Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 10 траўня: Гамельчука, які нібыта пракалоў шыны 39 тралейбусаў, будуць судзіць за тэрарызм


Затрыманьне, Менск, кастрычнік 2020. Ілюстрацыйнае фота
Затрыманьне, Менск, кастрычнік 2020. Ілюстрацыйнае фота

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю.

Напярэдадні 9 траўня ў Беларусі масава затрымлівалі за татуіроўкі з нацысцкай сымболікай

Вядома пра як мінімум 12 затрыманых за такія татуіроўкі, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». З кожным зь іх ГУБАЗіК запісаў «пакаяльныя» відэа, на якіх напаўголых мужчын прымусілі паказваць татуіроўкі. Затрыманыя — рознага веку, з розных гарадоў. Іх прозьвішчы на відэа не прагучалі.

Паводле інфармацыі зь відэа вынікае, што затрыманьні прайшлі ў Менскай, Берасьцейскай, Горадзенскай, Гомельскай абласьцях. Некаторых з затрыманых ГУБАЗіК прымусіў паабяцаць на камэру зьвесьці татуіроўкі.

На адным зь відэа, на якім мужчына зь Менску кажа, што зрабіў татуіроўкі яшчэ «па маладосьці, так яны і засталіся», ГУБАЗіК паведамляе, што за распаўсюд нацысцкай сымболікі яму давядзецца адбыць адміністрацыйны арышт.

1,5 года «хатняй хіміі» — за камэнтар у сацсетках

4 траўня ў судзе Жодзіна і Жодзінскага раёну Дзьмітрыя Коктыша прызналі вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу (Абраза прадстаўніка ўлады). Судзьдзя Іван Грынкевіч вынес яму вырак: 1,5 года «хатняй хіміі», паведамляе «Вясна». Менавіта такое пакараньне для абвінавачанага запрасіў дзяржаўны абвінаваўца — старшы памочнік пракурора гораду Жодзіна Дзьмітры Ярашэвіч.

Паводле вэрсіі абвінавачваньня, 17 ліпеня 2020 году Дзьмітры Коктыш разьмясьціў у сацыяльнай сетцы «Одноклассники» камэнтар, які зьняважыў двух участковых міліцыянтаў Пружанскага РАУС — маёра міліцыі Каляду і старшага лейтэнанта Таразевіча. «Публічны камэнтар абразьлівага характару» ён разьмясьціў пад чужым пастом, у якім гаварылася, што яны зьбілі грамадзян. Пацярпелыя ў суд не зьявіліся, падалі заявы аб разглядзе справы бязь іх удзелу. Суд палічыў гэта магчымым.

Коктыш быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 16 сакавіка 2022 году. Два дні правёў у СІЗА, потым быў пад падпіскай аб нявыезьдзе. Пацярпелыя заявілі падчас разгляду справы патрабаваньні аб кампэнсацыі маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў на кожнага — Коктыш гэта кампэнсаваў.

Алена Гнаўк ужо дзесяць дзён трымае галадоўку за кратамі

65-гадовая пэнсіянэрка з Пружанаў Алена Гнаўк ужо дзесяць дзён трымае галадоўку за кратамі, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Яна патрабуе, каб лісты, якія яна напісала, даходзілі адрасатам. У Алены Гнаўк узьнікаюць праблемы са здароўем.

На Алену Гнаўк завялі ўжо 4 крымінальныя справы. У траўні 2021 году асудзілі на два гады «хатняй хіміі» ў межах берасьцейскай «карагоднай справы». У верасьні яна атрымала новы тэрмін — яшчэ два гады «хіміі». Паводле абвінавачаньня, Гнаўк падчас разгляду сваёй ранейшай крымінальнай справы за ўдзел у «карагодзе пратэсту» вымавіла фразу, дзе была абраза на адрас Лукашэнкі. Сумарнае пакараньне — 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

У студзені чарговы раз затрымалі — за акцыю зь бел-чырвона-белымі мяхамі на «хатняй хіміі» і прысудзілі 15 дзён арышту. Ёй забаранілі перадаваць перадачы, чытаць і пісаць, і яна абвясьціла галадоўку ў Пружанскім ІЧУ. З ізалятара яе ня выпусьцілі: стала вядома, што Алене Гнаўк выставілі абвінавачаньне па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу Беларусі: ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі). Цяпер жанчыне пагражае да шасьці гадоў пазбаўленьня волі.

У Баранавічах затрымалі таксіста, які запісваў Tik Tok пра забастоўку кіроўцаў

У Баранавічах затрымалі таксіста, які запісваў TikTok пра забастоўку кіроўцаў, паведамляе «Медиазона»​ са спасылкай на праўладны тэлеграм-канал. «Ну што, хлопцы. Забастовачка таксістаў у Баранавічах чакаецца 10 чысла ў аўторак. 7 раніцы, на „Кароне“», — кажа на відэа блогер «taxi_baranovichi».

«Гемар сабе барадач нажыў у выглядзе пратаколу за спробу арганізаваць так званую забастоўку, а дакладней — незаконнае масавае мерапрыемства», — напісана ў праўладным канале. Блогера зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

Гамельчука абвінавачваюць у тэрарызьме за тое, што ён пракалоў шыны 39 тралейбусаў

Гомельская пракуратура накіравала ў абласны суд крымінальную справу 33-гадовага гамельчука. Мужчыну абвінавачваюць у стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і кіраўніцтве ім, у замаху на наўмыснае зьнішчэньне і пашкоджаньне чужой маёмасьці, якое ўчынена агульнанебясьпечным спосабам і пацягнула за сабою прычыненьне шкоды ў асабліва буйным памеры, а таксама ў актах тэрарызму.

Па вэрсіі абвінавачаньня, мужчына ў верасьні 2019 году прабраўся на гомельскую будоўлю, каб падпаліць аўтакран.

«Ён жа з выкарыстаньнем кампутарнай тэхнікі і мабільных прылад стварыў у мэсэнджары Telegram публічныя інфармацыйныя рэсурсы. Пасьля ён як адміністратар канала аб’яднаў групу грамадзян і кіраваў дзейнасьцю гэтай суполкі, схіляў да экстрэмісцкай дзейнасьці, спрыяў навучаньню і падрыхтоўцы да такой дзейнасьці», — гаворыцца ў паведамленьні пракуратуры.

Пазьней гэтыя каналы і чаты былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі, а іх падпісчыкі — экстрэмісцкім фармаваньнем.

Гамельчука таксама абвінавачваюць у тым, што летась у лістападзе ён пракалоў шыны 39 тралейбусаў у транспартным дэпо. Паводле сьледзтва, ён таксама абліў аўтамабіль міліцыянта гаручай вадкасьцю і падпаліў — загарэлася яшчэ і суседняя машына.

Расьсьледаваньнем справы займалася ўпраўленьне КДБ па Гомельскай вобласьці, абвінавачаны застаецца пад вартай.

У Менску судзяць Ільлю Вайцяховіча, якога затрымалі на мяжы, калі ён ехаў на пахаваньне бацькі

36-гадовага сына вядомага бізнэсоўца Эдуарда Вайцяховіча затрымалі 15 студзеня 2022 году, калі ён ехаў на пахаваньне бацькі з Рыгі. З моманту затрыманьня ў праваабаронцаў не было ніякіх зьвестак пра меру стрыманьня для яго, таму невядома, ці трымаюць Ільлю пад вартай.

Амаль праз чатыры месяцы пасьля затрыманьня ў судзе Ленінскага раёну Менску пачынаецца суд над Ільлём Вайцяховічам. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Справу разглядае судзьдзя Юлія Шут.

Вынесены чарговы прысуд за камэнтар у бок міліцыянта, які ў траўні 2020 году падчас тузаніны на пікеце Ціханоўскай у Горадні паваліўся на зямлю

У судзе Баранавіч і Баранавіцкага раёну вынесены прысуд выхавацельцы дзіцячага садку Сьвятлане Анціпкінай. Судзьдзя Юліяна Шчэрба прызнала жанчыну вінаватай паводле арт. 369 КК і абвясьціла прысуд: 1,5 года «хатняй хіміі».

Паводле дзяржабвінавачваньня, жанчына ў «Аднаклясьніках» пакінула «зьняважлівы камэнтар, які ўтрымліваў ненарматыўную форму рэчавага выказваньня», пад допісам з фатаздымкам старшага лейтэнанта міліцыі Ленінскага РАУС гораду Горадні Ўладзімера Казлоўскага, якога прызналі пацярпелым па справе.

Свае маральныя пакуты ад камэнтара міліцыянт ацаніў у 1500 рублёў, паведамляе «Вясна».

Гэта ня першы суд пасьля падзей 29 траўня 2020 году з удзелам Казлоўскага. Ён быў прызнаны пацярпелым на судовых працэсах, сярод іншага, па справах Дзьмітрыя Фурманава, Яўгена Разьнічэнкі, Уладзімера Кнігі, Руслана Літвіна, Андрэя Васілеўскага, Аляксандра Анташкевіча. Агулам яны выплацілі міліцыянту 5500 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.

Раней Казлоўскі на адным з судоў, дзе, як звычайна, выступаў у статусе пацярпелага, расказаў, што ў дзень арышту Ціханоўскага яму прыйшло «больш за тысячу абразаў, пагрозаў ужываньня гвалту» як у дачыненьні да яго, гэтак і ў дачыненьні да ягоных родных і блізкіх, а камэнтар абвінавачанага «дыскрэдытаваў яго ў вачах грамадзкай думкі, нанёс удар па аўтарытэце, прынізіў прафэсійныя якасьці».

У Полацку судзяць мужчыну, які «цэлы год абражаў Лукашэнку ў сацсетках — у справе больш за дваццаць эпізодаў

У судзе Полацку і Полацкага раёну судзяць мясцовага жыхара Андрэя Патрэбку, які, па вэрсіі сьледзтва, абразіў прэзыдэнта Беларусі (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу). Прычым рабіў гэта ў «абразьлівай і цынічнай манеры больш як два дзясяткі разоў».

Судовы працэс над Патрэбкам пачаўся 5 траўня, паведамляе «Вясна».

На пытаньне пракуроркі падсуднаму, у сувязі з чым ён публікаваў камэнтары і чым гэта было абумоўлена, Андрэй Патрэбка паведаміў, што яму не падабаецца стыль зносін Лукашэнкі, «неяк заблытана ён усё гаворыць, ну, а яшчэ больш празь безадказнасьць мясцовых уладаў».

Сваю віну Патрэбка ў судзе прызнаў цалкам.

Андрэя Патрэбку затрымалі 24 сьнежня 2021 году. Да затрыманьня ён працаваў у Наваполацку брыгадзірам-цесьляром у фірме «РэгіёнБудПолацак» па дамове падраду. Халасты, дзяцей няма. Жыве ў пасёлку Фарынава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG