У сытуацыі, калі зьніклі Таварыства беларускай мовы, беларускія кнігарні ці былі заблякаваныя беларускія выданьні, кожны беларус павінен сам стаць такой інстытуцыяй, якая папулярызуе беларускае.
Сусьветная гісторыя за сотні гадоў мае процьму прыкладаў пасьпяховага выжываньня народаў, іх моваў, нават пад акупацыяй.
Нехта можа адразу запярэчыць: маўляў, не вучыце нас з Прагі. Акурат досьвед чэхаў можа аказацца вельмі карысны, бо гэты народ — таксама 9-мільённы, як і беларусы, — некалькі сотняў гадоў таму амаль цалкам страціў сваю мову, але пасьля адрадзіў. Таму магчыма ўсё, і ніколі ня варта апускаць рукі, дзе б вы ні былі: у Беларусі, ці за мяжой. Бо працы хопіць усім.
Якая гэта праца? Усё сказана да нас. Вельмі важна разьвіваць хуткую перадачу інфармацыі паміж усімі пластамі беларусаў. Але дзеля гэтага патрэбны свой так званы кантэнтны сьвет, які будзе кругласутачна фармаваць беларускі парадак дня.
Вось як, напрыклад, сфармуляваў гэта блогер і актывіст, палітвязень Эдуард Пальчыс:
«Расклейвайце ўлёткі, стварайце відэа і графічны кантэнт, пілуйце мэмы, займайцеся расьсьледаваньнямі злачынстваў, правярайце ўкіды і чуткі, рабіце тэматычныя тэлеграм-каналы, перакладайце інфармацыю аб тым, што адбываецца, на іншыя мовы, і г. д.».
Натуральна, сёньня да гэтага неабходна дадаць — будзьце супэрасьцярожныя, бо ў краіне, дзе «не да законаў», пад пагрозай амаль усё.
Наведвайце тэматычныя сэмінары, чытаньні і лекцыі гісторыкаў. Яны ёсьць і сёньня. Сачыце больш уважліва за абвесткамі ў музэях, бібліятэках, кнігарнях, дамах культуры. Нават у такія цёмныя для краіны часы можна знайсьці глыток сьвежага паветра.
Ну і не забывайце, што ніхто пакуль не заблякаваў Ютуб. А там мора магчымасьцяў.
- Аўдыёкнігі — на адмысловым ютуб-канале Радыё Свабода — Падкасты Свабоды. Там, безь перабольшаньня, сотні гадзінаў беларускіх кніг.
- Жадаеце паглядзець відэа пра кнігі — глядзіце канал Андрэя Хадановіча.
- Хочаце чытаць самі кнігі? Практычна ўся беларуская літаратура розных гадоў даступная бясплатна на сайтах kamunikat.org і knihi.com.
- Або на сайце Радыё Свабода. Тут даступныя каля 100 кніг пра Беларусь, беларусаў і сьвет па-беларуску. Бясплатна.
- Хочаце падцягнуць свае веды па гісторыі? Глядзіце канал кандыдаткі гістарычных навук Маргарыты Кароль у Цік-Току.
- Жадаеце даведацца больш пра беларускую вайсковую гісторыю? Глядзіце ютуб-канал гісторыка Віталя Чырвінскага.
- Гісторыя беларускіх абрадаў і традыцый — канал «Карані і вытокі».
- Вам цікавае мастацтва? Бягом на канал былога экскурсавода Нацыянальнага мастацкага музэю Мікіты Моніча «Каля культуры».
- Канал зь беларускімі канцэртамі, трэвэл-відэаблогамі пра цікавыя мясьціны ў Беларусі, песьнямі для дарослых і для дзяцей, відэа пра сэкс па-беларуску — гэта канал «Годна».
- Кола Аглядаў — унівэрсальны канал, які зьмяшчае амаль тры каналы ў адным. Тут вы зможаце пабачыць адначасова агляды музыкі, кіно і відэагульняў ад трох розных аглядальнікаў і па-беларуску.
- Або канал «Будзьма беларусамі» — з онлайн-сустрэчамі, якія дэманструюць, што беларуская культура — сучасная і пэрспэктыўная, а беларуская мова — якасны сродак камунікацыі. Там усё — ад відэарэцэптаў страваў беларускай кухні да відэападарожжаў ці аўдыёкніг для дзяцей.
- Ці, напрыклад, канал «Жывы Беларус», над якім працуюць два хлопцы з Ваўкавыску. Яны проста цікавяцца гісторыяй навакольля, цікавымі людзьмі, выяжджаюць у розныя вандроўкі па Горадзеншчыне і ня толькі, зьбіраюць факты і гістарычныя плёткі. Робяць пра гэта відэа. Чым ня прыклад?
Калі вы маеце што сказаць сьвету і лічыце, што гэта можа быць цікава іншым, то паспрабуйце. Тым больш, застаецца яшчэ столькі вольных нішаў... А вы можаце стаць першаадкрывальнікам. Напрыклад, канал аматара «Формулы-1», канал беларускага фэрмэра, канал палешука, канал пра беларускія замкі, канал зь лекцыямі для садаводаў, пра гаджэты, пра ІТ-індустрыю. Чаму б гэта не пачаць рабіць менавіта вам? Дасылайце нам адрасы сваіх каналаў і старонак для рэкамэндацый у чарговых відэа.
Знайдзіце праз Google побач з вамі помнік беларускаму дзеячу ці пахаваньне, прыбярыцеся там, ускладзіце кветкі. І ў беларускіх і замежных гарадах ды вёсках — ёсьць помнікі нашым вялікім дзеячам: Касьцюшку, Міцкевічу, Купалу і іншым. Праўда, дзеля бясьпекі ў беларускіх гарадах і вёсках лепш не дзяліцца фатаздымкамі з гэтых ушанаваньняў. Але ўшаноўваць іх варта для сябе і памяці пра іх. Стварыце QR-код і тэкст пра гэтае месца, каб як мага больш людзей ведалі пра яго. Падзяліцеся гэтым у сваіх сацсетках.
Адзначайце нацыянальныя сьвяты — Дзень Волі, Дзень Грунвальдзкай бітвы, Купальле, Слуцкі збройны чын, Дзень беларускай вайсковай славы. Проста, зь сям’ёй, зь сябрамі, сьпявайце разам беларускія песьні. Толькі народных — безьліч. Сьвяткуйце народныя сьвяты, захоўвайце традыцыі — замаўляйце ў майстроў нацыянальныя строі, рабіце выцінанкі, тату зь беларускімі матывамі.
Усё гэта ня новае. Гэта ня раз праходзілі нашыя папярэднікі. У часы Расейскай імпэрыі гэтым займаліся таварыствы філарэтаў і філяматаў, выдавецкія суполкі «Загляне сонца ў наша ваконца». Гэта ж тыя самыя ютуб-каналы і сацыяльныя сеткі, але таго часу. За савецкім часам гэтым у Беларусі займаліся нефармальныя аб’яднаньні «Паддашак», «Талака», «Майстроўня». Ровар даўно вынайдзены, трэба проста ім карыстацца.
І самае простае, але і самае важнае — размаўляйце па-беларуску. Вельмі часта мы нават не ўяўляем, наколькі магутны гэты інструмэнт.
Але гэта вельмі добра ўсьведамляюць тыя, хто марыць, каб беларусаў не было як народа, таму яны і спрабуюць усялякімі шляхамі зьнішчыць беларускую мову. Бяз мовы ператварыць беларусаў у расейцаў — вельмі лёгка. Так у СССР пачалі зьнікаць цэлыя народы.
Напрыклад, у Алтайскім краі Расеі ёсьць такі невялічкі народ як тубалары. Іх засталося ўсяго некалькі тысяч, а носьбітаў мовы — некалькі сотняў. Як так атрымалася? Бо ў савецкі час ім забаранялі гаварыць на ўласнай мове. Настаўнікі ў школе маглі за гэта накрычаць.
Тубалары мусілі хавацца, каб размаўляць па-свойму. Ці, напрыклад, Чачня. За часамі СССР у сталіцы гэтай рэспублікі, Грозным, было забаронена гаварыць на чачэнскай мове. Калі чачэнец гаварыў па-свойму ў тралейбусе, то кіроўца спыняўся і прасіў такіх пасажыраў выйсьці, мог нават выклікаць міліцыю. У савецкі час русыфікацыя прайшлася па беларусах катком, але, згадзіцеся, сёньня ў Беларусі да такога яшчэ не дадумаліся, каб забараняць размаўляць па-беларуску. Хоць былі выпадкі, калі беларуская мова аказвалася дадатковай прыкметай для рэпрэсій.
Пачынаць размаўляць па-беларуску можна крок за крокам. Напісаць па-беларуску камэнтар у сацсетках, або і цэлы допіс. Паступова ўжываць беларускія словы ў сваёй гутарцы, пачынаючы ад «Прывітаньне» і «Да пабачэньня», або «Дзякуй».
Гадзіна ў дзень. Дзень у тыдзень. І так часьцей і часьцей. Найпрасьцей гэта рабіць у кампаніі сяброў ці сваякоў. Таму, калі вы яшчэ гэтага не зрабілі, то пачынайце. І ня трэба саромецца памылак. Яшчэ ніхто ад гэтага не памёр.
Падумайце, што вы можаце зрабіць для таго, каб вашы дзеці часьцей чулі беларускую мову ў садку ці школе. Напачатку гэта могуць быць, скажам, нейкія факультатыўныя заняткі ці гурткі. А з часам, магчыма, варта знайсьці аднадумцаў і пісаць заявы на перавод урокаў на беларускую мову. Прэцэдэнты ўжо былі.
Таму ўсё — рэальна. Было б жаданьне разарваць заганнае кола. А дзеля таго, каб зьявілася жаданьне, неабходна зразумець — што ўсё беларускае, а ў выніку і сама краіна, зьнікне толькі ў тым выпадку, калі бязьдзейнічаць будзеце менавіта вы.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.