Сусьветныя лідэры абавязаліся выдзеліць больш за 3 мільярды даляраў на глябальную барацьбу з пандэміяй каранавірусу, пры тым што Кангрэс ЗША так і ня даў надзвычайнага фінансаваньня на мільярды даляраў, запрошанага прэзыдэнтам Джо Байдэнам.
На гэтым фоне ЗША паставілі новы змрочны рэкорд ва ўласнай барацьбе з COVID-19.
«Сёньня мы дасягнулі трагічнай вяхі ў ЗША: адзін мільён сьмерцяў ад COVID-19», — заявіў Байдэн у запісаным загадзя звароце да ўдзельнікаў другога віртуальнага саміту па COVID-19, арганізаванага ЗША сумесна з Бэлізам, Нямеччынай, Інданэзіяй і Сэнэгалам.
Паводле дадзеных Цэнтраў кантролю і прафіляктыкі захворваньняў, у ЗША зарэгістравана каля 82 мільёнаў выпадкаў COVID-19, але, як паведаміў Унівэрсытэт Джонза Гопкінза, паводле стану на чацьвер ад гэтага захворваньня памерлі каля 999 тысяч чалавек.
Колькасьць новых выпадкаў і шпіталізацый апошнія тыдні расла, але колькасьць сьмяротных зыходаў заставалася адносна нізкай, прыкладна 300 выпадкаў у дзень, што значна менш, чым больш за 3 тысячы ў дзень у лютым.
«Ва ўсім сьвеце памерлі многія мільёны людзей, — сказаў Байдэн. — Мільёны дзяцей засталіся сіротамі, і тысячы па-ранейшаму паміраюць кожны дзень. Час дзейнічаць. Усім разам. Мы ўсе павінны рабіць больш, павінны ўшанаваць памяць тых, каго мы страцілі, робячы ўсё магчымае, каб прадухіліць як мага больш сьмерцяў».
Удзельнікі саміту, сярод якіх былі прадстаўнікі такіх краін, як Італія, Японія, Новая Зэляндыя, Руанда і Паўднёвая Карэя, а таксама такія вядучыя філянтропы, як заснавальнік Microsoft Біл Гейтс, абавязаліся выдзеліць мільярды даляраў або зрабіць ахвяраваньні ў натуральнай форме ў выглядзе вакцын, аказваць тэхналягічную дапамогу і многае іншае.
ЗША падышлі да саміту, не атрымаўшы абяцаньняў Кангрэсу выдзеліць 5 мільярдаў даляраў для фінансаваньня глябальнай барацьбы з COVID-19, якія запрошваў Байдэн, і гэты факт адзначыў лідэр Нямеччыны ў сваім уступным слове.
«Што ж нам трэба? — спытаў Олаф Шольц. — Калі сьцісла, то грошы».
Шольц паабяцаў выдзеліць на глябальныя намаганьні па барацьбе з COVID-19 885 мільёнаў даляраў.
Іншыя багатыя краіны таксама абвясьцілі пра свае новыя абавязаньні.
Італія абяцала выдзеліць 208 мільёнаў даляраў на Ініцыятыву па паскарэньні доступу да сродкаў барацьбы з COVID-19. Паўднёвая Карэя паабяцала выдзеліць на гэтыя ж мэты 300 мільёнаў даляраў.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ