«Ва ўмовах несправакаванай і неапраўданай вайны Расеі супраць Украіны рэжым Лукашэнкі ў Беларусі знайшоў новыя спосабы запалохваньня і пакараньня сваіх грамадзян», — гэтак пракамэнтаваў папраўкі дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен.
Ён дадаў, што пасьля паправак сьмяротнае пакараньне могуць прымяняць да многіх дэмакратычных актывістаў і тых, хто выступае супраць вайны ва Ўкраіне. Палітычна матываваныя абвінавачаньні ў «экстрэмізьме» і «тэрарызьме», канстатуе Блінкен, былі выстаўленыя супраць многіх з 1,2 тысячы палітвязьняў, таксама гэтыя ярлыкі «выкарыстоўваліся для затрыманьня дзясяткаў тысяч людзей» — пратэстоўцаў, актывістаў, журналістаў, палітыкаў, тых, хто спрабаваў перашкодзіць прасоўваньню войска Расеі ва Ўкраіну.
«Рэжым Лукашэнкі працягвае душыць, у тым ліку праз гвалт і гэтыя папраўкі, прадэмакратычныя і антываенныя рухі ў Беларусі. Гэта дзеяньні аўтарытарнага лідэра, які адчайна спрабуе ўтрымацца ва ўладзе з дапамогай страху і запалохваньня», — падкрэсьліў Блінкен.
Ён дадаў, што сьвет назірае за гэтым ужо амаль два гады, і высока ацаніў імкненьне беларусаў да дэмакратыі, іх сілу і адважнасьць.
Блінкен папярэдзіў, што ўсе, хто парушае правы чалавека ў Беларусі, павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці.