Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў агучыў свае прэтэнзіі да мэдычнага цэнтру «Нардзін»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў КДК сьцьвярджае, што мэдычны цэнтар «Нардзін» 10 гадоў праводзіў артапэдычныя апэрацыі безь ліцэнзіі ў аддзяленьні на менскай вуліцы Бехцерава. Таксама там абяцаюць выбарачныя праверкі іншых прыватных цэнтраў.

Камітэт дзяржаўнага кантролю сьцьвярджае, што кіраўніцтва мэдычнага цэнтру ведала пра адсутнасьць дазволу на правядзеньне артапэдычных апэрацый, «аднак з мэтай атрыманьня дадатковага прыбытку на афіцыйным сайце разьмяшчалася інфармацыя пра тое, што цэнтрам ажыцьцяўляюцца такія апэрацыі».

«Для наданьня законнасьці такім апэрацыям і ўтойваньня інфармацыі аб іх правядзеньні (...) артапэдычныя апэрацыі былі ўключаныя ў прэйскурант і праводзіліся па рахунках як звычайныя хірургічныя», — напісаў КДК.

Таксама там адзначылі, што ДФР у памяшканьнях «Нардзіну» знайшоў дакумэнты, лічбавыя носьбіты, чарнавыя запісы, якія нібыта пацьвярджаюць правядзеньне артапэдычных апэрацый. Таксама ўстаноўлена, што пэрсанал мэдцэнтру два месяцы таму быў папярэджаны кіраўніцтвам аб неабходнасьці адказваць адмоўна, калі будуць выпадкі звароту кліентаў у пытаньнях правядзеньня апэрацый у артапэдаў.

«У ходзе аглядаў устаноўлена, што апэрацыйнае аддзяленьне мэдычнага цэнтру па сваіх характарыстыках і парамэтрах не адпавядала патрабаваньням Міністэрства аховы здароўя для аказаньня ў ім артапэдычных апэрацый, у сувязі з чым ня быў атрыманы спэцыяльны дазвол (ліцэнзія)», — гаворыцца ў заяве Дзяржкантролю.

Таксама КДК сьцьвярджае, што ёсьць факты ўхіленьня ад выплаты падаткаў уладальнікамі цэнтру на суму больш за 500 тысяч рублёў, і яны нібы прызналі віну і гатовыя кампэнсаваць страты.

Дзяржкантроль абвінавачвае прыватныя мэдычныя цэнтры таксама і ў завышэньні цэнаў, бо «ў кошт паслугі неабгрунтавана некалькі разоў уключаюцца адны і тыя ж маніпуляцыі».

«Да прыкладу, мэдычным цэнтрам у Берасьці за кошт выключэньня дублюючых маніпуляцый у сярэднім на 15–20% зьніжаны кошт правядзеньня комплексных дасьледаваньняў МРТ і асобных відаў УГД. Прынятыя меры па зьніжэньні цаны паслуг менскім мэдцэнтрам: зьніжана цана (на 10–12%) на ўсе віды комплексных дасьледаваньняў МРТ і цана рэнтгеналягічных дасьледаваньняў (да 40%). Іншым мэдычным цэнтрам у Менску зьніжана цана паслугі пры выкананьні камбінаваных УГД (у сярэднім на 14%)».

Камітэт дзяржкантролю абяцае, што правядзе выбарачны маніторынг мэдычных цэнтраў і вывучыць, «наколькі вычарпальна яны прынялі меры па недапушчальнасьці неабгрунтаванага завышэньня цэнаў і выключэньня навязваньня паслуг».

Супрацоўнікі ДФР прыйшлі ў «Нардзін» на мінулым тыдні. Яны канфіскавалі дакумэнтацыю кампаніі, а яе заснавальніка і дырэктара, вядомага псыхатэрапэўта і нарколяга Дзьмітрыя Сайкова, і ягоную жонку затрымалі, аднак вечарам адпусьцілі.

Раней улады прыпынілі дзейнасьць мэдцэнтраў «ЛОДЭ» і «Клініка А1». У «ЛОДЭ» 16 траўня афіцыйна заявілі аб прыпыненьні аказаньня паслуг.

Мэдычны цэнтар «ЛОДЭ» абвясьціў аб часовым прыпыненьні паслуг з 16 траўня. Праца прыпыненая на падставе прадпісаньня Міністэрства аховы здароўя. Аб гэтым паведамляецца на сайце мэдычнага цэнтру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG