Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы плацяць «праваднікам» тысячы даляраў за перасячэньне мяжы зь Беларусьсю, каб пазбегнуць мабілізацыі


Украінска-беларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота
Украінска-беларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота

Украінскія суды разглядаюць некалькі адміністрацыйных і крымінальных спраў, якія датычацца незаконнага перасячэньня мяжы зь Беларусьсю.

Адзін з раённых судоў Ровенскай вобласьці ў канцы верасьня аштрафаваў двух грамадзян Украіны на максымальна прадугледжаную за незаконнае перасячэньне мяжы суму — 8500 грыўняў (прыблізна 200 даляраў у эквіваленце. — РС).

Як адзначаецца ў рашэньні суду, які ў сваім распараджэньні мае Свабода, украінцаў затрымалі сёлета 20 верасьня на тэрыторыі Сарненскага раёну Ровенскай вобласьці, за 10 кілямэтраў ад украінскай мяжы ў кірунку беларускай вёскі Бухлічы Столінскага раёну Берасьцейскай вобласьці.

Пры складаньні пратаколу адзін зь затрыманых паведаміў украінскім памежнікам, што меў намер «перасячы дзяржаўную мяжу зь Беларусьсю для далейшага пераезду ў краіны Эўрапейскага Зьвязу з мэтай пазьбегнуць мабілізацыі».

Яшчэ адну справу, але ўжо крымінальную, расьсьледуе паліцыя Ровенскай вобласьці, якая выйшла на арганізатараў незаконнага перапраўленьня ўкраінцаў у Беларусь. Згодна з матэрыяламі справы, гэтым займаліся тры чалавекі, якія за сваю дапамогу патэнцыйным прызыўнікам патрабавалі ад 600 даляраў да 9 тысяч даляраў.

Ахвотнікаў пазьбегнуць мабілізацыі яны перавозілі з горада Сарны Ровенскай вобласьці ў іншыя населеныя пункты Сарненскага раёну бліжэй да мяжы, і на кожным этапе кожны з арганізатараў атрымліваў свой «ганарар». Тыя, хто падвозіў непасрэдна да мяжы, атрымлівалі найбольш — 9 тысяч даляраў.

Для перамяшчэньня ахвочых пакінуць Украіну выкарыстоўвалі матацыкл і аўтамабілі, адзін зь якіх меў замежную рэгістрацыю.

Сарненскі раён мяжуе зь Берасьцейскай вобласьцю Беларусі, памежная тэрыторыя праходзіць праз балоцістую мясцовасьць.

Справу расьсьледуюць зь сярэдзіны жніўня 2024 году. Два фігуранты знаходзяцца ў сьледчым ізалятары, яшчэ адзін — пад хатнім арыштам.

Раней падобную справу пачалі расьсьледаваць у Чарнігаўскай вобласьці.

  • Аляксандар Лукашэнка і вайсковае кіраўніцтва Беларусі падтрымалі расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволілі скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
  • У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
  • Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
  • Увесь час ад моманту пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG