Масква ўвяла санкцыі супраць 43 грамадзян Канады, у санкцыйны сьпіс увайшлі фэдэральныя і рэгіянальныя чыноўнікі, піша ТАСС са спасылкай на МЗС РФ.
У ведамстве адзначылі, што Масква пакідае за сабой права і далей прымаць контрамеры на «варожыя дзеяньні» Канады.
Пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Канада ўвяла санкцыі ў дачыненьні больш як да 1000 фізычных і юрыдычных асобаў з Расеі, Украіны і Беларусі. У траўні Міністэрства замежных спраў Канады ўвяло санкцыі супраць 14 фізычных асобаў, у тым ліку расейскіх алігархаў, чальцоў іх семʼяў і блізкіх паплечнікаў пуцінскага рэжыму.
Санкцыі таксама ўключаюць у сябе забарону на экспарт прадметаў раскошы ў Расею і на імпарт шэрагу тавараў зь яе. Так, забараняецца экспарт у Расею алькагольных напояў, тытуню, адзеньня і абутку клясы люкс, аксэсуараў, ювэлірных вырабаў і прадметаў мастацтва. Забарона на імпарт закране алькагольныя напоі, морапрадукты, рыбу і непрамысловыя алмазы.
Палата грамадаў Канады прыняла рэзалюцыю аб прызнаньні дзеяньняў Расеі генацыдам украінскага народу. У дакумэнце сказана, што Расея падчас вайны ва Ўкраіне чыніла «масавыя зьверствы» і «сыстэматычныя выпадкі наўмысных забойстваў мірных жыхароў Украіны». Сябра Палаты грамадаў і аўтарка дакумэнта Гэзэр Макфірсан тады заклікала ўлады ўзмацніць жорсткасьць санкцый у дачыненьні да Расеі і павялічыць абʼём гуманітарнай дапамогі Ўкраіне.