Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісты расказалі пра жыцьцё ўнучкі Ўладзіміра Пуціна паміж Масквой і Мюнхэнам


Расьсьледаваньне паказала, што славуты расейскі танцор Ігар Зяленскі (справа) стаў бацькам унучкі Пуціна
Расьсьледаваньне паказала, што славуты расейскі танцор Ігар Зяленскі (справа) стаў бацькам унучкі Пуціна

Унучка прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і ягоная дачка Кацярына Ціханава жылі паміж Масквой і Мюнхэнам. Там жыў бацька дзяўчынкі, былы мастацкі кіраўнік Баварскага дзяржаўнага балету Ігар Зяленскі. Пра гэта ў сумесным расьсьледаваньні пішуць выданьні «Важные истории» і часопіс Der Spiegel.

Згодна з матэрыяламі расьсьледаваньня, пасьля разрыву са сваім мужам Кірылам Шамалавым Ціханава стала рэгулярна, часам некалькі разоў на месяц, лятаць да Зяленскага. У канцы 2019 году яна пераяжджала да яго ў Мюнхэн разам з дачкой, якая нарадзілася ад яго, — унучкай Пуціна, сьцьвярджаюць журналісты.

Выданьні не называюць імя дзяўчынкі, якая нарадзілася ў 2017 годзе, аднак сьцьвярджаюць, што азнаёміліся зь ейным пашпартам, зь якога вынікае, што яна дачка Зяленскага і Ціханавай. Журналістам удалося азнаёміцца са сьпісам пасажыраў аднаго з чартэрных рэйсаў зь Мюнхэну, на якім у Маскву прыбылі Ціханава, Зяленскі, іхная двухгадовая дачка, настаўніца па фартэпіяна і дзьве нянькі.

Пасьля пачатку вайны з Украінай Зяленскі перастаў працаваць у баварскім балеце. Кіроўны дырэктар Баварскай дзяржаўнай опэры Сэрж Дорн у размове з пранкерам, які прадставіўся міністрам культуры Ўкраіны, у траўні сказаў, што фактычна звольніў Зяленскага за адмову публічна выступіць супраць вайны. Рэдакцыям не ўдалося атрымаць камэнтары Ціханавай і ейнага партнэра.

Прэзыдэнт Расеі не камэнтуе сваё прыватнае жыцьцё, Крэмль адмаўляецца лічыць інфармацыю аб сям’і прэзыдэнта грамадзка важнай. Шматлікія расьсьледаваньні паказваюць, што дачкі Пуціна і іншыя чальцы яго сямʼі шчыльна зьвязаныя з буйным расейскім бізнэсам, дзяржаўнымі выдаткамі і мільярднымі багацьцямі.

52-гадовы Зяленскі — выпускнік Тбіліскага харэаграфічнага вучылішча і Ленінградзкага вучылішча ім. Ваганавай, ён быў салістам Марыінскага тэатра, прэмʼерам «Нью-Ёрк сіці балету», галоўным запрошаным салістам тэатру «Ля Скала» і Лёнданскага каралеўскага балету, танцаваў у іншых вядучых балетах сьвету. Да працы ў Мюнхэне ён быў мастацкім кіраўніком прэстыжнага Новасібірскага тэатра опэры і балету.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG