Папа Леў у чацьвер аддаў даніну павагі журналістам, якія працуюць на перадавой канфлікту.
«Калі сёньня мы ведаем, што адбываецца ў Газе, Украіне і на кожнай іншай зямлі, скрываўленай бомбамі, мы ў значнай ступені абавязаныя гэтым ім».
Зьвяртаючыся да сяброў MINDS International — глябальнай сеткі асноўных інфармацыйных агенцтваў, — папа назваў гэтыя «незвычайныя сьведчаньні відавочцаў» «кульмінацыяй штодзённых намаганьняў незьлічоных людзей, якія працуюць над тым, каб інфармацыя не маніпулявалася ў мэтах, якія супярэчаць праўдзе і чалавечай годнасьці».
У сьвеце, адзначаным гвалтоўнымі канфліктамі і дэзынфармацыяй, папа заклікаў адмыслоўцаў СМІ ўсьведамляць рызыкі, якія бяруць на сябе іх калегі, каб забясьпечыць інфармаванасьць сьвету, і шанаваць іх ахвяры, падтрымліваючы найвышэйшыя стандарты сумленнасьці і праўды.
На тле гэтага папа паўтарыў свой даўні заклік вызваліць журналістаў, якія былі несправядліва затрыманыя або перасьледаваныя.
«Выкананьне журналістскай працы ніколі ня можа лічыцца злачынствам», — сьцьвердзіў ён. «Гэта права, якое павінна быць абароненым».
Ён папярэдзіў аб спробах задушэньня або маніпуляцыі інфармацыяй у імя палітычных або ідэалягічных інтарэсаў і заклікаў журналістаў і мэдыяпрафэсіяналаў цьвёрда трымацца свайго пакліканьня, нават пад ціскам:
«Вашая служба патрабуе абазнанасьці, мужнасьці і пачуцьця этыкі».
Форум