Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нам адмовілі ў месцы на Ўсходніх могілках». Ірына Шушкевіч пра апошнія дні мужа і абставіны разьвітаньня


Праз два тыдні пасьля сьмерці Станіслава Шушкевіча Радыё Свабода папрасіла ягоную жонку Ірыну прыгадаць апошнія дні першага кіраўніка незалежнай Беларусі і абставіны, зьвязаныя зь яго пахаваньнем.

Апошнія два гады, з пачатку каранавірусу, Станіслаў Шушкевіч правёў у самаізаляцыі ў кватэры і пакідаў яе толькі дзеля мэдычных патрэбаў.

У адным з апошніх інтэрвію ён сказаў, што праходзіць штодня тры тысячы крокаў па кватэры, а раней хадзіў па дзесяць тысяч. Мы перапыталі Ірыну Шушкевіч, ці не было тут памылкі — магчыма, мелася на ўвазе вуліца, а не кватэра.

Ірына Шушкевіч.
Ірына Шушкевіч.

«Так, ён находжваў па кватэры, — пацьвердзіла спадарыня Ірына. — Ён вылічыў, колькі крокаў было ад аднаго балькона, у вялікім пакоі, да другога, у кабінэце. І вось ён выходжваў ад балькона да балькона. Ён любіў, каб быў вынік. Яму сказалі мэдыкі, што трэба тры кілямэтры праходзіць, для сэрца. І вось ён хадзіў. Потым праблемы зьявіліся з нагамі... На жаль, атрымлівалася так, што калі ён клаўся, галава менш балела і з нагамі было лепей, ён не адчуваў болю. А для сэрца, наадварот, трэба было хадзіць. І ён хадзіў. У гэтым пляне ў яго была жалезная воля. Я прасіла жыць, не пакідаць мяне адну. Для гэтага трэба было рухацца, і ён рухаўся. Ён малайчына быў».

Нягледзячы на стан здароўя, Шушкевіч сачыў за палітычнымі навінамі, шмат чытаў.

Станіслаў Шушкевіч у сваім кабінэце дома, 2018
Станіслаў Шушкевіч у сваім кабінэце дома, 2018

«Пасьля таго як яму зрабілі апэрацыю па выдаленьні катаракты, ён бачыў увогуле цудоўна, ну як малады. Таму ён стаў болей чытаць на кампутары, там можна было зрабіць шрыфт любой велічыні».

Па словах жонкі, апошнім часам Шушкевіч успамінаў вершы — Блока, Лермантава, Някрасава. «Быкава чытаў, але вось не магу прыгадаць, што канкрэтна, бо чытаў на кампутары, а не ў папяровым варыянце» (спадарыня Ірына ўдакладніла, што маецца на ўвазе Васіль Быкаў, хоць, па яе словах, Шушкевіч любіў і расейскага пісьменьніка Дзьмітрыя Быкава).

«Ён яшчэ спрабаваў сваю кніжку „Маё жыцьцё: крушэньне і ўваскрашэньне СССР“ крыху рэдагаваць. Спачатку казаў, што, можа, варта нешта памяняць, але потым — „Не, усё нармальна“, і кінуў гэтую справу».

Як кажа Ірына Шушкевіч, у апошнія дні муж спрабаваў пісаць: «Ён перажываў, што стаў горш пісаць, ён нават прасіў мяне дапамагчы, я падкладала дошчачку, але ў яго ўжо атрымлівалася толькі друкаванымі літарамі, яму гэта не падабалася».

«Я акрыяла духам, думала, усё будзе добра»

Нягледзячы на самаізаляцыю, Станіслаў Шушкевіч перахварэў на каранавірус, што і прычынілася да пагаршэньня здароўя.

«Гэта былі наступствы ковіду, — кажа Ірына Шушкевіч.— У яго было шмат хранічных хваробаў, яны ўсе абвастрыліся. Ён двойчы быў у рэанімацыі. Потым, пасьля другой рэанімацыі, мне здалося, што яму зрабілася лепей. Перад другой рэанімацыяй я яго паіла какавай дзіцячай, а яшчэ ёсьць такая для спартоўцаў бялковая „Экспанэнта“. Я разумела, што ён адыходзіць, тады яго забралі ў рэанімацыю. Пасьля рэанімацыі ён стаў есьці і цьвёрдую ежу. Я дамовілася з рэаніматолягам; ён прыходзіў, сказаў, што ў яго цягліцы нядрэнныя, яны памятаюць рухі, і яго можна паставіць на ногі».

Ірына Шушкевіч купіла адмысловы мэдычны ложак і паставіла яго ў вялікім пакоі.

«Ён гэты ложак чамусьці называў „тэхнічным“. Я казала, што гэта не тэхнічны, гэта мэдычны. А ён хацеў на звычайным. Але на звычайным немагчыма было б даглядаць. Раней ён ляжаў на звычайным, і было вельмі цяжка даглядаць. Таму набылі такі ложак, у цэнтры вялікага пакоя паставілі. Яму здалося, што ён яшчэ ня дома і што яму трэба дадому. Але потым ён убачыў, што дома. Думаю, проста яму было дрэнна, а дома ж заўсёды лепей. Яму хацелася, каб было лепей. Я яму кажу: «Паглядзі, ты ж дома!» — «А, ну так, дома!».

З госьпісу паабяцалі прыходзіць тры разы на тыдзень, каб рабіць неабходныя для ляжачых хворых працэдуры, аднак Ірына Шушкевіч, па яе словах, і сама магла іх рабіць, бо раней даглядала ляжачую маці.

«Я акрыяла духам і думала, што ўсё будзе добра, — кажа спадарыня Ірына. — Але трэцяга траўня ён пасьнедаў і адмовіўся ад ежы. Потым у яго балеў жывот, я выклікала хуткую, яны прыехалі і зрабілі ўкол ношпы. Мне штосьці не спадабалася, я пазваніла, мне патлумачылі, як уздымаць ціск. Я спрабавала, але бачыла, што ціск усё больш падае, ён задыхаецца. Я зноў выклікала хуткую. Гэтая хуткая прыехала ўжо з кіслародам, зь нейкімі яшчэ чамаданамі. Яны сказалі, што наўрад ці будзе добры вынік».

На пытаньне, ці быў Станіслаў Шушкевіч у апошнія гадзіны жыцьця пры сьвядомасьці, спадарыня Ірына адказала, што пакуль яна была ў пакоі, так. «Але потым мяне папрасілі выйсьці для гэтых рэанімацыйных мерапрыемстваў».

Працэдуры доўжыліся каля гадзіны, у 23:35 лекары канстатавалі сьмерць (у даведцы аб сьмерці на адной і той жа старонцы былі зафіксаваныя як час сьмерці і 23.25, і 23.35).

Чаму доўга не абвяшчалі пра месца пахаваньня

Ірына Шушкевіч кажа, што тэма апошняга разьвітаньня і пахаваньня ў сям’і абмяркоўвалася.

«Мы зь ім размаўлялі пра гэта. Прасіў, калі будуць хаваць на Ўсходніх, там ёсьць алея навукоўцаў (ён быў членам-карэспандэнтам Акадэміі навук)».

Можна меркаваць, што Шушкевіч разьлічваў на вечны спачын там, дзе і павінен быў ляжаць паводле ягоных заслуг перад Беларусьсю.

Месца на Ўсходніх могілках, дзе хаваюць акадэмікаў, — гэта так званая «ганаровая алея», а рэальна — той участак па левы бок ад цэнтральнага ўваходу, дзе спачываюць ня толькі выбітныя навукоўцы, але і дзеячы літаратуры, мастацтва — Уладзімер Караткевіч, Васіль Быкаў, Стэфанія Станюта, Уладзімер Мулявін. Раней тут хавалі таксама высокапастаўленых камуністычных кіраўнікоў, цяпер — набліжаных да Лукашэнкі чыноўнікаў ці нават іхных жонак. Тут пахаваныя Мікалай Дземянцей і Вячаслаў Кебіч.

Адміністрацыя Ўсходніх могілак адказала, што выканае любое рашэньне, якое прыме вышэйшае начальства. Фармальна дазвол на пахаваньне на Ўсходніх могілках дае кіраўнік Менгарвыканкаму, але сям'і Шушкевіча было зразумела, што ў гэтым выпадку вырашаць будзе Лукашэнка.

«Зьвязваліся і з Адміністрацыяй прэзыдэнта, і зь Менгарвыканкамам, — расказвае Ірына Шушкевіч. — Усе чакалі рашэньня (гэтым і тлумачылася, што некалькі дзён месца пахаваньня не абвяшчалася. — РС). Але месца на Ўсходніх могілках нам не далі. Так атрымалася, што ў канцы мінулага году памерла мая родная сястра, на Паўночных могілках Менску было месца побач, там яго і пахавалі. Але аказалася, што гэта ня вельмі далёка ад ягонай сястры, блізка да ягонай маці, непадалёк ад маіх бацькоў».

«Любіў ён больш за ўсіх беларусаў»

Ірына Шушкевіч кажа, што адразу пасьля сьмерці Станіслава Шушкевіча лекары зь лечкамісіі самі выклікалі міліцыю, былі зробленыя патрэбныя фармальныя працэдуры. Раніцай Ірына Шушкевіч паехала ў лечкамісію па даведку аб сьмерці. Крыху пазьней ёй патэлефанавалі зь лечкамісіі і сказалі, што могуць даць памінальную залю. Але бяз транспарту: «Вы павінны самі прывезьці цела і адвезьці».

«Паколькі мы абмяркоўвалі гэта, ён казаў, што ў Акадэміі ня варта выстаўляць, бо АН пазбавіла яго членкораўскіх выплатаў, — кажа спадарыня Ірына. — Усе атрымлівалі, а ён — не. Ад дзяржавы чакаць нічога не даводзілася, мы зь ім вырашылі, што будзе памінальная заля на Альшэўскага, іх там дзьве, адна меншая, другая большая. Мы вырашылі, што большая. І я сказала таму, хто пазваніў зь лечкамісіі, што мы будзем на Альшэўскага. «А, ну калі ласка».

Аднак потым Ірына Шушкевіч успомніла, што жонку Аляксандра Казуліна адпявалі ў Чырвоным касьцёле: «І мы туды заехалі. Нам адказалі — так, вядома. Але потым паведамілі, што паколькі ў свой час ён перадаў Катэдральны сабор вернікам (і, між іншым, калі нам здаралася праходзіць каля сабора, вернікі часта дзякавалі яму), вырашылі, што будуць у саборы адпяваць. Мы ня толькі ня думалі, нават уявіць сабе такога не маглі».

Ірына Шушкевіч бачыць сымбалізм у тым, што адпяваньне адбылося ў саборы на плошчы Свабоды. Яна выказвае падзяку і каталіцкім сьвятарам, і ўсім, хто прыйшоў разьвітацца са Станіславам Шушкевічам, усхвалявана прыгадвае выступ Тадэвуша Кандрусевіча.

«Я ня думаю, што якое-небудзь дзяржаўнае пахаваньне прайшло б лепей, чым тое, якое адбылося ў Катэдральным саборы. Я вельмі ўдзячная каталіцкай царкве, усім людзям, якіх я ведаю і якіх ня ведаю, якія з такой павагай паставіліся да памяці майго мужа. Ён паважаў усе нацыі — рускіх, украінцаў, малдаванаў, усіх, але любіў ён больш за ўсіх беларусаў. Гэта не нацыяналізм, а гэта быў патрыятызм».

Па словах Ірыны Шушкевіч, яна застаецца ў Беларусі.

«Я нікуды не хачу адсюль зьяжджаць. І ён нікуды не хацеў адсюль. Ён лічыў, што павінен быць у сябе на Радзіме, што б ні здарылася з Радзімай. Хачу сказаць, што ён сапраўды зрабіў усё: ён пабудаваў дом, ён пасадзіў дрэва, у яго дачка і сын. І што самае галоўнае: ён быў вельмі надзейны. Мы зь ім цалкам давяралі адно аднаму. Таму мне вельмі цяжка цяпер. Вельмі ён сьпяшаўся паўсюль, усё пасьпяваў зрабіць. На жаль, ён і сышоў занадта хутка. Лепш бы павольней».

«Мы са Станіславам Станіслававічам пражылі бяз трох месяцаў 47 гадоў — працягвае Ірына Шушкевіч. — І ў горы, і ў радасьці былі падтрымкай адзін аднаму. І ніколі не было выпадку, каб сумняваліся адзін у адным. Дзякуй яму за гэта. Ён казаў, што яму ў жыцьці вельмі пашанцавала, што ён вельмі мяне кахае. І я яго вельмі кахаю, і мне ў жыцьці вельмі пашанцавала», — кажа Ірына Шушкевіч.

На пытаньне, ці выказаў ёй хто-небудзь з прадстаўнікоў дзяржаўных органаў ці з Акадэміі навук спачуваньне з прычыны сьмерці мужа, Ірына Шушкевіч адказала адным словам: «Не».

21 траўня а 19-й гадзіне ў касьцёле Сьв. Сымона і Алены («Чырвоным касьцёле») адбудзецца памінальная імша па Станіславу Шушкевічу.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG