Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнатар ад Кентукі заблякаваў паскоранае выдзяленьне $40 млрд дапамогі Ўкраіне


Сэнатар Рэнд Пол
Сэнатар Рэнд Пол

Сэнат Кангрэсу ЗША не дамовіўся аб прыняцьці ў паскораным рэжыме законапраекту аб выдзяленьні 40 мільярдаў даляраў дапамогі Ўкраіне з амэрыканскага бюджэту. Паскораная працэдура была заблякаваная рэспубліканцам Рэндам Полам.

Ён запатрабаваў дадаць у законапраект пункт аб аўдыце выдаткаў фэдэральным інспэктарам і заклікаў сэнатараў спыніць «фіскальнае вар’яцтва» з павелічэньнем расходаў дэфіцытнага бюджэту.

«Гэта безадказна — выкідваць рыдлёўкай 40 мільярдаў і ня ведаць, куды яны пойдуць, — заявіў ён. — Я даваў клятву Канстытуцыі ЗША, а не якой-небудзь замежнай дзяржаве».

Законапраект аб выдзяленьні амаль 40 мільярдаў даляраў быў прыняты ніжняй палатай Кангрэсу 10 траўня. За прагаласавалі 367 кангрэсмэнаў, супраць — 57.

Прэзыдэнт ЗША Джо Бадэн прасіў у Кангрэсу 33 мільярды даляраў для Ўкраіны, але кангрэсмэны нават павялічылі прапанаваную суму. Для выдзяленьня грошай закон павінен быць ухвалены ў Сэнаце і падпісаны прэзыдэнтам.

Сэнатары, большасьць зь якіх ухваляюць дакумэнт, плянавалі ўзгадніць яго ўжо на гэтым тыдні — раней выдзеленыя сродкі павінны вычарпацца да 19 траўня. Аднак Пол запатрабаваў дадаць у тэкст прызначэньне спэцыяльнага інспэктара, які будзе сачыць, як будуць расходавацца 40 мільярдаў.

Пол прадстаўляе штат Кентукі, таксама як і лідэр рэспубліканскай меншасьці ў сэнаце Мітч Макконэл. Макконэл абвінаваціў калегу ў тым, што той «ня хоча дапамагчы Ўкраіне», але Пол адпрэчыў абвінавачаньні. Макконэл і лідэр большасьці ў Сэнаце, прадстаўнік Дэмакратычны партыі Чак Шумэр прапанавалі прагаласаваць за прыняцьце прапановы Пола ў выглядзе папраўкі да закону. Ён адмовіўся гэта зрабіць. Цяпер галасаваньне па дакумэнце адкладзена на некалькі дзён і адбудзецца на наступным тыдні.

Рэнд Пол ня зможа ў адзіночку заблякаваць яго прыняцьце, але калі ў тэкст атрымаецца ўнесьці нейкія зьмены, дакумэнт трэба будзе вярнуць у Кангрэс для новай ухвалы ніжняй палатай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG