Паводле слоў бізнэс-амбудсмэна Чалябінскай вобласьці Аляксандра Ганчарова, выручка кінатэатраў у рэгіёне ў першым паўгодзьдзі ўпала на 60 працэнтаў у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2021 году і на 70 працэнтаў — у параўнаньні з 2019-м. Ён адзначыў, што ў рэгіёне ўжо ёсьць выпадкі закрыцьця кінатэатраў, якія маюць толькі адну ці дзьве залі. «Пакуль гэта адбылося ў Златавусьце, але калі сытуацыя ня зьменіцца, тое ж самае адбудзецца і ў іншых гарадах рэгіёну, уключаючы Чалябінск», — сказаў амбудсмэн.
Па словах упаўнаважанай па Кемераўскай вобласьці Алены Латышэнкі, у рэгіёне пакуль няма кінатэатраў, якія прынялі рашэньне закрыцца, аднак колькасьць кіназаляў скарачаецца. Пры гэтым найбольшыя цяжкасьці маюць кінатэатры ў невялікіх гарадах.
У Ніжагародзкай вобласьці зачыніўся кінатэатар у Багародзку, а ў Сарове кінапракатчыкі будуць працаваць у выходныя і сьвяточныя дні. У Ніжнім Ноўгарадзе ўладальнікі скарацілі колькасьць кіназаляў. Рэпэртуар скараціўся на 70 працэнтаў, а аднаўленьне на 10 працэнтаў за кошт расейскіх фільмаў «не дазваляе трымацца на плыву», расказаў бізнэс-амбудсмэн па рэгіёне Павел Салодкі.
Да сярэдзіны красавіка ў Расеі закрыліся крыху больш за 36 працэнтаў кіназаляў, цяпер іх засталося 3633, гаворыцца на сайце Асацыяцыі ўладальнікаў кінатэатраў. «Крытычны недахоп рэпэртуару ў бліжэйшыя 2 месяцы пацягне за сабой падзеньне выручкі кінатэатраў больш як на 80 працэнтаў і прывядзе да закрыцьця мінімум 50 працэнтаў кіназаляў», — гаварылася ў паведамленьні. Кінапракатчыкі адзначаюць, што аднавіць рэпэртуар за кошт расейскіх фільмаў за кароткі тэрмін немагчыма, а магчымасьці атрымаць карціну ў пракат за кошт паралельнага імпарту ва ўладальнікаў кінатэатраў няма. Да канца 2022 году сукупныя страты расійскіх кінатэатраў прагназуюцца ў памеры 11,1 мільярда рублёў.
Пасьля пачатку ваеннай агрэсіі Расеі ва Ўкраіне заходнія кінакампаніі прыпынілі пракат фільмаў у расейскіх кінатэатрах.