Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моўнае вымярэньне вайны. Лукашэнка зьнішчае ўсё беларускае, бо інакш расейскія ракеты паляцяць на Дразды


Падручнік па беларускай мове. Ілюстрацыйнае фота
Падручнік па беларускай мове. Ілюстрацыйнае фота

Напэўна, вы маеце рацыю, што мова — гэта ўсяго толькі сродак зносінаў. Але гэта дакладна не пра нас, беларусаў, і не цяпер.

Для нас цяпер мова — гэта ўвогуле ўсё, чароўная палачка для зьдзяйсьненьня ўсіх нашых агульных мараў. Украінцы гэта збольшага ужо зразумелі. Палякі зь літоўцамі зразумелі раней. Усе іншыя фіны, здаецца, з гэтым разуменьнем і нараджаюцца. Тут неяк тэрытарыяльна атрымліваецца, што мы зь «великим и могучим» занадта блізка, на самай лініі фронту. Мы, натуральна, хочам міру, гуляем у паддаўкі, робім выгляд пра «мир и дружбу», а то і проста здаёмся. Тым часам «великий и могучий» з нашай тэрыторыі бамбіць Кіеў.

Мова як сродак абароны на лініі фронту

Ёсьць і такое, можа быць, самае галоўнае вымярэньне ў гэтай вайны — моўнае. Думаеце, Расея б напала на Ўкраіну, калі б тая ня стала нарошчваць сваё моўнае адрозьненьне? Я думаю, што не. Нас жа не бамбяць. Пакуль, прынамсі, мы самі ў асноўным гаворым па-расейску. Пакуль рэжым «на каленях паўзе ў Маскву», садзіць выдаўцоў беларускіх кніг у турму, а польскія школы ў Беларусі пераводзіць на «великий и могучий». Гэта каб як мага больш балюча прытаптаць тое, што яшчэ цепліцца.

Тут такі атрымліваецца выверт лёсу, што ніяк не пазайздросьціш. Лукашэнка зьнішчае ўсё беларускае, бо інакш расейскія ракеты палятуць на Дразды. То бок ён абараняе, выходзіць, свой «народец» і свой «клочок земли» ад патэнцыйнай агрэсіі. Беларускай такую пазыцыю ніяк не назавеш.

Мова ў нас ня сродак зносін, а сродак абароны на лініі фронту. Важнейшы, як Украіна паказала, за жыцьцё.

Эвалюцыя слова «жыд»

Мне згадаліся зацятыя дыскусіі пра слова «жыд», якія пакуль што скончыліся нічым. Спрадвечнае і нэўтральнае ва ўсёй нашай беларускамоўнай пісьмовай спадчыне, пачынаючы ад прывілеяў вялікага князя Вітаўта жыдам на роўныя правы з тутэйшымі, то бок цяперашнімі беларусамі. І вось у ХХ стагодзьдзі назва гэтай нацыі ў нас прызнаецца... абразьлівай. Ясна, адкуль гэта пайшло — з расейскіх чарнасоценскіх пагромаў. Жыды, маўляў, ня людзі, яны ва ўсім вінаватыя, «Бей жидов, спасай Россию!». Дакладна, як цяпер пра «укров» і «бандеровцев». Ва ўсіх мовах вакол нас жыды засталіся проста назвай нацыі. Толькі ў нас, беларусаў, зьявіліся «яўрэі». Што б на гэта сказаў Вітаўт? Уласную назву народу, які найбольш пацярпеў у ХХ стагодзьдзі, вы, беларусы, прызналі за абразу — як гэтага патрабуе «великий и могучий». Што вы зрабілі? Вы проста сваім жыдам здрадзілі.

А вы кажаце, мова — усяго толькі сродак зносін. Тут такія глыбіні чалавечага падзеньня і такія вышыні чалавечага ўзьлёту хаваюцца, проста біблейскія.

«Твари» — так у турмах зьвяртаюцца да палітычных вязьняў

Як, напрыклад, апошнія два гады надта пашырылася ўжываньне слова «тварь», асабліва ў чатах і на Акрэсьціна. Гэта такая максымальная абраза, большая за мат. На беларускую, а мо і ні на якую іншую, не перакладаецца. Здавалася б, адрозьненьне — адна літара, і атрымліваецца звычайны твар. Як рука ці нага. Дый у фразе «каждой твари по паре» гучыць зусім не злавесна. А тут як зайграла! Пры амонаўскай дубіне. Як яшчэ таго амонаўца назавеш?

«Пятага красавіка ў мяне на кватэры супрацоўнікі крымінальнага вышуку зрабілі з санкцыі пракурора ператрус. Я праходзіла сьведкай у крымінальнай справе, пачатай у Магілёве, за камэнтар пад пастом пра міліцыянта, які пабіў лекара. Мне паказалі скрыншот, дзе мой камэнтар з аднаго слова «тварь» ідзе пасьля нецэнзурнага камэнтара. Я патлумачыла, што так рэагавала на нецэнзурны камэнтар. Пасьля ператрусу ў мяне забралі кампутар і тэлефон.

Дзявятага красавіка ў 7:24 раніцы пазванілі ў дзьверы кватэры, зайшлі чатыры чалавекі з пастановай аб тым, каб даставіць мяне ў Магілёў, дзе пачатая крымінальная справа па 369-м артыкуле за зьнявагу супрацоўніка Ленінскага РУУС. Мне сказалі, што я падазраваная і мяне затрымліваюць на 72 гадзіны.

Па мяне прыехалі цэлы палкоўнік, падпалкоўнік, нейкая дзяўчына, менскі апэратыўнік. Мне далі сабрацца, бо я яшчэ спала ў гэты час.

У Магілёве мяне дапыталі ў Сьледчым камітэце, потым адвезьлі ў РУУС у «обезьянник», дзе я правяла 7 гадзін. Сюды ж даставілі яшчэ дзьвюх жанчын зь Менску, якія за камэнтары праходзяць у той самай справе і з тым самым артыкулам.

Нам надзявалі кайданкі, нас разьдзявалі дагала некалькі разоў на дзень, аглядалі нават нашу бялізну. У камэры мы спалі на голых дошках. Замест падушкі была двухлітровая бутэлька з вадой. Нам не дазвалялі сядзець на нарах, дзе можна было прыхіліцца сьпінаю да сьцяны, толькі на лаўцы. Нас вадзілі на допыты і не давалі ўначы спаць.

Мы толькі леглі на нары, на дошкі без матрацаў, як праз 10 хвілін сьвятло ўключылі. Праз пару гадзін адчынілі акенца і нам загадалі падысьці і назвацца. Не пасьпелі легчы, празь дзьве гадзіны зноў загадалі падысьці да акенца і назваць свае прозьвішчы. Прычым грукалі жалезам: «Устаць!». Потым зноў грукнулі, і нейкі юнак спытаўся: «Барышни, вам туалетка и мыло нужны?» Паперу яны выдавалі, наматаўшы мэтры тры на руку, і штораз мы павінны былі яе прасіць. Я адказала, што я яму ня «барышня», а бабуля. То бок першую ноч нам наагул не далі спаць...

Гэта проста сродак запалохваньня, дэмаралізацыі. Тое, што з намі адбывалася ў ізалятары, — гэта катаваньні і прыніжэньне чалавечай годнасьці. Не было неабходнасьці нас затрымліваць. Раней ніхто б і ўвагі не зьвярнуў на гэты камэнтар з аднаго слова, дарэчы, літаратурнага і біблейскага. Ён бязадрасны, там не напісана імя, наагул нічога«.

Гэтую гісторыю цалкам можна прачытаць у кнізе «Галасы Беларусі — 2021».

Гісторыя пра адно толькі расейскае слова і тое, колькі яно можа нарабіць бяды. Так званыя ахоўнікі парадку трактуюць яго ў тым сэнсе, у якім ужываюць самі. «Твари» — менавіта так яны зьвяртаюцца да палітычных вязьняў.

Да гэтага біблійна-франтавога слоўніка дадам яшчэ адно слова, якое паказвае, што з двух бакоў лініі фронту слова можа мець процілеглае значэньне. Гэта слова «блага». «Блага» па-беларуску кажа той, каму вельмі дрэнна, хто памірае: «Як жа мне блага». Гэта ў нас. На «великом и могучем» усё роўна наадварот. Там для нас найлепшае пажаданьне — «Всех благ!»

Трэба зразумець, што «вызваленьне» расейцамі Ўкраіны «да апошняга ўкраінца» нічым не адрозьніваецца ад «вызваленьня» немцамі сьвету «да апошняга жыда» і «вызваленьня» лукашыстамі Беларусі «да апошняга беларуса». Маюцца на ўвазе тыя, па кім відаць і чуваць, што яны беларусы.

Мова — сродак зносін. Але варта зьвярнуцца да таго, што адбываецца навокал, каб убачыць, што гэтае азначэньне не пра нас і не цяпер.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG