтарытарны рэжым у Беларусі. Мы будзем удзельнічаць у будучым супрацьстаяньні. Хочацца ўсё гэта перажыць і паглядзець на нармальную Беларусь, з нармальнымі законамі.

У будучыні я хацеў бы мець свой хутарок у Беларусі, недзе ля ракі. І займацца тымі праектамі, якія «скасаваў» 2020 год, калі разграмілі грамадзянскую супольнасьць. Ва Ўкраіне я ўсё ж госьць, я тут на пэўны час. Мне хочацца жыць у Беларусі.

Наконт таго, калі скончыцца вайна, я не аптыміст. Гэта можа быць і некалькі гадоў. Прэс за два дні натрэнаваць немагчыма, як ні старайся. Людзі некаторыя думаюць, што прывязуць новае, «чароўнае» ўзбраеньне ва Ўкраіну ці яшчэ некалькі «Байрактараў» — і «чароўнае» ўзбраеньне разаб’е ўсіх ворагаў. Але гэта ня так.

— Якое ваша стаўленьне да расейцаў, якія ваююць супраць украінцаў?

— Я назіраў за імі даўно. Іх напампоўвалі прапагандай 24/7. Яны былі крыважэрнымі і 5, і 10 гадоў таму. Але былі такія «хі-хі», «ха-ха». А 24 лютага яны адкрылі свой твар — і там проста жах, проста такое расчалавечваньне!

Марадэрства, забойствы, згвалтаваньні — гэта так праяўляецца вайна, твар вайны. Для іх гэта нармальна, у іхных галовах. Расея — краіна ХІХ стагодзьдзя. Яна ўсё робіць праз зброю. Яна адстае ад сьвету на 200 гадоў. Там не працуюць інстытуцыі, там ёсьць карупцыя, нафта, рэсурсы, грошы і зброя.

Нармальнага чалавека стрымлівае грамадзтва, законы, інстытуты. Тут жа іх «выпусьцілі на волю» і яны паводзяць сябе, як зьвяры. Зь іх зьлез гэты «налёт цывілізацыі», і адкрыўся іх сапраўдны твар.

Я ня ведаю, што будзе далей. Але ўкраінцы распаленыя нянавісьцю да расейцаў. І гэта надоўга. Ім ніхто не прабачыць. Расейцы раней плакаліся на «русафобію». Але яна пачалася, сапраўдная русафобія, толькі цяпер — пасьля таго, што яны зрабілі ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG