Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На волю выйшлі палітзьняволеныя Вольга Такарчук і Анастасія Міронцава


Вольга Такарчук
Вольга Такарчук

Блогерку, дызайнэрку і маці дваіх малых дзяцей Вольгу Такарчук, а таксама экс-студэнтку Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Анастасію Міронцаву вызвалілі 16 чэрвеня.

Пра вызваленьне 36-гадовай палітзьняволенай Вольгі Такарчук паведамляе «Вясна».

Таксама, паводле інфармацыі праваабаронцаў, вызваліць сёньня павінны і Анастасію Міронцаву, якую затрымалі ў кастрычніку 2020 разам зь сястрой, а пазьней асудзілі на 2 гады калёніі.

Вырак Вользе Такарчук агучыла 20 сьнежня ў Заводзкім судзе Менску судзьдзя Алена Капцэвіч. Вольгу Такарчук абвінавацілі паводле трох артыкулаў:

  • «Актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі);
  • «Паклёп» (артыкул 188 КК);
  • «Абраза судзьдзі» (ч. 1 арт. 391 КК).

На судовы працэс практычна нікому не ўдалося трапіць. Аднак яшчэ перад затрыманьнем Вольга Такарчук запісала відэазварот на выпадак свайго арышту. У ім яна расказала, што не хацела хавацца ці зьяжджаць за мяжу, але ня здолела і маўчаць.

«Калі кожны з нас замоўкне, будзе тое, што было раней: кожны на кухні ціхенька ненавідзеў уладу, асуджаў яе, але сядзеў і нічога не рабіў. Жыць на каленях я не хачу», — заявіла тады блогерка.

Таксама выйшла на волю палітзьняволеная Анастасія Міронцава, якая «да затрыманьня лічылася адной з найлепшых студэнтак апошняга курсу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў», паведамляюць праваабаронцы.

Паводле зьвестак «Вясны», дзяўчына не змагла трапіць на дзяржіспыты, бо знаходзілася ў зьняволеньні, у выніку з ВНУ яе адлічылі.

Анастасію Міронцаву затрымалі разам зь сястрой 16 кастрычніка 2020 году ў крымінальнай справе аб актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК).

Падставай для затрыманьня стала відэа з пратэстаў 10 жніўня 2020 году, на якое яна трапіла. На судзе высьветлілася, што дзяўчыну таксама абвінавачваюць у артыкуле 364 КК (гвалт у дачыненьні да супрацоўніка міліцыі).

Суд Савецкага раёну Менску 1 красавіка 2021 году прысудзіў Анастасіі Міранцовай 2 гады зьняволеньня, а ейнай сястры Вікторыі —​ 2,5 года (яна да гэтага моманту застаецца за кратамі).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG