Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія СМІ апублікавалі «ўказ Зяленскага»з грубымі памылкамі ў мове


Дакумэнт Міністэрства абароны Ўкраіны, які нібыта даказвае існаваньне сакрэтных украінскіх біялябараторый і іх узаемадзеяньне з вайскова-біялягічнымі лябараторыямі ЗША, апублікаваны пракрамлёўскімі СМІ, зьяўляецца грубай падробкай, піша выданьне The Insider.

Як адзначаюць журналісты, у апублікаваным расейскімі СМІ дакумэнце гаворыцца, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі нібыта падпісаў указ аб зьнішчэньні асабістых зьвестак работнікаў украінскіх прадпрыемстваў і вайскоўцаў, якія супрацоўнічалі з амэрыканскімі лябараторыямі. Размова нібыта ідзе пра пэрсанал трох арганізацый: Цэнтру грамадзкага здароўя Ўкраіны, Украінскага супрацьчумнага інстытуту імя Мечнікава і Жытомірскага лябараторнага цэнтру на транспарце.

У The Insider зьвярнулі ўвагу на тое, што ў тэксьце дакумэнту зьмяшчаюцца відавочныя памылкі ва ўжываньні ўкраінскай мовы, і што тэкст, з высокай доляй імавернасьці, спачатку быў напісаны па-расейску, і толькі затым няўмела перакладзены з грубымі памылкамі.

Прыкладам, фраза «асабістая справа» ў дакумэнце, калі яе зноў перакласьці на расейскую, ужытая ў значэньні «гэта мая справа».

У правай верхняй частцы дакумэнту знаходзіцца пацьвярджэньне рэгістрацыі загаду ў сыстэме справаводзтва СБУ, і там, у якасьці адрасу, указана: «ул. Володимирська, 33, г. Київ», у той час як вуліца па-ўкраінску — «вулиця», а горад — «місто», адпаведна правільнымі скарачэньнямі былі б «вул». і «м».

Акрамя таго, як паведаміла The Insider крыніца ў спэцслужбах Украіны, слова «бясьпекі» ў поўнай назьве СБУ ў дзелавых дакумэнтах заўсёды пішацца з малой літары, а пацьвярджэньне рэгістрацыі ў электроннай сыстэме справаводзтва павінна разьмяшчацца ўнізе дакумэнту, а ня ўверсе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG