Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволеньне супрацоўнікаў місіі АБСЭ; у Данецкай вобласьці загінулі дзеці. 60-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

абноўлена

Шыльдачкі з адлегласьцю да расейскіх гарадоў, зьнятыя са слупоў у Адэсе, красавік 2022
Шыльдачкі з адлегласьцю да расейскіх гарадоў, зьнятыя са слупоў у Адэсе, красавік 2022

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 5 мільёнаў чалавек ужо сталі ўцекачамі. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Параненыя пры расейскім абстрэле 23 красавіка адэсіты знаходзяцца ў лякарнях у стабільным стане.
  • Некалькіх супрацоўнікаў місіі АБСЭ затрымалі ў Луганску і Данецку.
  • Украінскае камандаваньне «Поўдзень» паведаміла пра пасьпяховыя для ўкраінцаў баі на Херсоншчыне.
  • У Мінабароны Расеі абвясьцілі мэту другога этапу вайны ва Ўкраіне — выхад у Крым і Прыднястроўе.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 24 красавіка

Вікторыя Нуланд не выключае ўжываньня Масквой ядзернай зброі

Намесьнік дзяржсакратара ЗША Вікторыя Нуланд не выключае, што падчас вайны ва Ўкраіне Ўладзімір Пуцін можа аддаць загад аб прымяненьні «розных відаў узбраеньняў з катастрафічнымі наступствамі», у тым ліку ядзернай зброі.

Аб гэтым Вікторыя Нуланд заявіла ў інтэрвію ўкраінскаму выданьню «Європейська правда».

Паводле яе слоў, зараз ЗША і іх саюзьнікі імкнуцца данесьці да Крамля, што ў такім выпадку наступствы для самога Пуціна і Расеі «могуць быць абсалютна катастрафічнымі». Нуланд запэўніла, што пры любым разьвіцьці падзей заходнія саюзьнікі «не пакінуць Украіну ў адзіноце».

Усе параненыя ў Адэсе — у стабільным стане

Па стане на 24 красавіка ўсе шпіталізаваныя пацыенты знаходзяцца ў стабільным стане. Амаль ва ўсіх людзей траўмы сярэдняй і цяжкай ступені: асколкі, апёкі і парэзы, пераломы.

Пра гэта паведаміў дырэктар адной з адэскіх лякарняў Мікалай Турчын.

Паводле яго слоў, траўмы зьвязаныя з разьбітым шклом. Яшчэ некалькі пацярпелых, ратуючыся ад агню, саскочылі зь верхняга паверху на дах ганку, у выніку чаго атрымалі іншыя траўмы.

«Усе 10 пацярпелых знаходзяцца ў стабільным стане. Ёсьць 2 пацыенты, якіх плянуецца выпісаць дадому. Іншыя патрабуюць далейшага лячэньня», — сказаў Турчын.

Гібель дзяцей у Данецкай вобласьці

Раніцай у Ачарэцінскай грамадзе Данецкай вобласьці ў выніку абстрэлаў акупантаў загінулі дзьве дзяўчыны. Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў кіраўнік Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Паўло Кірыленка.

«Сёньня ў велікодную раніцу расейскія акупанты забралі жыцьці двух дзяцей з Ачарэцінскай грамады. Дом па вуліцы Міру, дзе жыла іх сям’я, быў зьнішчаны, загінулі дзяўчынкі 14 і 5 гадоў», — напісаў ён.

Адзін чалавек загінуў пры абстрэле Днепрапятроўскай вобласьці

У выніку ракетнага абстрэлу Днепрапятроўскай вобласьці расейскімі войскамі загінуў адзін чалавек, зьнішчаны восем будынкаў. Пра гэта ў Telegram-канале паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай абласной вайсковай адміністрацыі Валянцін Рэзьнічэнка.

«У нас тры начныя „прылёты“ — у Паўлаградзкі раён. Ракета трапіла ў чыгуначную інфраструктуру. Загінуў 48-гадовы мужчына. Разбураны 8 будынкаў. Пад заваламі тры легкавыя аўтамабілі і адзін грузавік», — адзначыў ён.

Рэзьнічэнка дадаў, што дзьве ракеты трапілі ў прамысловае прадпрыемства, у выніку разбураны прамысловы будынак, людзі не пацярпелі.

АБСЭ: незаконнае затрыманьне некалькіх супрацоўнікаў у акупаваных Данецку і Луганску

Пра затрыманьне супрацоўнікаў місіі паведаміла агенцтву Reuters намесьніца амбасадара Вялікай Брытаніі ў АБСЭ, якая базуецца ў Вене, Дэйдра Браўн.

«АБСЭ вельмі занепакоеная тым, што некалькі членаў нацыянальнай місіі СММ былі пазбаўленыя волі ў Данецку і Луганску. АБСЭ выкарыстоўвае ўсе даступныя каналы для садзейнічаньня вызваленьню сваіх супрацоўнікаў», — сказала яна.

Раней Дэйдра Браўн раскрытыкавала Расею за адмову працягваць місію СММ ва Ўкраіне пасьля сакавіка.

«І цяпер мы атрымалі трывожныя паведамленьні аб тым, што расейскія давераныя асобы на Данбасе пагражаюць пэрсаналу, абсталяваньню і аб’ектам Місіі, і што расейскія сілы захапілі пэрсанал СММ».

Кіеў: восем адваяваных пунктаў на Херсоншчыне

Падразьдзяленьні Ўзброеных сіл Украіны ўзялі пад кантроль восем населеных пунктаў з пазыцый назіральных пунктаў, пра гэта паведамляе апэратыўнае камандаваньне «Поўдзень» на старонцы ў Facebook.

«У Херсонскай вобласьці напярэдадні фальшывага рэфэрэндуму праціўнік спрабаваў актывізавацца. Спробы штурму ў напрамку Аляксандраўкі і Таўрыі не ўвянчаліся посьпехам. Не ўвянчаліся посьпехам і спробы захапіць Мікалаеўку. Падразьдзяленьні Ўзброеных Сіл адбілі атаку ворага», гаворыцца ў заяве.

Украінскія вайскоўцы таксама разграмілі расейскія часткі, якія сабраліся ў раёне Кісялёўкі для далейшага наступу на Пасад-Пакроўскае. Несучы значныя страты, расейскія войскі адышлі ў бок Чарнабаеўкі, паведамляе ўкраінскі бок.

Уцекачы ад вайны

Паводле зьвестак ААН, з пачатку вайны па 21 красавіка Ўкраіну пакінулі ўжо больш за 5 мільёнаў 133 тысячы чалавек. Зь іх:

  • 2 млн 867 тысяч прыехалі ў Польшчу,
  • 769,6 тысячы — у Румынію,
  • 578,3 тысячы — у Расею,
  • 480,9 тысячы — у Вугоршчыну,
  • 430,2 тысячы — у Малдову,
  • 349,3 тысячы — у Славаччыну,
  • 23,9 тысячы — у Беларусь.

Насельніцтва Ўкраіны (уключаючы кантраляваную Расеяй тэрыторыю) складае каля 44 мільёнаў чалавек.

Што адбываецца ў Расеі

Расея ўвяла новыя пэрсанальныя санкцыі супраць грамадзян ЗША і Канады

21 красавіка МЗС Расеі ўвёў пэрсанальныя санкцыі супраць 29 грамадзян ЗША. Сярод іх галоўны рэдактар англамоўнай вэрсіі «Медузы» Кевін Ротрак, сузаснавальнік Фэйсбуку — Марк Цукербэрг, LinkedIn — Раян Расланскі, віцэ-прэзыдэнт ЗША Камала Гарыс з мужам і яшчэ шэраг чыноўнікаў, прадпрымальнікаў і журналістаў.

Таксама МЗС Расеі абвясьціў аб пэрсанальных санкцыях супраць 61 грамадзяніна Канады. У сьпісе — дзяржаўныя службоўцы, вайсковыя камандзіры, кіраўнікі грамадзкіх арганізацый і супрацоўнікі СМІ.

Міністэрства абароны Расеі вырашыла абмежаваць доступ да зьвестак аб сваяках вайскоўцаў, якія загінулі ва Ўкраіне

Зьвесткі пра вайскоўцаў, што загінулі пры правядзеньні «спэцапэрацыяў», яшчэ з 2015 году сталі дзяржаўнай таямніцай, але льготы іхным сем’ям афармляюць цывільныя чыноўнікі раённых адміністрацыяў. Цяпер Міністэрства абароны РФ просіць урад перадаць гэтыя паўнамоцтвы вайсковым камісарыятам, што зробіць больш закрытай інфармацыю пра загінулых удзельнікаў вайны супраць Украіны, піша ВВС.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

Расейская тэхніка масава пакідае Беларусь

Тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» паведаміў, што 85% расейскай тэхнікі ўжо вывезена зь Беларусі. Жыхары беларускага Палесься таксама заўважылі, што вайскоўцаў з Расеі ў гарадах усё менш. Жыхары Гомля кажуць, што наогул не заўважаюць цяпер на сваіх вуліцах расейскіх вайскоўцаў.

Як рэагуе сьвет

МЗС Вялікай Брытаніі рэкамэндуе сваім грамадзянам пакінуць Украіну

«Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну працягваецца з нападамі на шэраг буйных гарадоў. Існуе рэальная небясьпека для жыцьця. Мы рэкамэндуем грамадзянам Вялікай Брытаніі неадкладна пакінуць Украіну, калі вы думаеце, што гэта бясьпечна. Паветраная прастора Ўкраіны закрытая», — гаворыцца ў паведамленьні.

Аўстралія ўвяла новыя санкцыі супраць Расеі

Аўстралійскі ўрад зацьвердзіў новыя санкцыі 22 красавіка. На гэты раз пад іх трапілі 144 чальцы Савету Фэдэрацыі РФ (з двухсот), Кацярына Ціханава і Марыя Варанцова — іх аўстралійскі ўрад называе дочкамі Ўладзіміра Пуціна (раней санкцыі супраць іх увялі ЗША і Вялікая Брытанія). Пад санкцыі трапіла і дачка кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова — Кацярына Вінакурава.

Усяго ў аўстралійскім санкцыйным сьпісе ўжо каля 750 расейцаў. Таксама забаронены экспарт у Расею, у прыватнасьці, алюмінію і прадметаў раскошы.

Вялікая Брытанія ўвядзе эмбарга на пастаўкі срэбра і ікры з Расеі і павялічыць мыта на некаторыя беларускія тавары

У рамках новых санкцый, пра якія Вялікая Брытанія паведаміла 21 красавіка, уводзіцца забарона на імпарт з Расеі срэбра, лесаматэрыялаў, ікры і іншай прадукцыі. На шэраг тавараў з Расеі і Беларусі, уключаючы алмазы і каўчук, на 35% павялічаць мыта. Таксама Брытанія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы 26 фізычных асобаў і арганізацый з Расеі, у тым ліку — чыноўнікаў Мінабароны і МНС, кіраўніка Расейскай чыгункі, канцэрн «Калашнікаў», ракетна-касьмічны цэнтар «Прагрэс» і інш.

Эстонія і Латвія аднымі зь першых у сьвеце прызналі ваенную агрэсію Расеі генацыдам украінскага народу

Адпаведныя заявы дзяржавы прынялі 21 красавіка. Таксама сёньня Сойм Латвіі прыняў папраўкі ў закон, якія прадугледжваюць магчымасьць пазбаўляць грамадзянства за падтрымку ваенных злачынстваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG