Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 10 гадоў доля прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй зьнізілася, а колькасьць патрыётаў Беларусі вырасла — сацапытаньне


Менск у верасьні 2025-га
Менск у верасьні 2025-га

Верасьнёўскае сацыялягічнае апытаньне, праведзенае экспэртнай сеткай iSANS, паказала, што доля прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй зьнізілася, а колькасьць грамадзян, якія лічаць сябе патрыётамі Беларусі, вырасла ў параўнаньні з 2014 годам.

У 2014 годзе сумарна 74% апытаных падтрымлівалі шчыльную інтэграцыю. У 2025 годзе агульная падтрымка зьнізілася да 55%.

Адначасова доля тых, хто катэгарычна не падтрымлівае інтэграцыю, вырасла больш чым у тры разы — з 3% да 15%. Сумарная колькасьць тых, хто выступае супраць інтэграцыі, вырасла з 11% да 25%.

Зьмянілася ў беларусаў і разуменьне таго, што іх лучыць з расейцамі

Агульнасьць культуры, традыцый, каштоўнасьцяў і мовы адзначылі на 10% менш беларусаў (24-25%), чым 11 гадоў таму. Успрыманьне абʼяднаўчай ролі агульнай з расейцамі гісторыі зьнізілася з 55% да 37%.

Рост адзначаны толькі ў катэгорыі «інтарэсы» (эканамічныя, палітычныя) — з 24 да 29%.

6% лічаць, што беларусаў з расейцамі нічога не абʼядноўвае (было 2%). І 13% ня маюць адказу(было 3%).

Прычыны такіх пераменаў у стаўленьні да расейцаў сацыёлягі бачаць у росьце беларускай нацыянальнай самасьвядомасьці. Прычым, гэта знаходзіць своеасаблівую падтрымку ў рамках афіцыйнай беларускай палітыкі. У іншым ракурсе — з боку прадэмакратычных сілаў. А таксама на «нізавым» узроўні — у поглядах і ініцыятывах звычайных беларусаў.

Колькасьць беларусаў, якія лічаць сябе патрыётамі, вырасла з 69% у 2014-м да 84%

У 2025 годзе для большасьці беларусаў быць патрыётам азначае:

  • Любіць беларускую культуру і гісторыю — 57%.
  • Сумленна працаваць, плаціць падаткі і не парушаць законы — 51%.
  • Клапаціцца пра будучыню Беларусі — 50%.

Усяго такіх пунктаў адзінаццаць. І самы непапулярны зь іх — імкненьне размаўляць на беларускай мове.

Толькі 19% беларусаў лічаць беларускую мову паказьнікам патрыятызму

І ненашмат больш — 23% — мяркуе, што беларуская мова абʼядноўвае беларусаў найперш. Большасьць кажа, што беларускі народ яднаюць мэнталітэт, гісторыя і традыцыі.

Усяго 5% лічаць, што праз 10-15 гадоў у Беларусі будуць размаўляць на беларускай мове.

44% чакаюць — што на расейскай. І 50% — што на абедзьвюх мовах.

Што праўда, у 2014-м большасьць (53%) беларусаў лічыла, што сёньня ў Беларусі застанецца ўжо адна расейская мова.

Галоўнымі падзеямі ў гісторыі беларусы назвалі вызваленьне Беларусі ў 1944-м годзе і абвяшчэньне незалежнасьці ў 1991-м (па 33%)

Наступныя па значнасьці ў сьвядомасьці беларусаў — утварэньне Полацкага княства і ВКЛ (па 26%).

Далей — стварэньне БНР толькі на 1% саступае ў сьвядомасьці беларусаў значнасьці стварэньня БССР (22 і 23%).

Потым — першыя прэзыдэнцкія выбары, Статуты ВКЛ, распад СССР, стварэньне Рэчы Паспалітай, паўстаньне Каліноўскага, Кастрычніцкая рэвалюцыя і іншае.

Апытаньне паказала рост задаволенасьці наяўным станаў спраў у краіне

Крызіс 2020 году і ўварваньне Расеі ва Ўкраіну сталіся прычынай зьніжэньня сацыяльных чаканьняў беларусаў.

35% беларусаў лічаць эканамічную сытуацыю ў краіне добрай (у 2023-м так лічылі толькі 16%) і 24% — кепскай (было 32%).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG