Даты дня
25 верасьня 1962 году нарадзіўся Алесь Бяляцкі — беларускі праваабаронца, заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», грамадзкі дзеяч і літаратуразнаўца, палітвязень.
Бяляцкі — ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру (2022), за 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
За актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць Бяляцкага прыцягвалі да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. 14 ліпеня 2021 году яго чарговы раз затрымалі паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
З моманту арышту Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны зь сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам. Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі №9 у Горках. Прызнаны палітычным вязьнем.
У гэты ж дзень, 260 гадоў таму (1765) нарадзіўся Міхал Клеафас Агінскі, кампазытар, дыплямат, адзін з кіраўнікоў вызвольнага паўстаньня 1794 г.
Ужо ў 20 гадоў быў абраны паслом на сойм Рэчы Паспалітай. Быў знаёмы з выбітнымі кампазытарамі Моцартам, Гайднам, слухаў канцэрты Паганіні.
У 1793 годзе падтрымаў Таргавіцкую канфэдэрацыю, змагаўся супраць расейскіх і прускіх войскаў. Пасьля паразы паўстаньня Касьцюшкі мусў уцякаць у Аўстрыю, усе маёнткі на радзіме сканфіскавала расейская ўлада. Пасьля таго, як Кацярыну ІІ замяніў Аляксандар І, Агінскі вярнуўся на радзіму і пасяліўся ў Залесьсі. Там ён і напісаў знакаміты музычны твор «Разьвітаньне з Радзімай».
Быў сэнаратарам Расейскай імпэрыі, але ў 1822 годзе назаўсёды выехаў за мяжу, у Францыю. Памёр у 1833 годзе ў італьянскай Флярэнцыі. Музычны каледж у Маладэчне носіць ягонае імя.
Гэты дзень у гісторыі
1921 — у Празе пачалася Першая Ўсебеларуская канфэрэнцыя. Прысутнічалі 37 дэлегатаў ад арганізацый і партый Заходняй Беларусі ды шмат якіх краінаў Эўропы. Канфэрэнцыя пацьвердзіла, што адзіным заканадаўчым органам для Беларусі зьяўляецца Рада Беларускае Народнай Рэспублікі.
1924 — напад на цягнік каля Лунінца, адна з
найбуйнейшых бальшавіцкіх дывэрсіяў на тэрыторыі міжваеннай
Польшчы.
1971 — адкрыўся мэмарыяльны комплекс «Берасьцейская крэпасьць — герой».
У гэты дзень нарадзіліся:
1875 — Сяргей Паўловiч, багаслоў, пэдагог, перакладчык, дзяяч у галіне царкоўнае асьветы.
1887 — Уільям Фолкнэр, амэрыканскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры.
1895 — Ванда Лявіцкая (у замужжы Лёсік, жонка Язэпа Лёсіка), пісьменьніца, удзельніца нацыянальна-вызвольнага руху пач. ХХ ст.
1906 — Дзьмітры Шастаковіч, расейскі кампазытар.
1913 — Сяргей Грахоўскі, беларускі паэт, перакладнік, вязень ГУЛАГу.
1914 — Аўген Смаршчок, праваслаўны сьвятар,
рэлігійны і культурна-грамадзкі дзяяч замежжа, магістар псыхалёгіі і
філялёгіі, старшыня Саюзу беларусаў у Бэльгіі.
1938 — Вячаслаў Целеш, беларускі мастак, дзеяч беларускай дыяспары ў Латвіі.
1938 — Мечыслаў Грыб, генэрал-лейтэнант міліцыі, у 1994-1996 гадах — старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь.
1951 — Пэдра Альмадовар, гішпанскі кінэматаграфіст.
1962 — Алесь Бяляцкі, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна».
У памяці
1919 — пад Харкавам загінуў у пушчаным пад адхон
цягніку Канстанцiн Валасовiч, прыродазнавец, геоляг, дасьледчык
Арктыкі беларускага паходжаньня.
1970 — памер Эрых Марыя Рэмарк, нямецкі пісьменьнік.
1996 — Мікола Селяшчук, мастак, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху 1980–1990-х. Патануў у Тырэнскім моры ў Італіі.