27 траўня Алег Грузьдзіловіч, якому 3 сакавіка прысудзілі 1,5 года пазбаўленьня волі і выплату 56 тысяч рублёў кампэнсацыі за спыненьне грамадзкага транспарту, быў этапаваны з магілёўскага СІЗА ў калёнію № 15, таксама ў Магілёве. Ён адразу трапіў у карантын, які раней з прычыны ковіду доўжыўся 21 дзень, а цяпер скарочаны да 10 дзён. Але ўвесь тэрмін карантыну журналіст не адбыў.
«Я „з тэхнічных прычын“ ня буду мець магчымасьцяў ні пісаць лістоў, ні рабіць малюнкаў»
31 траўня Алег напісаў жонцы Мар’яне ліст, які яна атрымала 5 чэрвеня.
«Заўтра пачынаецца лета і мой новы „эпізод“ у жыцьці. Я „з тэхнічных прычын“ ня буду мець магчымасьцяў ні пісаць лістоў, ні рабіць малюнкаў. Пачынаецца лета, і хацелася, каб было цёплае надвор’е і ня мерзнуць, але не атрымаецца», — піша Грузьдзіловіч у лісьце сваякам.
Чытаючы між радкоў, Мар’яна зразумела, што Алега, калі гаварыць нармальнай мовай, зьмясьцілі ў ШЫЗА ці карцар.
«Атрымліваецца, што з 1 па 10 чэрвеня Алег быў у ШЫЗА», — мяркуе яна.
16 чэрвеня Мар’яна атрымала ад Алега адразу два лісты ў адным канвэрце, датаваныя 11 і 12 чэрвеня.
«Ты мяне правільна зразумела. Я вярнуўся ў карантын, а тут такі бэдлам! Я прывык за 10 дзён да „стэрыльнай“ цішыні, а тут у карантынным памяшканьні да 23.30 размаўляюць, шэпчуцца, а ў 4.30 ужо ўстае дзяжурны. Я ня спаў усю ноч. Затое тут ёсьць матрас, падушка, коўдра, бялізна — я проста „балдзеў“», — напісаў Алег.
Як расказалі Мар’яне дасьведчаныя людзі — жонкі палітычных зьняволеных, чые мужы ў Магілёўскай калёніі № 15 прабылі даўжэй і ўжо пасьпелі падзяліцца ўражаньнямі ад умоваў у штрафным ізалятары, — там ёсьць голая мэталічная шконка, якая высоўваецца толькі на ноч, а на дзень прымацоўваецца да сьцяны, ёсьць толькі зэдлік, ракавіна і дзірка ў падлозе замест унітаза. Матраса, пасьцельнай бялізны няма. Ляжаць днём нельга, можна толькі хадзіць па маленькай камэры ці сядзець на маленькім нязручным зэдліку.
Палітвязьня пазбавілі доўгатэрміновага спатканьня і перадач
Раней Мар’яна з Алегам у лістах абмяркоўвалі доўгатэрміновае спатканьне, якое можа доўжыцца трое сутак і на якое можна прывезьці вялікую перадачу ў 50 кг (альбо даслаць поштаю). Мар’яна пыталася ў мужа, як лепш зрабіць.
«Дык вось у гэтым лісьце ён напісаў, што пытаньне пра ДС (доўгатэрміновае спатканьне) і вялікую перадачу ўжо не актуальнае. Піша Алег эзопавай мовай».
«Мамусік, не хвалюйся. Зь мяне тут зрабілі „героя“. Памятаеш, як у Савецкім Саюзе, калі прысвойвалі званьне героя, давалі ордэн. А мне далі яшчэ і мэдаль да ўсяго», — піша Алег.
То бок, як я зразумела, яго пазбавілі доўгатэрміновага спатканьня, вялікай перадачы і яшчэ, хутчэй за ўсё, кароткатэрміновага спатканьня«, — робіць свае высновы Мар’яна Грузьдзіловіч.
Яшчэ Алег напісаў, што хоча напісаць заяву, каб дазволілі пагаварыць праз тэлефон. «Толькі гэта пры ўмове, што мяне зноў не адправяць у „камандзіроўку“», — тлумачыць ён.
Да таго ж у лісьце ад 11 ліпеня Алег напісаў, што 14 чэрвеня павінна быць разьмеркаваньне па атрадах (разьмеркаваньне адбываецца толькі па аўторках). Паколькі лістоў ад яго няма дагэтуль, Алег не напісаў, у які атрад трапіў, Мар’яна мяркуе, што муж зноў апынуўся ў ШЫЗА.
«Тут пакуль больш складана, чым у СІЗА. У калёніі ўсе ходзяць ва ўсім чорным. Засталося пратрымацца 3 дні ў карантыне», — напісаў Алег.
Мар’яне расказалі жонкі больш дасьведчаных сядзельцаў, што ўсе, хто ў карантыне, толькі начуюць у памяшканьні — цэлы дзень яны знаходзяцца на вуліцы, іх ганяюць і прымушаюць вывучаць напамяць правілы ўнутранага распарадку«.
Адміністрацыйных судоў па пазовах «Менсктрансу» яшчэ не было
За якія правіны Алег трапіў у ШЫЗА, дакладна невядома. Мар’яна толькі ведае, што ў камэру да Алега прыходзіў афіцэр і патрабаваў падпісаць паперу, што Алег згодны, каб суд паводле пазову «Менсктрансу» адбыўся 6 чэрвеня. Алег адмовіўся, каб суд праходзіў безь яго і ягонага прадстаўніка (адваката).
«Можа, за гэтую адмову Алега цкуюць. Я высьветліла, што матэрыяльныя прэтэнзіі ў 56 тысяч рублёў да Алега нібыта за спыненьне грамадзкага транспарту (16 жніўня на плошчы Незалежнасьці, 11 кастрычніка на Кальварыйскай і 18 кастрычніка на Партызанскім праспэкце) будуць накіраваныя ў тры суды (адпаведна — Маскоўскага, Фрунзэнскага і Партызанскага раёнаў). Але справы ў суды яшчэ ня трапілі», — кажа жонка Алега Грузьдзіловіча Мар’яна.
Перасьлед Алега Грузьдзіловіча
16 ліпеня 2021 году сілавікі прыйшлі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусам прыйшлі да Алега Грузьдзіловіча, пазалетась пазбаўленага акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачаньняў тады ня выставілі.
Алега Грузьдзіловіча затрымалі паўторна 23 сьнежня і зьмянілі яму меру стрыманьня з абавязаньня яўкі на ўтрыманьне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага. 28 сьнежня прайшоў першы допыт Грузьдзіловіча. Сьледчыя выставілі яму абвінавачаньне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.
Справу завялі за асьвятленьне Алегам Грузьдзіловічам аднаго з маршаў пратэсту ў 2020 годзе, калі ён быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі і працаваў як няштатны карэспандэнт «Народнай волі», меў рэдакцыйнае заданьне. У 2020-м Алег Грузьдзіловіч адбыў 15 дзён адміністрацыйнага арышту нібыта за ўдзел у адным з маршаў, на якім працаваў як журналіст.
3 сакавіка палітвязьня Алега Грузьдзіловіча асудзілі на 1,5 года калёніі. Яго абвінавацілі ў трох эпізодах удзелу ў нібыта масавых беспарадках падчас пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў 2020 году і гвалту. Таксама «Менсктранс» яму выставіў пазоў на 56 тысяч рублёў.
За кратамі цяпер таксама журналіст Радыё Свабода Ігар Лосік, асуджаны на 15 гадоў, і фрылансэр Свабоды Андрэй Кузьнечык, асуджаны на 6 гадоў.