Яшчэ 16 чалавек знайшлі там жывымі і даставілі ў мэдычную ўстанову. Гэта пацьвярджаюць крыніцы Associated Press.
Паводле зьвестак СМІ, 27 чэрвеня каля 18:00 па мясцовым часе ў экстраныя службы зьвярнуўся рабочы, які пачуў крыкі аб дапамозе з прыпаркаванага трэйлера, расказаў кіраўнік паліцыі Сан-Антоніё Біл Макманус. Дзьверы фуры былі прыадчыненыя, мужчына зазірнуў унутр і ўбачыў дзясяткі мёртвых.
Сярод 16 тых, хто выжыў, было чацьвёра дзяцей, усіх іх даставілі ў мясцовыя шпіталі. Паводле відавочцаў, у пацярпелых назіраюцца сымптомы абязводжваньня і перагрэву. Як піша Associated Press, у момант выяўленьня мігрантаў тэмпэратура ў трэйлеры набліжалася да 40 градусаў паводле Цэльсія. У фуры пры гэтым не было ні вады, ні кандыцыянэра.
У рамках расьсьледаваньня справы затрымалі трох чалавек, аднак, піша CNN, пакуль не зразумела, як яны зьвязаныя з тым, што адбылося.
Мэр Сан-Антоніё Рон Найрэнбэрг назваў тое, што адбылося, «жахлівай чалавечай трагедыяй».
Паводле крыніцы Associated Press, як мяркуецца, усе загінулыя — мігранты, якія такім чынам спрабавалі незаконна перасекчы мяжу ЗША. Генэральны консул Мэксыкі ў Сан-Антоніё заявіў у сацыяльных сетках, што дапамога будзе аказана ўсім без выключэньня грамадзянам Мэксыкі. Па словах міністра замежных спраў Мэксыкі са спасылкай на консула, прынамсі двое з 16 тых, хто выжыў, былі гватэмальцамі.