Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік МУС Украіны: «Ня трэба гадаць, ці ўступіць Лукашэнка ў вайну. Ён ужо ўступіў»


Намесьнік міністра ўнутраных спраў Украіны Яўген Енін
Намесьнік міністра ўнутраных спраў Украіны Яўген Енін

Намесьнік міністра ўнутраных спраў Украіны Яўген Енін лічыць, што Аляксандар Лукашэнка ўжо ўдзельнічае ў расейскай вайне супраць Украіны.

«Калі нехта гадае, ці ўступіць Лукашэнка ў вайну, то папраўдзе ўжо даўно ўсё зразумела. Як яшчэ можна назваць даваньне сваёй тэрыторыі для праходу войскаў, ракетных абстрэлаў, лячэньня параненых, дзейнасьці дывэрсійна-выведвальных груп. Тым больш што, паводле нашых вайскоўцаў, сярод акупантаў у першыя дні сустракаліся людзі ў беларускім вайсковым адзеньні. Які нам яшчэ патрэбныя доказы, каб абмяркоўваць, ці падтрымала Беларусь расейскую ўзброеную агрэсію супраць Украіны?» — сказаў Яўген Енін у інтэрвію выданьню «РБК-Україна».

У той жа час намесьнік кіраўніка МУС Украіны дадаў, што ўкраінская выведка пакуль не назірае фармаваньня ўдарных груповак на тэрыторыі Беларусі.

«Лідэр гэтай краіны ўжо неаднаразова даваў знакі, што ён „пятляе“», — дадаў ён.

«Аднак мы маем пад бокам вернага паплечніка Пуціна, які дапамагаў і працягвае яму дапамагаць у спробе захопу Ўкраіны. Мы можам бачыць з паведамленьняў таго ж Генштабу, што на мяжы вайскоўцы зь Беларусі працягваюць выконваць задачы ўзмацненьня ўкраінска-беларускай мяжы ў Берасьцейскай і Гомельскай абласьцях і праводзяць там вучэньні», — адзначыў намесьнік міністра ўнутраных спраў Украіны.

Паводле яго, з украінскага боку таксама ўзмацнілі ахову мяжы з сумежнай Беларусьсю:

«У памежных раёнах Кіеўскай, Жытомірскай і Ровенскай абласьцей увялі дадатковыя абмежаваньні, які будуць дзейнічаць да заканчэньня ваеннага становішча», — падкрэсьліў намесьнік міністра ўнутраных спраў Украіны Яўген Енін.

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG