Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн паабяцаў дапамагчы кампэнсаваць дэфіцыт харчоў, які ўзьнік праз уварваньне Расеі ва Ўкраіну


Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў амэрыканскіх фэрмэраў «хрыбтом свабоды», паабяцаўшы аказаць ім падтрымку на сотні мільёнаў даляраў і заклікаўшы іх кампэнсаваць глябальны дэфіцыт збожжа, выкліканы ваенным уварваньнем Расеі ва Ўкраіну.

«Вы ў літаральным сэнсе зьяўляецеся хрыбтом нашай краіны, гэта не перабольшаньне», — заявіў ён, выступаючы на сямейнай фэрме ў Канкакі, штат Ілінойс, паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Але вы таксама корміце сьвет, — працягнуў ён. — І мы бачым, улічваючы вайну Пуціна ва Ўкраіне, што вы падобныя да хрыбта свабоды».

Уварваньне Расеі ва Ўкраіну, якое працягваецца больш за два месяцы, паставіла пад пагрозу сусьветныя пастаўкі пшаніцы, кукурузы, ячменю, алейных культур і алею, а таксама парушыла пастаўкі угнаеньняў.

Паводле зьвестак Белага дома, на фоне ўварваньня сусьветныя цэны на прадукты харчаваньня вырасьлі амаль на 13 працэнтаў. Байдэн заявіў фэрмэрам, што віна за крызіс ляжыць на Пуціну, чый флёт блякуе ўкраінскі экспарт з партоў Чорнага мора.

«Але мы сёе-тое робім у сувязі з гэтым, — сказаў Байдэн. — Нашы фэрмэры дапамагаюць на абодвух франтах, зьніжаючы цэны на прадукты харчаваньня ўнутры краіны і пашыраючы вытворчасьць, каб накарміць тых, хто мае патрэбу ў сьвеце».

На гэтым тыдні кіраўнік Эўрапейскага інвэстыцыйнага банка забіў трывогу, заявіўшы, што ва Ўкраіне сабралася велізарная колькасьць пшаніцы, якую яна ня можа экспартаваць.

«Украіна — багатая краіна, — заявіў прэзыдэнт банка Вэрнэр Хоер. — Украіна — пшанічны кошык Эўропы, і ў яе проста цяпер ёсьць пшаніца на 8 мільярдаў даляраў, якая засталася зь леташняга ўраджаю. Яны ня могуць экспартаваць яе, таму што ў іх няма выхаду да мора».

Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі папярэдзіў аб глябальных наступствах крызісу.

«Яны выклікаюць дэфіцыт, — сказаў кіраўнік замежнапалітычнага ведамства ЭЗ Жузэп Бурэль, маючы на ўвазе расейскіх вайскоўцаў, якія ўварваліся ва Ўкраіну 24 лютага. — Яны бамбяць украінскія гарады і правакуюць голад у сьвеце».

Наступствы ўжо адчуваюцца ва ўсім сьвеце.У красавіку фэрмэры ў Шры-Ланцы страйкавалі праз павышэньне цэнаў на прадукты харчаваньня і паліва. Гэты рух, у канчатковым выніку, прывёў да адстаўкі кабінэта і прэм’ер-міністра гэтай астраўной краіны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG