Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 8 траўня: жлобінца экстрадавалі з Расеі ў Беларусь і асудзілі на 3 гады за «гвалт над міліцыянтам»

абноўлена

Дзьмітры Падлобнікаў
Дзьмітры Падлобнікаў

У Беларусі не спыняецца перасьлед грамадзян за палітычныя погляды. Расея тым часам працягвае выдаваць беларусаў рэжыму Лукашэнкі.

Жлобінца экстрадавалі з Расеі ў Беларусь і асудзілі за «гвалт у дачыненьні супрацоўніка міліцыі»

Суд Жлобінскага раёну 4 траўня вынес прысуд яшчэ аднаму ўдзельніку жнівеньскіх акцый пратэсту супраць вынікаў выбараў прэзыдэнта ў 2020 годзе. Дзьмітрыя Падлобнікава абвінавацілі ў «гвалце альбо пагрозе ўжываньня гвалту ў дачыненьні супрацоўніка органаў унутраных спраў» (арт. 364 Крымінальнага кодэксу). Справу разглядала судзьдзя Сьвятлана Андрэева, дзяржабвінаваўца — пракурор Андрэй Аношка, піша «Вясна».

Дзьмітры Падлобнікаў зьехаў пасьля падзей у Жлобіне ў Маскву на заробкі, аднак там яго арыштавала паліцыя, паколькі беларуса абвясьцілі ў вышук на радзіме. У Маскве прайшлі некалькі судоў аб экстрадыцыі Дзьмітрыя ў Беларусь, у выніку якіх абвінавачанага выдалі, нягледзячы на забарону Эўрапейскага суду ў правах чалавека, куды зьвярталіся ягоныя адвакаты. 11 студзеня Генпракуратура Беларусі паведаміла аб экстрадыцыі жлабінчаніна.

Вядома, што 9 жніўня 2020 году Падлобнікаў пайшоў сустракацца зь сябрам і трапіў на плошчу, дзе праходзілі мітынгі супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў, распавядала журналістам маці абвінавачанага Галіна Падлобнікава. Паводле яе слоў, на мітынгу яе сына пабілі, ён быў у непрытомным стане.

Па вэрсіі сьледзтва, Дзьмітры чыніў супраціў пры затрыманьні, рукамі і нагамі біў па шчытах міліцыянтаў, а таксама спрабаваў нанесьці ўдары аднаму зь іх, прычыніўшы яму такім чынам «маральную шкоду».

Судовы працэс пачаўся 29 красавіка, а 4 траўня вынесьлі прысуд: пазбаўленьне волі ў калёніі агульнага рэжыму тэрмінам на 3 гады.

3 гады «хатняй хіміі» дызайнэрцы і яе мужу

Дызайнэрку кампаніі Vizor Games Галіну Сямечку і яе мужа Антона Александровіча прызналі вінаватымі па ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 1. арт. 317-2 (кіраваньне транспартным сродкам асобай, якая ня мае права кіраваньня). Судзьдзя суду Савецкага раёну Менску Аляксандар Воўк 5 траўня прыгаварыў кожнага зь іх да 3 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»), паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Паколькі Сямечка была вызваленая ў залі суду, яна часова выключаная са сьпісу палітвязьняў, куды яе ўнесьлі праваабаронцы пасьля затрыманьня. Усяго на 8 траўня ў ім — 1187 чалавек.

34-гадовую Сямечку затрымалі 14 сьнежня 2021 году. У той самы дзень быў затрыманы яе 37-гадовы муж, палітвязьнем яго не прызналі. Справа была зьвязаная з пратэстамі 2020 году.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG