20 траўня журналісту Свабоды, палітзьняволенаму Ігару Лосіку спаўняецца 30 гадоў.
Прэзыдэнт Радыё Свабода Джэймі Флай заявіў з гэтай нагоды:
«Непрымальна, што Ігар праводзіць чарговы дзень народзінаў у турме, удалечыні ад жонкі і дачкі. Мы заклікаем беларускія ўлады пакласьці канец гэтай пародыі на правасудзьдзе і неадкладна вызваліць Ігара».
Прыгадваем іншыя лічбы з жыцьця нашага калегі на волі і за кратамі.
«Ігар папрасіў, каб у сьвяточную перадачу я яму паклала больш салодкага, нечага смачнага, — расказвае жонка палітвязьня Дар’я Лосік. — Каб ён яшчэ і сукамэрнікаў змог пачаставаць. І каб гэта хаця б ва ўмовах СІЗА адсьвяткаваць».
Гэта ўжо другі дзень народзінаў, які Ігар сустракае за кратамі. Год таму акурат 20 траўня яго этапавалі са сьледчай трумы № 8 Жодзіна ў СІЗА-3 Гомля, дзе пазьней пачаўся судовы працэс у справе Ігара.
Акрамя перадачы з ласункамі, гаворыць Дар’я, Ігар меў да яе яшчэ адну просьбу, зьвязаную са сьвяткаваньнем 30-годзьдзя. На гэты раз вельмі прыватную.
«Ігар папрасіў перадаць яму мае новыя, сьвежыя фатаздымкі, якіх у яго яшчэ няма, — падзялілася Дар’я. — Сказаў, што гэта для яго будзе падарункам. Зразумела, я шмат чаго хацела б падарыць Ігару, перадаць яму. Але, на жаль, нельга. Фота я пастараюся зрабіць заўтра ў Гомлі, перадам іх зь перадачай разам. Звычайныя фота, ніякай фатасэсіі ня будзе. Ігар прасіў проста новыя здымкі. Я яму нядаўна свае фота ўжо перадавала, там было каля 15 штук. Але прынялі толькі дзьве, больш нельга за раз перадаваць».
Па словах Дар’і Лосік, муж па-ранейшаму атрымлівае лісты толькі ад самых блізкіх родных. Канвэрты, паштоўкі і нават тэлеграмы ад іншых людзей да яго амаль не трапляюць. З Дар’яй ужо зьвязваліся людзі, якія хацелі б павіншаваць Ігара сьвяточнымі пасылкамі. Яна кажа, што самы надзейны спосаб зрабіць гэта — пералічыць яму грошы на так званую «атаварку», за якія Ігар пасьля зможа купіць сабе нешта ў СІЗА.
Павіншаваць Ігара Лосіка можна па адрасе СІЗА-3, 246003, Гомель, вуліца Кніжная, 1А. Да 30-годзьдзя Ігара Лосіка згадваем яшчэ некалькі лічбаў, зьвязаных зь перасьледам нашага калегі.
695 дзён за кратамі
Ігара Лосіка арыштавалі ранкам 25 чэрвеня 2020 году, за кратамі ён ужо 695 дзён. Увесь гэты час палітвязень знаходзіцца ў СІЗА, хоць ад моманту прысуду прайшло ўжо больш за паўгода. Апэляцыю Ігара і іншых палітвязняў, які судзілі разам зь ім, Вярхоўны суд разгледзіць 31 траўня. Пасьля гэтага, напэўна, журналіста Свабоды накіруюць у месца адбываньня пакараньня — калёнію ўзмоцненага рэжыму. Пакуль невядома, дзе менавіта будзе знаходзіцца Ігар.
173 дні судовага працэсу
Суд у справе Ігара Лосіка пачаўся толькі праз год пасьля затрыманьня. Ігара судзілі ў закрытым рэжыме ў СІЗА-3 Гомля, на працэс не пусьцілі нават жонку Дар’ю і бацькоў журналіста. Разам зь Ігарам на лаве падсудных быў блогер і палітык Сяргей Ціханоўскі, палітык Мікола Статкевіч, блогер Уладзімер Цыгановіч, а таксама паплечнікі Ціханоўскага Арцём Сакаў і Дзьмітры Папоў. Ні з кім зь іх да суду Ігар асабіста знаёмы ня быў. Паводле жонкі Ігара Дар’і, за ўвесь працэс прозьвішча «Лосік» у матэрыялах справы прагучала ўсяго некалькі разоў.
4 турмы
Столькі месцаў зьняволеньня Ігар Лосік зьмяніў за час знаходжаньня за кратамі. Адразу пасьля арышту ён нейкі час знаходзіўся ў ІЧУ Баранавічаў, адкуль журналіста перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. У сьледчую турму Жодзіна Ігара перавезьлі неўзабаве пасьля выбараў 2020 году. Найбольш часу ён правёў у СІЗА-3 Гомля, дзе знаходзіцца ўжо амаль год.
15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму
Такі прысуд Ігару агучылі 14 сьнежня 2021 году. Гэта было адзінае паседжаньне суду, на якое змагла трапіць жонка Ігара Дар’я. Ігара прызналі вінаватым адразу паводле трох артыкулаў абвінавачаньня — распальваньне сацыяльнай варожасьці, арганізацыя масавых беспарадкаў і за іншыя «злачынствы». Сам журналіст віны не прызнаў, ён настойвае на сваёй невінаватасьці.
Менш за Ігара Лосіка на гэтым працэсе атрымаў толькі Мікола Статкевіч — 14 гадоў пазбаўленьня волі. Аднак свой тэрмін палітык будзе адбываць ва ўмовах асаблівага рэжыму, што фактычна азначае закрытую турму.
42 дні галадоўкі
15 сьнежня 2020 году ў жодзінскай сьледчай турме Ігар Лосік адмовіўся прымаць ежу. Гэта адбылося пасьля таго, як яму выставілі новыя абвінавачаньні ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадкаў. У той жа дзень галадоўку на знак салідарнасьці з мужам абвясьціла і Дар’я Лосік, яна ня ела амаль тыдзень.
Праз адмову ад ежы Ігара перавялі ў камэру з цэладзённым відэаназіраньнем. Празь нейкі час у палітвязьня пачаліся праблемы са здароўем. Ежу Ігар пачаў прымаць толькі на 42-і дзень. Гэта адна з самы працяглых галадовак пратэсту ў гісторыі Беларусі.
Другі раз галадоўку Ігар Лосік абвяшчаў увесну 2021 году, калі яму выставілі абвінавачаньні паводле трэцяга артыкулу. Яна працягнулася некалькі дзён.
661 дзень запар ня бачыў дачку Паўліну
На момант арышту Ігара ягонай дачцэ Паўліне было два гады і пяць месяцаў. Упершыню пасьля затрыманьня палітвязень пабачыў дачку толькі праз 661 дзень — 15 красавіка 2022 году, у пакоі для сустрэч гомельскага СІЗА-3.
«Я папрасіла спатканьня, і мне яго далі, — расказвала пра сустрэчу Дар’я Лосік. — Шчыра скажу вам, я больш перажывала сёньня, чым калі ехала на прысуд. Тады было ўсё вельмі ясна, я ведала, да чаго сябе рыхтаваць. І ведала, што нічога добрага з гэтага не атрымаецца. Але сёньня я была ў такім неўразуменьні зь дзьвюх прычын. Першая — гэта Паўліна: ёй 3,5 года, і я ня ведала, як яна адрэагуе на тое, што так доўга ня бачыла тату, што тата сядзіць за дзьвюма шыбамі шкла і кратамі. Ня можа пагуляць зь ёю. Па-другое, я перажывала за Ігара, для яго гэта вельмі эмацыйна цяжка. І ён ня ведаў да апошняга моманту, што мы прыйдзем разам з Паўлінай».
85 дзён абмежаваньня перапіскі
Пачынаючы з 24 лютага 2022 году, Ігар не атрымлівае лістоў ні ад кога, акрамя пяці чалавек, у лік якіх уваходзяць самыя блізкія родныя. Перапіску моцна абмежавалі пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, прычыны абмежаваньня не тлумачаць. Лістоў не атрымлівае ня толькі Ігар Лосік, але і іншыя палітвязьні. Па словах блізкіх, праблемы зь ліставаньнем узьнікалі і раней, перапіска моцна затрымлівалася праз каранавірус, а таксама з прычыны адсутнасьці цэнзараў на працоўным месцы. Аднак ніколі затрымкі з атрыманьнем лістоў не былі настолькі працяглымі.
Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка
На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.
11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
- 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
- Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.