Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пужалі электрашокерам і пісталетам, што заб’юць». Айцішнік распавёў пра катаваньні сілавікоў і ўцёкі зь Беларусі


Зьбіваньні, дарога ў багажніку, допыт у лесе, ізалятары Горадні і Магілёва — 33-гадовы праграміст зь Менску Аляксей Кавалеўскі распавёў, што перажыў падчас няўдалай спробы ўцячы зь Беларусі.

Аляксея Кавалеўскага затрымалі ў сьнежні 2021 году за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 году — на яго напісала заяву былая жонка. Пасьля 4 месяцаў у СІЗА-1 па «народным» 342-м артыкуле Крымінальнага кодэксу яго асудзілі да 2 гадоў «хіміі» і адпусьцілі да накіраваньня ў папраўчую ўстанову. Аляксей вырашыў зьехаць з краіны, але вайна скарэктавала ягоныя пляны.

Калі праграмісту ўсё ж удалося ўцячы зь Беларусі, ён распавёў праваабарончаму цэнтру «Вясна» пра катаваньні сілавікоў.

Паводле Аляксея, раніцай 9 сьнежня 2021 году яму пазванілі ў дзьверы супрацоўнікі ГУБАЗіКа.

«Адразу забралі тэлефон і паролі. Калі прыехалі ў ГУБАЗіК, пачалі калупацца ў тэлефоне. Яны падпісалі мяне на розныя Telegram-каналы, таму што ў мяне іх не было. Падпісвалі на „стандартны пакет“: NEXTA і іншыя. Яны казалі, што я падпісаны на тое, пра што я ніколі ня чуў раней. Адразу яны крычалі, што падпісаны на Плян „Перамога“, прычым яны гэта так сьцьвярджаюць, як быццам яны гэта дакладна ведаюць. Гэта была няпраўда, я ім сказаў: „Не, я не падпісаны“.

У ГУБАЗіКу пужалі электрашокерам і пісталетам, што забʼюць. Ім вельмі не падабалася, што я не згаджаўся з тым, што я нібы падпісаны на Плян „Перамога“. Потым усё ж я падпісаў гэту паперу», — кажа Аляксей.

Далей Аляксея чакалі ізалятар на Акрэсьціна, потым — СІЗА № 1 на Валадарскага і праз амаль 4 месяцы — суд. 31 сакавіка яго асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 КК (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) за ўдзел у акцыях пратэсту 9 і 16 жніўня 2020 году да двух гадоў «хіміі».

Калі Аляксея выпусьцілі пасьля прысуду да накіраваньня на «хімію», ён вырашыў адразу ж пакінуць Беларусь і пачаў шукаць выйсьця. На наступны дзень ён ужо быў у Горадні для выезду з краіны, але гэтая спроба скончылася жорсткім затрыманьнем:

«Чамусьці чалавек, які мне дапамагаў, вырашыў арганізаваць групу, каб я перабягаў мяжу не адзін, а зь іншымі людзьмі. У выніку мы мусілі перасякаць мяжу ўтрох. І вось я саджуся ў машыну да людзей, зь якімі мусілі пераходзіць мяжу. Мы толькі адʼяжджаем ад Горадні — нас адразу максымальна жорстка прымае КДБ.

Машыну толькі спыняе ДАІ, кіроўца не пасьпеў зацягнуць ручнік, ужо адчыняюцца дзьверы — мне прылятае ўдар па сківіцы і людзі стаяць тыкаюць пісталетамі. Адразу — «мордай у падлогу» і куча ўдараў, якія ўжо не зьлічыць. Потым нас з кіроўцам вязуць у багажніку ў лес, там дастаюць і зьбіваюць, у тым ліку бʼюць электрашокерам. У лесе праводзяць допыт зь пісталетамі. Супрацоўнікі былі ў цывільным», — расказаў Аляксей праваабаронцам.

Як выявілася, разам з Аляксеем мусілі перасякаць мяжу «рэйкавыя партызаны» з Бабруйска. Іх, па словах мужчыны, затрымалі задоўга да гэтага, а яго затрыманьне было інсцэніроўкай.

«Людзі з нашай машыны, якія нібы меліся з намі перабягаць мяжу, былі падстаўныя супрацоўнікі. Я гэта зразумеў адразу. Калі нас затрымлівалі, то гэтыя трымалі мяне за рукі ў самой машыне. Вось у мяне „паплечнікі“ — трымаюць, калі мяне затрымліваюць! Усё тупа, па-ідыёцку і непрафэсійна. Потым яны разыгрывалі сцэнку з прастрэленымі каленамі. Крычалі, што і нам прастрэляць таксама», — кажа Аляксей.

Паўвечара ён праляжаў на падлозе ў машыне ў лесе. Толькі ўвечары яго павезьлі ў КДБ Горадні на допыт: «Там таксама свая спэцыфіка допытаў: пяць гадзінаў з табой размаўляюць ні пра што, а паралельна нейкі начальнік забягае і пачынае крыкамі дапытваць па справе».

На двое сутак Аляксея зьмясьцілі ў ІЧУ Горадні, потым перавялі ў Магілёў, бо справу бабруйскіх «рэйкавых партызан» вёў магілёўскі КДБ. У дарозе супрацоўнікі таксама ладзілі допыты. Пасьля этапу павезьлі на допыт у КДБ — там Аляксей дазнаўся артыкулы, якія яму інкрымінуюць, — саўдзельніцтва ў тэрарызьме (ч. 6 арт. 16, ч. 2 арт. 289 КК).

«Допыт праходзіў у стылі «добры-злы паліцыянт»: адзін кажа, што ўсё будзе рабіць згодна з законам, а іншы ўрываецца, крычыць і пагражае. Потым нас запіхваюць у ІЧУ Магілёва. Гэтае месца нават у параўнаньні з ІЧУ на Акрэсьціна здалося мне нейкім пеклам. Там такая атмасфэра, што ты як быццам асуджаны да сьмяротнага пакараньня, — кажа Аляксей.

У ізалятары Магілёва мужчыне пагражалі, што яго «дакладна на 20 гадоў пасадзяць», але ў апошні дзень утрыманьня ў ізалятары да Аляксея прыйшоў сьледчы КДБ і сказаў, каб ён ехаў адбываць сваю «хімію»: маўляў, «так і быць, не будзем табе перакваліфікоўваць „хімію“ на калёнію».

Пасьля вызваленьня з магілёўскага ізалятара другі раз Аляксей выехаў праз афіцыйны пункт пропуску ў Расеі, пасьля пяцігадзіннага допыту ФСБ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG