Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якую вайну з Расеяй прагназаваў брытанскі генэрал і чым ад яе адрозьніваецца цяперашняя вайна ва Ўкраіне


Сэр Рычард Шырэф з 2011 па 2014 год быў намесьнікам галоўнакамандуючага сіламі NATO ў Эўропе. Калі ў 2016 годзе выйшла ягоная кніга «2017: Вайна з Расеяй», генэрал Шырэф даў ёй падзагаловак «Тэрміновае папярэджаньне ад вышэйшага вайсковага камандаваньня».

У кнізе, якую можна назваць «мастацкім прагнозам», Шырэф дае сцэнар расейскага нападу, да якога, на ягоную думку, краіны NATO на той час не былі гатовыя. Ён папярэджваў пра слабыя месцы ў заходнім плянаваньні, а таксама мадэляваў праблемы ў прыняцьці рашэньняў. У ягоных апісаньнях лёгка пабачыць досьвед працы ў структурах NATO і назіраньня за прадстаўнікамі розных краін альянсу.

(Не)эфэктыўнасьць расейскіх войскаў, як патапілі ня той флягманскі карабель, рэакцыя Нямеччыны і Вугоршчыны, ядзерная рызыка і авіякатастрофа Пуціна. Параўноўваем сюжэт кнігі «2017: Вайна з Расеяй» і цяперашнюю вайну ва Ўкраіне.

Украіна як пачатковы эпізод, Беларусі няма

Падзеі ў кнізе Шырэфа пачынаюцца 9 траўня 2017 году ва ўкраінскім Харкаве. Дывэрсійная група расейскага спэцназу выкрадае некалькіх амэрыканскіх інструктараў, якія прыехалі трэнаваць украінскіх вайскоўцаў. Пазьней палонных амэрыканцаў паказваюць па расейскай тэлевізіі, кажучы, што гэта дывэрсанты, якіх захапілі на тэрыторыі Расеі.

Празь некалькі дзён расейцы пачынаюць уварваньне на паўдзённым усходзе Ўкраіны, з так званых «ДНР» і «ЛНР» у кірунку Крыму, абвінаваціўшы ўкраінскі бок у абстрэле школы ў Данецку.

Паводле сюжэту, за тры дні расейскія войскі ствараюць «калідор» да Крыму, захапіўшы Марыюпаль, а ўкраінскія войскі не аказваюць сур’ёзнага супраціву.

Праз тыдзень пасьля ўварваньня ва Ўкраіну расейскія войскі пачынаюць напад на балтыйскія краіны, перад гэтым арганізаваўшы забойствы на прарасейскім мітынгу ў Рызе. Далей Украіна ў кнізе амаль ня згадваецца — паводле сюжэту, менавіта напад на краіны NATO ад пачатку быў галоўнай мэтай Расеі.

Пасьля цяперашняга расейскага ўварваньня ва Ўкраіну многія заходнія экспэрты прызнавалі, што яны, таксама як і расейцы, недаацанілі здольнасьць украінскіх вайскоўцаў да супраціву. Таму ня дзіва, што ў кнізе апублікаванай на 6 гадоў раней, параўнальна хутка пасьля расейскай анэксіі Крыму, расейскія баявыя дзеяньні ва Ўкраіне былі толькі эпізодам.

Беларусь, чыю тэрыторыю ў 2022 годзе Расея скарыстала для нападу і абстрэлаў Украіны, у кнізе Шырэфа зусім не прысутнічае.

(Не)эфэктыўнасьць расейскіх войскаў

Калі патэнцыял украінскага войска ў кнізе амаль ня згадваецца, дык эфэктыўнасьць расейскага войска генэрал Шырэф агулам ацэньваў высока. Адна з асноўных тэмаў ягонай кнігі якраз тое, што краіны NATO і ў прыватнасьці Вялікая Брытанія занадта спадзяюцца на ядзернае стрымліваньне і скарачаюць звычайныя войскі, у той час як Расея нарошчвае баяздольныя вайсковыя сілы.

У прыватнасьці, адзін з герояў кнігі назірае на брытанскім тэлеканале BBC World, як расейскія танкі Т-14 «Армата», не сустракаючы супраціву, едуць праз украінскую вёску. У кнізе гэтыя танкі «паступілі на службу ў 2016 годзе».

Упершыню Расея прадэманстравала такія танкі на парадзе ў Маскве 9 траўня 2015 году. Расейскія мэдыя паведамлялі без падрабязнасьцяў, што пазьней іх выпрабоўвалі падчас баявых дзеяньняў у Сырыі. Аднак прынамсі ў першыя два месяцы вайны 2022 году ва Ўкраіне Расея гэтых танкаў не выкарыстоўвала.

Амэрыканскі вайсковы партал 19FortyFive паведаміў, што заплянаваная на 2022 год сэрыйная вытворчасьць гэтых танкаў спынілася пад узьдзеяньнем заходніх санкцый. Паводле парталу, тыя некалькі дзясяткаў танкаў, якія ўжо былі вырабленыя, вырашылі не выкарыстоўваць у вайне, бо ім было б цяжка ўзаемадзейнічаць са старэйшымі мадэлямі, а таксама празь вялікую рызыку, што баявыя дзеяньні адкрыюць хібы ў іх канструкцыі.

Як сябе паводзілі Нямеччына, Вугоршчына і Грэцыя

У кнізе Рычарда Шырэфа дэталёва апісваецца, як на паседжаньнях палітычнага камітэту NATO прадстаўнікі Нямеччыны, Вугоршчыны і Грэцыі адмаўляюцца задзейнічаць артыкул 5 аб калектыўнай абароне краін альянсу нават пасьля таго, як Расея фактычна нападае на балтыйскія краіны.

Паводле сюжэту, пазыцыя Нямеччыны рэзка мяняецца пасьля таго, як расейская авіяцыя адкрыта нападае і зьнішчае брытанскі і нямецкі караблі, якія стаялі ў порце Рыгі. Сьледам за Нямеччынай вымушаныя памяняць сваю пазыцыю і Вугоршчына з Грэцыяй.

У 2022 годзе расейскі напад на Ўкраіну ў значнай ступені памяняў нямецкую палітыку і грамадзкую думку. У прыватнасьці, Нямеччына адмовілася ад ранейшай шматгадовай палітыкі не пастаўляць зброю ў зоны ваенных дзеяньняў.

Публічныя пазыцыі Грэцыі ня моцна адрозьнівалася ад агульнаэўрапейскага кансэнсусу, а вось пазыцыя Вугоршчыны выклікала шэраг скандалаў. Яшчэ да вайны Будапэшт абвінавачваў Кіеў у прыгнёце вугорскай этнічнай меншасьці на захадзе Ўкраіны, а ўкраінскія ўлады абвінавачвалі ўрад Віктара Орбана ў раздачы пашпартоў у Закарпацьці і цесным супрацоўніцтве з Крамлём. Вугоршчына адмовіла ў тым, каб пастаўкі зброі ва Ўкраіну ішлі праз вугорскую тэрыторыю.

У пачатку красавіка 2022 году ў Вугоршчыне прайшлі парлямэнцкія выбары, на якіх тэма вайны ва Ўкраіне стала адным з асноўных дыскусійных пытаньняў паміж Орбанам і апазыцыяй.

Апазыцыя абвінаваціла прэм’ер-міністра ў здрадзе нацыянальным інтарэсам з прычыны супрацоўніцтва з Масквой, той у адказ заявіў, што Будапэшт спрабуюць уцягнуць ва ўкраінскую вайну. Пасьля пераканаўчай выбарчай перамогі Орбан заявіў, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі быў адным з супернікаў, зь якім яму фактычна прыйшлося змагацца на выбарах.

На пачатку траўня сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў у эфіры нацыянальнага ўкраінскага тэлемаратону заявіў, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін загадзя папярэдзіў Вугоршчыну аб вайне з Украінай, а Будапэшт нібыта лічыў, што зможа забраць частку ўкраінскай тэрыторыі.

Данілаў не раскрыў крыніц сваёй інфармацыі аб пазыцыі Вугоршчыны. Вугорскі міністар грамадзкай дыпляматыі і інфармацыі Золтан Ковач назваў гэтую заяву фэйкам.

Патапілі флягманскі карабель, але ня той

У кнізе прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі, кіруючыся ўнутрыпалітычнымі разьлікамі, загадвае паслаць у Балтыйскае мора флягман брытанскага флёту авіяносец Queen Elizabeth, які яшчэ ня цалкам падрыхтаваны да такой місіі і ня мае дастатковай падтрымкі авіяцыі і іншых караблёў. У выніку расейская падводная лодка топіць авіяносец і гэта выклікае ў Брытаніі палітычны крызіс і зьмену ўраду.

Падчас вайны 2022 году флягман Чарнаморскага флёту Расеі — крэйсэр «Москва» — затануў 14 красавіка ў Чорным моры. Паводле ўкраінскіх уладаў і зьвестак Пэнтагону, гэта адбылося пасьля таго, як яго падбілі ўкраінскія ракеты. Афіцыйная расейская вэрсія – карабель затануў з прычыны пажару на борце.

22 красавіка расейскае Міністэрства абароны ўпершыню прызнала страты ў экіпажы «Москвы». У ведамстве сьцьвярджаюць, што пры пажары загінуў адзін вайсковец, яшчэ 27 прапалі бязь вестак. Астатнія 396 чальцоў экіпажу былі эвакуаваныя, сьцьвярджалі ў вайсковым ведамстве РФ.

Раней крыніца выданьня «Медуза» гаварыла пра 37 загінулых і пра 100 параненых. Стандартны экіпаж ракетнага крэйсэра «Москва» — 510 чалавек, гэта значыць амаль на 100 чалавек больш, чым згадвалася ў заяве Мінабароны РФ.

Ядзерная рызыка і авіякатастрофа Пуціна

У кнізе Расея хутка захапіла балтыйскія краіны, але тыя вядуць пасьпяховую партызанскую вайну. Расея пагражае, што калі NATO паспрабуе ўвайсьці на тэрыторыі Латвіі, Літвы ці Эстоніі, гэта будзе ўспрынятае як напад на расейскую тэрыторыю і выкліча ядзерны ўдар.

Амэрыканскае і брытанскае кіраўніцтва ідуць на рызыкоўны плян — паколькі расейцы перакінулі большасьць сваіх сілаў у краіны Балтыі і ня лічаць, што нехта можа наважыцца атакаваць Калінінградзкую вобласьць. З дапамогай удалай хакерскай апэрацыі на нейкі час адключаецца расейская сыстэма кіраваньня ядзернымі ракетамі, амэрыканскі дэсант пры падтрымцы брытанска-літоўскай дывэрсійнай групы захоплівае расейскія ракетныя базы ў Калінінградзкай вобласьці, перапраграмоўвае расейскія ракеты, накіроўваючы іх на расейскія абʼекты, і такім чынам Захад вымушае Расею да саступак.

У канцы кнігі прэзыдэнт Расеі гіне ў верталётнай аварыі, якую, відавочна, арганізуе ягонае атачэньне. Аднак выглядае, што ягоны наступнік на пасадзе будзе яшчэ больш антызаходнім і пачне рыхтаваць помсту для NATO.

Паводле расейскай ваеннай дактрыны, апэрацыя NATO ў Калінінградзкай вобласьці, апісаная ў кнізе генэрала Шырэфа, — адназначная падстава для выкарыстаньня Расеяй ядзернай зброі. Таму любая памылка ў такім рызыкоўным пляне магла б прывесьці да маштабнай ядзернай вайны.

Падчас першых месяцаў вайны ва Ўкраіне 2022 году кіраўніцтва ЗША і NATO адхіліла заклікі ўвесьці беспалётную зону над тэрыторыяй Ўкраіны ці над яе часткай. Амэрыканскія вайсковыя экспэрты тлумачылі, што такі крок зь вялікай імавернасьцю прывёў бы да прамых сутыкненьняў паміж сіламі NATO і Расеі.

«Памяняць дынаміку з рэгіянальнага канфлікту на патэнцыйны глябальны ядзерны канфлікт — гэта даволі вялікая рызыка», — пісаў генэрал-лейтэнант Марк Гертлінг, былы камандуючы войскамі ЗША ў Эўропе.

Пры гэтым нават безь непасрэднага ўдзелу войскаў альянсу ў цяперашняй вайне прадстаўнікі Расеі заяўлялі пра магчымасьць скарыстаць ядзерную зброю ў выпадку «правакацый NATO».

Выведнае агенцтва Міністэрства абароны ЗША ў сваім сакавіцкім аглядзе прагназавала, што Пуцін можа перайсьці да ядзерных пагрозаў, калі працягнецца жорсткі ўкраінскі супраціў расейскаму ўварваньню.

«Працяглая акупацыя частак украінскай тэрыторыі пагражае падарваць расейскія вайсковыя сілы і зьменшыць іхны арсэнал мадэрнізаванай зброі, у той час як пасьлядоўныя эканамічныя санкцыі, пэўна, увядуць Расею ў працяглую эканамічную дэпрэсію і дыпляматычную ізаляцыю», — напісаў дырэктар агенцтва Скот Бэрыер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG