Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуская армія сёньня ня здольная весьці маштабную вайну супраць Украіны», — Паротнікаў


Праверка сіл рэагаваньня ў Беларусі. Травень 2022
Праверка сіл рэагаваньня ў Беларусі. Травень 2022

Кіраўнік праекту Belarus security blog, вайсковы экспэрт Андрэй Паротнікаў адказвае на пытаньне, ці баяцца ўкраінцы нападу арміі Беларусі, ацэньвае баяздольнасьць беларускага войска і скептычна ставіцца да заяваў, нібыта Масква цісьне на Лукашэнку з патрабаваньнем уступіць у вайну.

Сьцісла:

  • Украіна трымае на мяжы зь Беларусьсю ня больш за тры працэнты сваіх узброеных сілаў.
  • У мірны час адэкватна ацэньваць баяздольнасьць войска проста немагчыма.
  • Колькасьць частак хуткага рэагаваньня, якія можа выставіць Беларусь «тут і цяпер» — па ўсіх ведамствах ня больш за 12 тысяч чалавек.
  • Армія незалежнай Беларусі не закупіла ніводнага танка.
  • Любая канфрантацыя Беларусі з Украінай стварае дадатковае напружаньне для Расеі, бо Расеі давядзецца абараняць Беларусь ад Украіны.

— Апошнія тыдні зноў актывізаваліся размовы пра магчымасьць уступленьня Беларусі ў вайну, пра магчымасьць уваходу беларускіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны. Чаму такія размовы зьяўляюцца і ці сапраўды існуе такая імавернасьць?

Андрэй Паротнікаў
Андрэй Паротнікаў

— Па-першае, што тычыцца заяваў беларускіх афіцыйных асобаў, то яны дастаткова міралюбныя, увесь час афіцыйны Менск даказвае, што не зьбіраецца ўдзельнічаць у расейскім уварваньні ва Ўкраіну. Чаму ж такія размовы зьяўляюцца?

Тут ёсьць элемэнт інфармацыйнай вайны, якую вядзе Ўкраіна. Адна з мэтаў гэтай інфармацыйнай вайны — стрымаць афіцыйны Менск ад удзелу ў вайне сапраўднай. У тым ліку і такім чынам, укідаючы заявы пра тое, што беларуская армія нападзе на Ўкраіну. Робіцца гэта, каб выклікаць унутры Беларусі нейкія дзеяньні, якія акурат не дазволілі б Менску актыўна ўдзельнічаць у вайне.

Украінская мэдыйная прастора вельмі дэцэнтралізаваная. Там шмат гульцоў са сваімі інтарэсамі і падыходамі, яны могуць дзейнічаць аўтаномна ад украінскай улады. Можна ўзгадаць, што раней ужо зьяўляліся заявы, нібы беларуская армія ўдзельнічае ў вайне на тэрыторыі Ўкраіны, пры гэтым зьяўляліся нейкія «сьведкі», «відавочцы» — але ніякіх афіцыйных заяваў з боку Кіева наконт гэтага не было.

— Ці можна сказаць, што Лукашэнка сваёй ваяўнічай рыторыкай, прарасейскім наратывам сваіх заяваў дэманструе рытарычную вернасьць Маскве і пры гэтым хоча, каб усё абмежавалася толькі заявамі? Ці, можа, задача гэтай ваяўнічай рыторыкі — каб Украіна вымушаная была трымаць свае сілы каля паўднёвай мяжы Беларусі, сілы, так неабходныя на ўсходнім фронце?

— Паводле ацэнкі беларускага вайсковага камандаваньня, Украіна трымае на мяжы зь Беларусьсю ня больш за тры працэнты сваіх Узброеных сілаў.

Адносна ваяўнічых заяваў Лукашэнкі — мне здаецца, ён сапраўды верыць, што вайна ва Ўкраіне можа перарасьці ў маштабны рэгіянальны канфлікт, у якім Беларусь ня здолее захаваць статус няўдзельніка, скажам так, няўдзельніка ў актыўнай фазе ваенных дзеяньняў. Пакуль незразумела, на чым грунтуецца гэтая пазыцыя Лукашэнкі, але яна не ўсяляе аптымізму.

— Міністар абароны Беларусі Хрэнін заявіў, што ў краіне можа быць створана «апалчэньне». Чым гэта адрозьніваецца ад тэрытарыяльнай абароны, якая даўно існуе? Мы памятаем, як яшчэ 3-4 гады таму чыноўнікі прыходзілі на нейкія зборы ў камуфляжнай форме. Ці ёсьць у цяперашніх заявах і працэсах нешта новае?

— Пакуль незразумела, што за гэтым стаіць, што гэта за «апалчэньне» і як яно суадносіцца з тэрытарыяльнай абаронай. У папярэднія гады Лукашэнка ставіў знак роўнасьці паміж тым, што прынята называць «апалчэньнем», і войскамі тэрытарыяльнай абароны. Ці гэта працяг старой рыторыкі, ці тут нейкія новыя дадатковыя пляны, пакуль незразумела.

— Як можна ацаніць патэнцыйную баяздольнасьць беларускага войска? Часта і беларускія, і замежныя экспэрты заяўляюць, што з афіцыйнай колькасьці беларускага войска (45 тысяч вайскоўцаў) баяздольнымі можна назваць каля 15–17 тысяч. І што гэта азначае — «баяздольныя часткі»?

— Само разуменьне «баяздольнасьці» вельмі комплекснае. Сюды ўваходзіць і ўзровень падрыхтоўкі, узбраеньне, матэрыяльнае забесьпячэньне, укамплектаванасьць, але таксама і маральна-псыхалягічны стан. І акурат з прычыны гэтага стану ў мірны час адэкватна ацэньваць баяздольнасьць войска проста немагчыма. Мы ня ведаем, як сябе павядзе вайсковец у такой экстрэмальнай сытуацыі, якой ёсьць вайна. Іспытам баяздольнасьці зьяўляецца вайна.

— Але ж можна ацаніць аб’ектыўныя дадзеныя, лічбы — колькасьць вайскоўцаў, якасьць вайсковай тэхнікі, бюджэт.

— Адносна колькасьці частак хуткага рэагаваньня, якія можа выставіць Беларусь «тут і цяпер», — гэта па ўсіх ведамствах ня больш за 12 тысяч чалавек. Усё астатняе патрабуе мабілізацыйнага разгортваньня, якое зойме не адзін тыдзень і нават не адзін месяц, каб яго якасна правесьці.

Што да беларускай вайсковай тэхнікі, то мы ня ведаем дакладна яе стан, магчымасьці яе эксплуатацыі. На паперы можа быць адно, на практыцы зусім іншае. На сёньняшні дзень няма аб’ектыўных дадзеных пра тэхнічны стан узбраеньняў, якія на паперы знаходзяцца ў беларускай арміі.

— Вось, напрыклад, колькасьць танкаў у беларускага войска даволі вялікая для такой краіны. Але колькі зь іх у дзейным стане? Ва ўсякім разе, можна сказаць, што беларуская армія даўно не закупляла, напрыклад, новыя танкі?

— Армія незалежнай Беларусі пасьля 1991 году не закупіла ніводнага танка. Усе танкі, якія ёсьць на ўзбраеньні, дасталіся Беларусі ў выніку развалу СССР.

— Кіраўніцтва Беларусі нярэдка скардзіцца на мілітарызацыю краінаў-суседак. У прынцыпе, зразумела, што Польшча і краіны Балтыі ўзмацняюць сваю абарону перад пагрозай расейскай агрэсіі. Наколькі гэтыя працэсы маштабныя?

— Пасьля 2014 году ўсе краіны рэгіёну пачалі сур’ёзна пераглядаць свае пляны абароннага будаўніцтва, узмацняць іх — і ў межах абаронных альянсаў, і ў нацыянальным вымярэньні. У Польшчы, напрыклад, узбраеньне ў значнай частцы да апошняга часу складалася з савецкай тэхнікі. А яна ўжо вычарпала свой рэсурс, яе трэба мяняць. Таму новыя ўзбраеньні — гэта вынік супадзеньня і практычнай патрэбы на аднаўленьне ваеннай тэхнікі, і геапалітычнай сытуацыі. У выніку за апошнія гады адбылося сур’ёзнае нарошчваньне вайсковых выдаткаў у краінаў-суседзяў Беларусі.

— Калі вярнуцца да таго, з чаго мы пачалі размову. Які ваш аналіз і прагноз наконт таго, ці можа Беларусь сваімі войскамі ўступіць на баку Расеі ў вайну на тэрыторыі Ўкраіны?

— Беларуская армія сёньня ня здольная весьці маштабную вайну супраць Украіны. І любая збройная канфрантацыя Беларусі з Украінай стварае дадатковае напружаньне не для Ўкраіны, а для Расеі. Бо Расеі ў такім выпадку давядзецца абараняць Беларусь ад Украіны.

Таму я вельмі скептычна стаўлюся да заяваў, нібыта Масква цісьне на Лукашэнку, каб ён непасрэдна далучыўся да агрэсіі супраць Украіны. Я лічу, што гэта абсалютная спэкуляцыя, якая грае на карысьць Лукашэнкі. Бо яна аднаўляе гэткую старую легенду пра Лукашэнку як пра адзінага абаронцу самастойнасьці Беларусі перад крамлёўскім ціскам. Больш за тое, я лічу, што няма прыкметаў, нібыта Расея разглядала варыянт прыцягненьня войскаў сваіх фармальных саюзьнікаў да баявых дзеяньняў ва Ўкраіне.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG