Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн: «Вы бачылі, што Пуцін робіць у Беларусі. Калі б мы дазволілі яму дзейнічаць, усю Эўропу чакаў бы хаос»


Джо Байдэн
Джо Байдэн

Калі б Захад і NATO не адрэагавалі на ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, а адышлі б убок, то вайна і хаос пагражалі б усёй Эўропе, а лёс Беларусі маглі б падзяліць суседнія краіны, бо сам Пуцін ня спыніцца, заявіў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн.

У размове з агенцтвам Associated Press Байдэн сказаў, што ў ЗША няма іншага выйсьця, як толькі дапамагаць Украіне.

Байдэн адзначыў, што нягледзячы на вялізныя палітычныя рызыкі для яго асабіста і на тое, як вайна ўдарыла па амэрыканскай эканоміцы, ЗША павінны былі ўступіць у супрацьстаяньне з расейскай агрэсіяй:

«Нам было ясна, што за гэта давядзецца заплаціць сваю цану. Але варыянт нічога не рабіць быў яшчэ горшы. Калі б ён уварваўся ва Ўкраіну і ўзяў яе пад кантроль, як і Беларусь, што ўжо адбылося, гэта стала б пагрозай для NATO, і ўсё гэта магло б быць нашмат жахлівей».

Байдэн таксама сказаў, што для яго як для прэзыдэнта ЗША пытаньне аб сваім асабістым палітычным выжываньні наогул не стаіць, важна толькі тое, як будзе лепш для ягонай краіны.

«Што адбудзецца, калі самая вялікая сіла, NATO, намі створаная структура, адышла б убок ад расейскай агрэсіі і ад гэтай сотні тысяч салдат, якія маршыруюць празь мяжу, каб акупаваць і зьнішчыць культуру цэлага народу? Што б тады адбылося і што б мы рабілі? Я баюся, адбылося б тое, што мы б убачылі хаос па ўсёй Эўропе. Вы ўбачылі б, што яны ідуць далей. Вы ўжо бачылі, што яны робяць у Беларусі. Што адбылося б і з суседнімі краінамі. Паглядзіце, што здарылася б з Польшчай, Чэхіяй і іншымі чальцамі NATO. Дарэчы, Пуцін назваў адной з прычын, чаму ён гэта пачаў, тое, што ён не хацеў, каб яны (Украіна) далучыліся да NATO. Ён хацеў такой фінляндызацыі NATO. А атрымаў „NATOізацыю“ Фінляндыі», — сказаў прэзыдэнт ЗША і дадаў:

«Я перакананы, калі мы дазволім Расеі і Пуціну дзейнічаць такім чынам, ён ня спыніцца».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG