Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні зьліквідавалі арганізацыю для разьвіцьця вёсак. Кіраўніца аб’яднаньня: «Гэта прафіляктыка»


Паводле сьпісу, які складае маніторынгавая група Lawtrend, на цяперашні момант ужо 450 недзяржаўных арганізацый Беларусі трапілі пад ліквідацыю.

Горадзенскі абласны суд пастанавіў зьліквідаваць арганізацыю «Устойлівае разьвіцьцё вёскі». Прычынай называюцца парушэньні дакумэнтацыі, але старшыня арганізацыі Юлія Вінакурава называе іх «прыдзіркамі з разраду „за шрыфты“», піша Hrodna.Life.

У сьнежні 2021 году ў арганізацыі запыталі дакумэнты на праверку, па выніках якой ва Ўпраўленьня юстыцыі паўстала некалькі прэтэнзій:

  • у суправаджальным лісьце 14 студзеня 2022 году ўказана, што гадавыя пляны дзейнасьці адсутнічаюць, у той жа час з пратаколаў пасяджэньня Рады вынікае, што пляны мерапрыемстваў на 2021 і 2022 гады былі зацьверджаныя;
  • у матэрыялах справы няма апавяшчэньня аб пасяджэньні вышэйшага органу аб’яднаньня;
  • грамадзкія аб’яднаньні штогод да 1 сакавіка павінны даць справаздачу аб працягу сваёй дзейнасьці; арганізацыя падала інфармацыю 28 лютага 2022 году, але там пазначаныя толькі зьвесткі аб мерапрыемствах 2021 году, бязь зьместу і мэтаў гэтых мерапрыемстваў — з пункту гледжаньня Ўпраўленьня юстыцыі, грамадзкае аб’яднаньне падало інфармацыю ня ў поўным аб’ёме.

Годам раней аб’яднаньню вынесьлі папярэджаньне: парушэньнем палічылі адсутнасьць зьвестак аб паступленьні і выдаткоўваньні грошай і іншай маёмасьці ў інфармацыі за 2020 год, таксама ў сьпісах сяброў выбарных органаў не была ўказаная дата выбраньня кожнага зь іх.

Юлія Вінакурава сьцьвярджае, што ліст аб правядзеньні сходу ўладам даслалі — ва ўнутранай дакумэнтацыі ён ёсьць.

«Гэта прыдзіркі з разраду «за шрыфты». Можна было сказаць, што «шрыфты ня тыя» і «вы не да канца раскрылі тэму», — кажа Юлія Вінакурава Hrodna.life.

Яна адзначае, што палітыкай арганізацыя не займалася і якіх-небудзь лістоў супраць гвалту не падпісвала.

«Па мне, гэта прафіляктыка. Закрыць усіх, пакінуць толькі прадзяржаўныя [арганізацыі]».

З 9 траўня Юлія перастала быць старшынёй арганізацыі. 13 сяброў арганізацыі выйшлі зь яе.

«Таму, хто будзе займацца ліквідацыяй, я не ў курсе. Хай самі думаюць, хто будзе яе ліквідоўваць, каго прызначыць», — кажа яна.

Пра арганізацыю «Устойлівае разьвіцьцё вёскі»

Сацыяльна-інфармацыйнае грамадзкае аб’яднаньне «Устойлівае разьвіцьцё вёскі» зарэгістравана ў 2017 годзе ў вёсцы Чухны Смаргонскага раёну. Іх мэтай было дапамагаць у разьвіцьці асабістых падсобных гаспадарак і ў стварэньні працоўных месцаў у сельскай мясцовасьці. У арганізацыі хацелі паказаць, як жыць экалягічна і бяз шкоды наступным пакаленьням, растлумачыць, што такая арганічная сельская гаспадарка, улічваць інклюзію і роўнасьць. Таксама ў плянах было захаваць старыя віды культурных расьлін і жывёлаў, расказваць іншым, як гэта рабіць і навошта.

У аб’яднаньні «Ўстойлівае разьвіцьцё вёскі» на 1 студзеня 2022 году было 13 чалавек. Да пандэміі арганізацыя здымала навучальныя ролікі ў Youtube пра арганічную сельскую гаспадарку, таксама зрабіла Telegram-канал «Органическое сельское хозяйство и климат».

За парушэньні статуту і вядзеньня дакумэнтацыі вясной 2022 году ў Горадзенскай вобласьці зьліквідавалі яшчэ дзьве арганізацыі — грамадзкае аб’яднаньне «Краязнаўчае таварыства — Коматава» і Абласны спартова-патрыятычны клюб «Честь Родины». У стадыі ліквідацыі таксама знаходзіцца Горадзенскае абласное грамадзкае аб’яднаньне былых малалетніх вязьняў фашысцкіх канцлягераў.

Паводле зьвестак маніторынгавай групы Lawtrend, на пачатак 2022 году колькасьць прымусова зьліквідаваных некамэрцыйных арганізацый дасягнула 344, яшчэ 208 НДА прынялі рашэньне аб самаліквідацыі. На цяперашні момант у сьпісе Lawtrend недзяржаўных арганізацый Беларусі, якія трапілі пад ліквідацыю, 450 арганізацый.

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.

Сярод зьліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)

2004 год. У апублікаваным 7 траўня аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend гаворыцца, што за пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца красавіка 2024-га ўлады Беларусі зьліквідавалі ня менш за 1622 некамэрцыйныя арганізацыі. У працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася ня менш за 1003 НКА, рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынялі сама меней 619.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG