Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп ведаў пра зброю ў нападнікаў на Капітолій, хацеў да іх далучыцца і сварыўся са сваёй аховай, — былая супрацоўніца Белага дома


Кэсыдзі Гатчынсан
Кэсыдзі Гатчынсан

Былая дарадца Белага дома засьведчыла пад прысягай, што былы прэзыдэнт ЗША ведаў, што нападнікі на Капітолій мелі зброю, хацеў далучыцца да іх і злосна схапіўся за стырно лімузына, калі ахова адмовілася яго туды адвезьці.

Кэсыдзі Гатчынсан, былая блізкая паплечніца кіраўніка апарату Белага дома Марка Мэдаўза, выступіла ў аўторак перад спэцыяльным камітэтам Палаты прадстаўнікоў, які расьсьледуе ролю Трампа ў нападзе ягоных прыхільнікаў 6 студзеня 2021 году на Капітолій. Пра гэта піша Gazeta Wyborcza.

Гатчынсан расказала, што ў той дзень, калі Кангрэс сабраўся, каб падлічыць галасы выбарнікаў і афіцыйна ўхваліць перамогу Джо Байдэна на выбарах, Трампу паведамілі, што пратэстоўцы прыбываюць у Вашынгтон узброенымі. Тым ня менш пазьней ён у сваёй прамове заахвоціў іх да маршу да Капітолію і паўтарыў свае тэзісы аб «фальсыфікацыі выбараў».

— Мне ўсё роўна, ці ёсьць у іх зброя. Яны тут не для таго, каб прычыніць мне боль, — нібыта сказаў тады Трамп.

Нават пасьля штурму ён «не адчуваў, што яны зрабілі нешта дрэннае», сказала Гатчынсан.

Паводле сьведчаньняў Гатчынсан, ні для кога ў Белым доме не было сакрэтам, што Трамп хацеў асабіста зьявіцца ў будынку Кангрэсу 6 студзеня.

Дакумэнты Сакрэтнай службы паказваюць, што, пакуль Трамп размаўляў са сваімі прыхільнікамі, ахова прэзыдэнта была разгубленай. Яна ня ведала, як гарантаваць яму бясьпеку падчас маршу, які разглядаўся як пагроза.

Па словах Гатчынсан, пасьля заканчэньня прамовы Трамп быў упэўнены, што сакрэтная служба даставіць яго ў Капітолій. Калі аказалася інакш, ён нібыта раззлаваўся і схапіў агента, які кіраваў машынай.
Пра гэта Гатчынсан расказаў Тоні Арната, які ў той час быў намесьнікам кіраўніка апарату Белага дома.

— Прэзыдэнт вельмі гнеўна адрэагаваў на гэта. Ён сказаў нешта накшталт: «Я с...ы прэзыдэнт. Адвядзі мяне зараз жа ў Капітолій». На што [Энгель, тагачасны кіраўнік аховы] адказаў: «Сэр, мы павінны вярнуцца ў Белы дом», — засьведчыла Гатчынсан.

Яна сказала, што тады Трамп зьбіраўся схапіць стырно. Энгель папярэдзіў яго адпусьціць. Урэшце машына зьехала ў Белы дом.

Аднак, паводле крыніц CNN, Арнато адмаўляе, што расказваў Гатчынсан такую гісторыю. Агенты сакрэтнай службы, якія суправаджалі Трампа 6 студзеня, гатовыя пад прысягай даць паказаньні, што нічога падобнага не было. Але крыніцы Washington Post кажуць, што яны не адмаўлялі, што ў машыне адбыўся абмен думкамі і Трамп быў у гневе, што ён ня можа пайсьці ў будынак Кангрэсу.

Гатчынсан расказала яшчэ адну гісторыю, якае мае паказаць выбуховы тэмпэрамэнт Трампа. У сьнежні 2020 году, пасьля таго як генэральны пракурор Уільям Бар расказаў у інтэрвію, што Міністэрства юстыцыі не выявіла «махлярства ў такім маштабе, якое б прывяло да іншага выніку выбараў», Трамп нібыта разьбіў талерку з абедам аб сьцяну.

Сам Трамп у паведамленьні ў сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social назваў паказаньні Гатчынсан «поўным махлярствам», сьцьвярджаючы, што ёй нельга давяраць і што пасьля яго сыходу зь Белага дома яна павінна была падаць заяўку на працу для Трампа ў Флорыдзе.

Нягледзячы на малады ўзрост, Гатчынсан мае багаты досьвед працы. Раней яна працавала ў Палаце прадстаўнікоў, а таксама займала розныя пасады ў Белым доме.

Камісія ў справе нападу на Капітолій 6 студзеня, дзе дамінуюць дэмакраты, ня мае права выстаўляць абвінавачаньні, але можа перадаць свае высновы пракуратуры. На ранейшых сустрэчах яна засяроджвалася галоўным чынам на паказаньні дзеяньняў Трампа да нападу, у тым ліку яго ціску на дзяржаўных чыноўнікаў, каб адмяніць перамогу Джо Байдэна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG