«У нас у пачатку канфлікту гінула 100 за суткі ў сярэднім. Але ў расейскім войску 1000 у суткі гінула ў першыя 20-30 дзён. Цяпер 200-300 гінуць, ня менш. Ну, глядзі, за сёньня толькі, праўда, сёньня нетыповы дзень, надта добра адпрацавала артылерыя, таму чалавек 600 у суткі мы прыгаварылі, ня менш. Яно так і будзе: адзін да пяці, адзін да трох, адзін да шасьці вось так вагацца», — сказаў Арастовічу размове з Маркам Фейгіным, піша ТСН.
На пытаньне Фейгіна, ці можна зыходзячы з гэтых падлікаў сказаць, што ўкраінскае войска страціла да 10 тысяч байцоў, Арастовіч адказаў: «Так, недзе так».
Учора дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк заявіў ВВС, што страты ўкраінскіх вайскоўцаў цяпер складаюць ад 100 да 200 чалавек штодзень. 1 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сказаў, што падчас баёў штодня гінуць 60-100 украінскіх вайскоўцаў, а 500 атрымліваюць раненьні.
Расея і Ўкраіна не апублікуюць дадзеныя аб сваіх стратах за час вайны.
У сярэдзіне красавіка прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заяўляў, што за час вайны загінулі ад 2, 5 да 3 тысяч украінскіх вайскоўцаў. Пры гэтым расейскі бок у гэты ж час заяўляў, што беззваротныя страты Ўкраіны складалі 23 367 чалавек (у гэтую колькасьць уваходзяць ня толькі загінулыя, але таксама палонныя, якія зьніклі бязь вестак і сур’ёзна параненыя салдаты).
Міністэрства абароны Расеі апошні раз назвала колькасьць загінулых у канцы сакавіка, заявіўшы пра 1351 загінулага і 3825 параненых. Украінскі Генштаб сьцьвярджае, што на вайне было забіта больш за 31 тысячу расейскіх вайскоўцаў, а заходні выведвальныя службы ацэньваюць іх колькасьць на ўзроўні каля 20 тысяч. У сярэдзіне красавіка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў у інтэрвію CNN, што на полі бою загінулі ад 2,5 тысячы да 3 тысяч украінскіх вайскоўцаў, яшчэ каля 10 тысяч былі параненыя.