Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторык Фяльшцінскі: Падзеньне расейскай імпэрыі можа пачацца зь Беларусі


Юры Фяльшцінскі, вокладка кнігі «Беларусь Натальлі Радзінай», каляж
Юры Фяльшцінскі, вокладка кнігі «Беларусь Натальлі Радзінай», каляж

Сьцісла

  • Расея выкарыстоўвае Беларусь як пляцдарм, які пагражае бясьпецы Эўропы.
  • Параза Расеі можа быць забясьпечаная зьменай рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі.
  • У адрозьненьне ад дыктатуры Лукашэнкі ў Беларусі, у Расеі ва ўладзе стаіць ФСБ як ведамства.
  • На наступным разломе Расейскай імпэрыі Беларусь апынецца незалежнай дэмакратычнай дзяржавай, якая ўвойдзе ў ЭЗ і NATO.
  • Калі цаной чарговага разлому Расейскай Фэдэрацыі будзе сусьветная вайна, дык яна таксама пачнецца зь Беларусі, бо гэта адзіная брама, празь якую расейскія войскі могуць ісьці ў Эўропу.

Расейска-амэрыканскі гісторык Юры Фяльшцінскі сярод іншага, вядомы сваёй кнігай «ФСБ узрывае Расею» аб прыходзе да ўлады Ўладзіміра Пуціна. Ягоным суаўтарам тады быў колішні падпалкоўнік КДБ СССР і ФСБ Расеі Аляксандар Літвіненка, якога ФСБ пазьней атруціла ў Брытаніі.

Новая кніга Фяльшцінскага — гэта біяграфія рэдактаркі сайту «Хартыя’97» Натальлі Радзінай на фоне падзей найноўшай гісторыі Беларусі. Пасьля прэзэнтацыі кнігі Юры Фяльшцінскі расказаў Радыё Свабода, як ён зацікавіўся Беларусьсю і адкуль можа прыйсьці канец Расейскай імпэрыі.

Слухаць гутарку цалкам:

Фрагмэнты гутаркі:

— Я ведаў Натальлю Радзіну як журналіста, час ад часу яна брала ў мяне для сайту інтэрвію, час ад часу мы перасякаліся недзе ў Варшаве на нейкіх канфэрэнцыях.

Ідэя кнігі ў мяне ўзьнікла адносна спантанна, на форуме «Свабоднай Расеі» пару гадоў таму. Натальля там прачытала вельмі кароткую лекцыю пра Беларусь — для тых людзей, якія не разумеюць увогуле, што такое Беларусь. За 10 хвілін — са старажытных часоў да нашых дзён.

І на мяне гэты выступ зрабіў моцнае ўражаньне, бо я раптам усьвядоміў, што нічога не разумеў пра Беларусь, увогуле нічога не разумеў. Галоўнае, чаго я не разумеў, што гэта эўрапейская краіна, якая арыентуецца на Захад, і што яна была такой заўсёды, што гэта зусім ня нейкі малодшы партнэр або малодшы брат, які арыентуецца на Расею...

Любы чалавек, які паглядзеў на мапу Эўропы, разумее, што Беларусь — гэта брама ў Эўропу, калі глядзець з боку Расеі. І, адпаведна, буфэр, які абараняе Эўропу ад расейскай агрэсіі, калі глядзець з боку Эўропы. І ў гэтым сэнсе робіцца зразумела, што Беларусь вызначае эўрапейскую бясьпеку. Вызначае яе ў альбо інтарэсах Эўропы, (гэта значыць зьяўляецца буфэрам), альбо ў інтарэсах Расеі, зьяўляючыся пляцдармам.

На жаль, апошнія дзесяцігодзьдзі мы бачым, што Беларусь паступова скочвалася з буфэрных пазыцый на пазыцыю пляцдарму, што ў 2022 годзе прывяло да таго, што Расея з тэрыторыі Беларусі пачала поўнамаштабную вайну ва Ўкраіне. І па сёньняшні дзень выкарыстоўвае Беларусь як пляцдарм, які пагражае бясьпецы Эўропы.

І сёньня ўжо гэта прыводзіць да відавочных агрэсіўных наступстваў, кшталту дронаў, якія ляцяць празь Беларусь у Польшчу. Да гэтага Расея выкарыстоўвала Беларусь як патэнцыйны пляцдарм для ядзернай канфрантацыі, — адпаведна, падпісала нейкія дамовы зь Беларусьсю, якія тычыліся перакідваньня ядзернай зброі ў Беларусь. Мы ўсе памятаем, як Лукашэнка гучна і адкрыта пагражаў Польшчы і Літве выкарыстаньнем ядзернай зброі, хаця, паводле сёньняшніх зьвестак, расейскай ядзернай зброі нібыта ў Беларусі няма.

Агульная думка людзей, зь якімі я размаўляў, зводзіцца да таго, што падрыхтоўчыя мерапрыемствы праведзены, але перакідваньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусь не пачалася. З гэтай прычыны мяне Беларусь вельмі зацікавіла.

«Параза Расеі можа быць забясьпечаная зьменай рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі»

— Я ўвогуле лічу, што ў той дастаткова пазыцыйнай вайне, якая вядзецца цяпер Расеяй і Ўкраінай, калі відавочна, што Расея не можа захапіць Украіну, а Украіна, на жаль, ня ў стане выбіць расейскія войскі з акупаваных тэрыторый, параза Расеі можа быць забясьпечаная зьменай рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі.

Мы разумеем, што расейскае ўварваньне ва Ўкраіну плянавалася як першы крок такой «каскаднай» агрэсіі ў дачыненьні да Эўропы. І я думаю, што ў Эўропе гэта ўсім зразумела.

Калі Расея захоплівае Ўкраіну ці прарывае ўкраінскі фронт і разбурае гэтую ўкраінскую «дамбу», то сотні тысяч расейскага войска накіроўваецца ў Эўропу. Гэта зразумела абсалютна ўсім. Ні ў кога з эўрапейскіх палітыкаў няма ілюзій аб тым, што захапіўшы Ўкраіну, Расея дэмабілізуе войска і ўсе гэтыя 400 ці 600 тысяч расейскіх салдат адправяцца назад у свае дамы, у гарады і вёскі і будуць мірна суіснаваць з сваімі семʼямі. Тое, што гэтыя ж салдаты адправяцца далей на Ўсходнюю Эўропу, думаю, дастаткова відавочна.

Аднак, паўтараю, вайна ва Украіне замышлялася як першы крок да «каскаднай» агрэсіі, але аказалася для Пуціна косткай у горле. І захапіць Украіну ў выніку ён ня можа. Ні праз «аншлюс» 2014 году, ні праз «бліцкрыг» 1922 году, ні праз капітуляцыю, якую ён спадзяваўся атрымаць з дапамогай Трампа.

Мне падаецца, што калі б у гэтай сытуацыі Расея страціла кантроль над Беларусьсю, гэта азначала б пройгрыш у вайне. Бо, ня маючы Беларусь як пляцдарм, Пуцін ня можа ні наступаць на Эўропу, ні пагражаць Эўропе. І Эўропа аказваецца ў гэтым выпадку ў поўнай бясьпецы, а Пуцін, адпаведна, прайграе ўсю сваю зьнешнепалітычную бітву па захопе Эўропы.

— Ёсьць меркаваньне, што ў Беларусі немагчымыя зьмены, пакуль не адбудуцца зьмены ў Расеі. Гэта значыць, калі ў Беларусі мяняецца ўлада, дык на наступны дзень там будуць расейскія танкі. Вы ставіце пытаньне крыху па-іншаму. Наколькі, па-вашаму, рэалістычныя зьмены ў Беларусі без маштабных зьмен у самой Расеі?

— Не відавочна, што такое меркаваньне правільнае.

Яно можа быць і правільнае ў тым сэнсе, што калі зьмены адбудуцца ў Расеі, яны адбудуцца і ў Беларусі. Гэта напэўна так. Але практыка паказвае, што разбурэньне імпэрыі пачынаецца не абавязкова ў цэнтры, а пачынаецца вельмі часта з ускраін імпэрскіх уладаньняў.

І калі мы, напрыклад, паглядзім на распад Савецкага Саюзу ў 1991 годзе, мы ўбачым, што цэнтрабежны рух пачаўся, напрыклад, у краінах Балтыі, якія былі ня самай буйной тэрытарыяльнай часткай Савецкага Саюзу.

— На гэта можна сказаць, што тады імпэрыя ўжо была крыху аслабленая, хоць як і спрабавалі ўтрымаць з дапамогай савецкіх войскаў — быў штурм тэлевежы ў Вільні, іншыя падзеі на ўскраінах былога Савецкага Саюза. Якое паслабленьне Расеі неабходна для таго, каб зьмены маглі адбыцца ў Беларусі?

— Давайце ўсё ж паразважаем на тэму «гліняных калосаў». У гэтым жа праблема з рэвалюцыямі і з імпэрыямі. Яны ўсё здаюцца па-варʼяцку моцнымі да таго канкрэтнага дня, калі раптам аказваецца, што гэта картачная хатка, якая разбураецца. І тады ўсе ўжо гавораць заднім лікам, ну так, імпэрыя ж разбуралася, мы ж гэта бачылі, вось глядзіце, вось гэта было няправільна, тое было няправільна.

Пра Расею няма падставы лічыць, што рэжым Пуціна стабільны. Ён быў стабільны да пачатку вялікай вайны, безумоўна. Але ў 2022 годзе пачынаецца ўжо вялікая вайна — гэта не захоп бяззбройнага Крыму за 24 гадзіны, таму што расейскае войска там ужо стаяла, а ўкраінскай арміі не было. І гэта нават не вайна за Данбас, якая, дарэчы, вядзецца з 2014 году і дагэтуль, як мы бачым, Данбас цалкам не захоплены Расеяй.

Гэта якраз, пэўна, самае сурʼёзнае сьведчаньне таго, што Расея не настолькі моцная дзяржава, як спрабуе сябе паказаць і як астатнія баяцца, бо гэта ўсё ж краіна зь ядзернай зброяй. І зь ядзернай зброяй быццам бы жартаваць ніхто не хоча.

Рэжым у Расеі стабільны рэжым, як і ўсе такія рэжымы, да нейкага часу. І абрынуцца ён можа за 24 гадзіны.

Іншая рэч, і я гэта падкрэсьлю, — я не лічу, што ў Расеі дыктатура Пуціна. У адрозьненьне ад Беларусі, дзе, відавочна, дыктатура Лукашэнкі. Я лічу, што ў Расеі ва ўладзе стаіць ФСБ як ведамства, як інстытут. І, вядома ж, гэтыя людзі ўладу аддаваць не плянуюць, незалежна ад таго, ці памрэ заўтра Пуцін. У гэтым ёсьць больш сурʼёзная праблема.

Калі Лукашэнку зрынуць ці Лукашэнка памрэ, і ў Беларусі да ўлады прыйдуць нейкія, дапусьцім, дэмакратычныя сілы, дык Расея можа зрабіць тое самае, што яна зрабіла ва Ўкраіне — пачаць супраць Беларусі вайну. Але мы бачым, што не атрымліваецца ваяваць добра.

Разбураць атрымліваецца, вядома ж, людзей забіваць атрымліваецца. Але зусім не відавочна, што адкрытае ўварваньне, адкрытая акупацыя Беларусі Расеяй будзе горшым сцэнарам, чым тое ўдушэньне з дапамогай Лукашэнкі, якое Расея праводзіцць у Беларусі цяпер.

Беларусь не адзіная краіна, якая апынулася ў такім вось становішчы. Гэта нешта падобнае на рэжым Кадырава ў Чачні. Што лепш для чачэнскага народу, для незалежнасьці Чачні, для будучыні чачэнскай дзяржавы? Той Кадыраўскі рэжым, які насаджаны ў гэтай краіне з дапамогай Пуціна, ці адкрытае супрацьстаяньне, якое Чачня вяла, пачынаючы з 1994 году?

На такое пытаньне павінны адказваць чачэнцы. Дык і тут, на гэтае пытаньне павінны адказваць беларусы, бо розныя народы па-рознаму рэагуюць на такога кшталту гістарычныя выпрабаваньні.

Але калі дойдзе да таго, што Пуціну трэба будзе ўводзіць танкі ў Беларусь, дык, прынамсі, усім будзе відавочна, што Беларусь акупаваная. Цяпер гэтае пытаньне недастаткова відавочнае, бо нібыта там ёсьць свой уласны беларускі дыктатар Лукашэнка, і тэрорам у Беларусі займаецца ня Пуцін, а Лукашэнкаўскае КДБ.

Гістарычна, я думаю, ужо цяпер зразумела, што на наступным разломе Расейскай імпэрыі Беларусь, вядома ж, апынецца незалежнай дэмакратычнай дзяржавай. Прычым дзяржавай, якая глядзіць у бок Эўропы, якая ўвойдзе ў ЭЗ і NATO.

Іншая рэч, калі гэта будучыня наступіць і якім коштам мы да гэтай будучыні прыйдзем. Бо калі цаной гэтага чарговага разлому Расейскай Фэдэрацыі будзе сусьветная вайна, дык яна таксама пачнецца зь Беларусі, бо ёй проста больш няма адкуль пачацца. Гэта адзіная брама, празь якую расейскія войскі могуць ісьці ў Эўропу.

Будзем спадзявацца, што такая вайна не пачнецца і што ўкраінцы дапамогуць Эўропе вырашыць праблему эўрапейскай бясьпекі. Але калі яна пачнецца, дык пачнецца праз уварваньне зь Беларусі, гэтак жа сама, як пачалася вайна 2022 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG