Сьпіс папоўнілі чатыры жыхары Магілёўскай вобласьці і адзін грамадзянін Расеі, які жыве ў Гомельскай вобласьці.
31-гадовы жыхар Магілёўскай вобласьці Канстанцін Ермаловіч абвінавачваецца паводле:
- арт. 289 (Акт тэрарызму; максымальнае пакараньне аж да сьмяротнага);
- арт. 290 (Пагроза ўчыненьнем акту тэрарызму; максымальнае пакараньне — 8 гадоў пазбаўленьня волі);
- арт. 290-4 (Стварэньне арганізацыі для ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці або ўдзел у ёй; максымальнае пакараньне — 10 гадоў пазбаўленьня волі).
28-гадовы Віталь Мінкевіч і 46-гадовы Ігар Казлоў з Магілёўскай вобласьці абвінавачваюцца паводле:
- арт. 289 (Акт тэрарызму; максымальнае пакараньне аж да сьмяротнага);
- арт. 290 (Пагроза ўчыненьнем акту тэрарызму; максымальнае пакараньне — 8 гадоў пазбаўленьня волі).
28-гадовы жыхар Магілёўскай вобласьці Данііл Жарын абвінавачваецца паводле:
- арт. 130 (Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці; максымальнае пакараньне — 12 гадоў пазбаўленьня волі);
- арт. 289 (Акт тэрарызму; максымальнае пакараньне аж да сьмяротнага).
Жыхароў Бабруйску абвінавачваюць у тым, што ў жніўні-верасьні 2021 года яны «здзейсьнілі дзеяньні тэрарыстычнага характару». Тады УУС Магілёўскага аблвыканкама заявіла, што каля чыгуначнай станцыі Мірадзіна знойдзены прадмет, падобны на выбуховае прыстасаваньне.
Падобныя прадметы знайшлі работнікі БЧ 24 і 31 жніўня паміж рэйкамі каля чыгуначных станцый Цітоўка і Бабіна, а таксама 16 верасьня прадавец «Табакеркі» каля самога гандлёвага кіёска ў Бабруйску.
Таксама сілавікі палічылі тэрактам спаленьне стралковага ціра, які належыць ваеннай часьці 5527 (Бабруйск). Адразу пасьля першага эпізоду ГУБАЗіК МУС РБ і КДБ пачалі масавую аблаву на людзей, якія выходзілі на мірныя акцыі пратэсту — дзясяткі чалавек прайшлі праз допыты і паліграф, піша MAYDAY. 30 верасьня УУС Магілёўскага аблвыканкама выпусьціла відэа, на якім Віталь Мінкевіч прызнаецца ў закладваньні «навучальных мін» на чыгунцы «разам з Косьцем» (праваабаронцы мяркуюць, што магчыма меўся на ўвазе Канстанцін Ермаловіч).
Над жыхаром Магілёву Даніілам Жарыным суд адбыўся яшчэ ў сьнежні 2021 году. Яго абвінавацілі ў тым, што ён кінуў бутэльку з запальнай сумесьсю ў Інстытут МУС. Магілёўскі абласны суд разглядаў крымінальную справу Жарына на закрытым судовым паседжаньні.
Вядома, што судзьдзя Алена Картавенка прызнала яго вінаватым у нападзе на Інстытут МУС у чэрвені 2021 года. Тады, 10 чэрвеня, нехта кінуў бутэльку з гаручым рэчывам ва ўваходныя дзьверы Магілёўскага інстытута МУС. Згодна з матэр’яламі сьледзтва, падчас ператрусу ў ягонай кватэры выявілі гаручую вадкасьць, рызьзё, маску і адзеньне, у якіх, паводле апэратыўнай інфармацыі, малады чалавек зьдзейсьніў злачынства.
Цытуючы затрыманага, прэс-служба МУС заявіла, што мужчына «паддаўшыся радыкальным заклікам у гэтых супольнасьцях, вырабіў „кактэйль Молатава“ па апублікаванай у сетцы інструкцыі і кінуў яго ў будынак». Сьледчы камітэт падчас суда адзначаў, што малады чалавек знаходзіцца на ўліку ў псыхіятра — папярэдне зьдзейсьненае грамадзка небясьпечнае дзеяньне да яго ўжываліся прымусовыя меры бясьпекі і лячэньня. З улікам прадстаўленых пракурорам доказаў, судовая калегія па крымінальных справах Магілёўскага абласнога суда прызначыла Жарыну прымусовыя меры бясьпекі і лячэньня ў выглядзе прымусовага лячэньня ў псыхіятрычным стацыянары з узмоцненым назіраньнем.
Пры гэтым ад «тэрарыстычных дзеяньняў» усіх чатырох мужчын не пацярпеў ніводны чалавек.
23-гадовы (па іншых зьвестках — 33-гадовы) грамадзянін Расеі, жыхар Гомельскай вобласьці Андрэй Паднябённы абвінавачваецца па арт. 289 (Акт тэрарызму). Пра яго затрыманьне паведамлялася ў канцы мінулага году. Паднябённы — грамадзянін Расеі зь відам на жыхарства ў Беларусі. Сілавікі заяўлялі, што ноччу 1 лістапада ў гомельскім тралейбусным дэпо № 2 былі выведзеныя са строю 33 тралейбусы. Праколы шын зафіксавалі ў 64 колах. Таксама быў зьдзейсьнены падпал асабістага аўта намесьніка начальніка УДВП МУС па Гомельскай вобласьці.
З 2020 году ў «тэрарыстычны» сьпіс КДБ трапілі ўжо больш за 50 чалавек.