Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расейцы кажуць, што баяцца да нас ехаць». Дырэктарка турфірмы расказвае, што з турызмам у Беларусі


Аграсядзіба ля Аўгустоўскага каналу ў Горадзенскай вобласьці
Аграсядзіба ля Аўгустоўскага каналу ў Горадзенскай вобласьці

Пра танны Эгіпет можна забыць, літоўцы і латышы ў Беларусь пакуль ня едуць. Расказваем пра перамены ў жыцьці беларусаў, якія прыйшлі разам з вайной ва Ўкраіне.

З сакавіка 2020 году сфэра турызму ў Беларусі перажыла адразу некалькі ўзрушэньняў. Спачатку па ёй ударыў каранавірус, пасьля адбыўся жнівень 2020-га і закрыцьцё межаў у сьнежні таго ж году, у лютым 2022 пачалася вайна Расеі супраць Украіны.

Палёгку турапэратары адчулі толькі ў красавіку 2022 году, калі ўлады Беларусі спачатку скасавалі забарону выяжджаць за межы краіны, а пасьля на месяц адмянілі візы для грамадзян Літвы і Латвіі. Свабода пагаварыла з дырэктаркай рэгіянальнай турфірмы пра тое, чаго чакаць ад турыстычнай сфэры краіны сёлета, чаму пра танны Эгіпет можна забыць назаўсёды і што можа яго замяніць.

«Людзі за два гады навучыліся баяцца»

«Ніхто ня ведае, што рабіць, – кажа суразмоўца. – Бо нібыта людзі і хочуць кудысьці паехаць, ёсьць запыт на гэта. Але зь іншага боку невядома, як гэта ўсё арганізаваць. А калі казаць пра замежны турызм, то невядома, ці ён будзе ўвогуле».

Адна з асноўных праблемаў, зь якой сутыкаецца галіна, – складанасьці з авіяпералётамі. Пасьля закрыцьця неба над Украінай і паўднёва-заходняй часткай Расеі самалётам «Белавіа» даводзіцца рабіць «кругі», што непазьбежна адбіваецца на коштах пералётаў. І, адпаведна, на выніковай цане падарожжа.

«Самалётаў стала меней таксама, – гаворыць суразмоўца. – Напрыклад, рэйсы ў Эгіпет авіякампаніі плянавалі, а цяпер большую частку рэйсаў туды паздымалі. Ёсьць нейкая надзея на Турцыю. Але бачу, што зараз рэйсы туды таксама пачынаюць здымаць. Таму думаю, што з рэгіёнаў трапіць у Турцыю сёлета наўрад ці будзе магчыма, толькі зь Менску. Яшчэ адзін момант зьвязаны з рэзэрвацыяй. Калі раней ужо ў студзені-лютым усё лета было занятае, то зараз, наадварот, турфірмы не плянуюць продажы далёка наперад, каб пасьля ня думаць, як вярнуць людзям гэтыя грошы».

Дырэктарка турфірмы кажа, што моцна паменела кірункаў, куды можна вылецець з тэрыторыі Беларусі.

«Людзі за два гады навучыліся баяцца нечаканых падзеяў, – дадае суразмоўца. – Здарылася тое, чаго раней ніколі не здаралася. Спачатку пандэмія, пасьля «Раянэйр» [прымусовая пасадка самалёта авіякампаніі беларускімі ўладамі. – РС], цяпер вайна. Межы то адкрываюцца, то закрываюцца. Невядома, зь якога боку чакаць каверзы. Ня хочацца нешта заплянаваць, а пасьля атрымаць кучу скасаваных тураў, разьлічвацца за іх».

«Ужо бачу плынь расейцаў»

Дырэктарка гаворыць, што найлепш у новых умовах пачуваюцца тыя працаўнікі сфэры, хто мае ўласную інфраструктуру – аграсядзібы, санаторыі, гатэлі.

«Людзі езьдзяць па Беларусі, – кажа суразмоўца. – Яны і летась езьдзілі, і сёлета будуць езьдзіць, думаю. Ужо бачу плынь расейцаў, якія зноў пачалі да нас прыяжджаць. Прынамсі, маю замовы ад іх. Гэта збольшага індывідуальныя турысты. Думаю, іх сёлета будзе шмат і ў нашых санаторыях. Гэта будзе моцна залежаць ад курсу расейскага рубля да беларускага. Яны ўсе затаіліся, калі пасьля 24 лютага быў рэзкі скачок курсу і беларускія банкі мянялі расейскі рубель за сьмешныя грошы. Тады расейскіх турыстаў рэзка ня стала. Зараз курс выраўняўся – і яны зноў паехалі».

У саміх расейцаў зараз ня так шмат камфортных варыянтаў адпачынку і замежных паездак, таму Беларусь можа стаць для іх прывабным кірункам.

«Зь імі цікава, дарэчы, – дадае супрацоўніца турфірмы. – Учора размаўляла з адным турыстам з Расеі. Дык ён мне сказаў, што ў яго ўсе пыталі на радзіме, ці не страшна яму у Беларусь ехаць зараз. Не ведаю, чаму так. Я так і не зразумела нічога зь яго тлумачэньняў. Сказаў, што іх у нас, магчыма, ня любяць. Значыць, усё ж яны адмяжоўваюць Беларусь ад Расеі. Думаюць, што ім тут нешта можа пагражаць».

«Таннага Эгіпту больш няма»

З словаў суразмоўцы, беларусаў, якія ўсё ж наважацца сёлета на замежны адпачынак, чакаюць новыя цэны. Толькі даплата за новыя маршруты пералётаў складае для тураў у Эгіпет каля 170 даляраў з чалавека. Для Турцыі – 120.

«Такога таннага Эгіпту, які ўсе памятаюць, няма ўжо паўтара-два гады, – кажа дырэктарка. – Зараз гэта ўжо ня танны адпачынак. Толькі даплата за «аблёт» можа складаць каля 650 даляраў на сям’ю. Пералёт з «аблётам» у Эгіпет цяпер складае восем гадзін. Каб восем гадзін ляцець у Эгіпет, трэба яго вельмі моцна любіць.
Без даплатаў лётаюць у Эміраты, гэта просты пералёт, шэсьць гадзін. Але Эміраты ніколі не былі таннымі – ад 500-700 даляраў на чалавека за тыдзень адпачынку».

Акрамя гэтага, застаецца Грузія, куды кароткі і лёгкі пералёт і дзе пакуль невысокія цэны. Тыднёвы адпачынак на дваіх у гатэлі са сьняданкамі пакуль каштуе каля 1000 даляраў. Але і гэта даражэй, чым было да пандэміі.

«Цяжка зразумець, чым займаецца Міністэрства»

З словаў суразмоўцы, што далей будзе з турыстычнай сфэрай у Беларусі, прадказаць складана. Пакуль буйныя, сярэднія і дробныя кампаніі выжываюць, але хваля банкруцтваў можа пачацца ў кожны момант, калі аб гэтым абвесьціць нехта з буйных апэратараў. У дадатак у Беларусі часам прасьцей прыпыніць дзейнасьць, чым праводзіць працэдуру банкруцтва. Колькі насамрэч апэратараў турыстычных паслуг спыніла працу, не ведаюць нават улады – адпаведнай статыстыкі папросту не існуе.

«Я бачу зьніжэньне актыўнасьці, – кажа суразмоўца. – Калі раней на адукацыйны сэмінар для супрацоўнікаў турыстычнай сфэры маглі прыйсьці 70 чалавек, то зараз прыходзяць 15-20. Можна прыкладна ўявіць, што адбываецца. Я ў сваім раёне засталася адна, а раней тут было каля 15 кампаніяў, якія займаліся бізнэсам у сфэры турызму».

Суразмоўца таксама кажа, што ўлады на ўзроўні мясцовых выканкамаў разумеюць праблему і стараюцца нешта рабіць. Яе кампаніі, напрыклад, нават зьнізілі стаўку арэнды за офіс. Цяпер трэба плаціць прыкладна на 100 рублёў менш, чым раней.

«А што да вышэйшых уладаў, то я ня ведаю, што яны сабе думаюць, – кажа суразмоўца. – Цяжка зразумець, чым яны там займаюцца. Бачу спробу дапамагчы, нейкае разуменьне толькі на мясцовым узроўні».

«За Беларусь людзі яшчэ не прывыклі плаціць грошы»

Паводле суразмоўцы, хоць нейкае ажыўленьне на рынку выклікала зьняцьцё забароны на выезд зь Беларусі. Пакуль яшчэ мала хто мае візы – турыстычны «шэнген» выдае толькі Вугоршчына. Але гэты крок беларускіх уладаў дазволіў людзям выяжджаць у тым ліку з турыстычнымі мэтамі ў краіны Эўразьвязу. Шэраг апэратараў, якія арганізоўваюць адпачынак з вылетамі з Варшавы, зараз могуць карыстацца такой магчымасьцю, бо Польшча ўжо скасавала ўсе абмежаваньні на ўезд.
Ацаніць крок беларускіх уладаў з часовай адменай візаў для грамадзян Літвы і Латвіі пакуль складаней. Паводле Памежнага камітэту Беларусі, за першыя содні ў краіну зь Літвы і Латвіі бязь візы прыехалі больш за 600 чалавек.

«Ніхто ня ведае, ці яны паехалі ў Беларусь пасьля гэтай адмены, – гаворыць дырэктарка турфірмы. – Калі тых, хто прыяжджаў зь «бязьвізам», было даволі проста адсачыць, то гэтых немагчыма. Толькі Памежны камітэт можа ведаць. Тых, хто зь «бязьвізам», абавязкова рэгістравалі ў турфірмах, яны мусілі купляць нейкія паслугі, каб прыехаць. Экскурсіі замаўляць ці яшчэ што. А тут як адсочыш? Яны не бяруць ніякай турыстычнай паслугі. Я за любую лібералізацыю, хай усё адкрываецца. Але пакуль не заўважыла, каб хтосьці ехаў да нас. Я ня мела ніводнай замовы ад латышоў ці літоўцаў за гэтыя дні. Толькі знаёмыя з Латвіі цікавіліся стаматалягічнымі паслугамі ў Беларусі. Такі кірунак можа быць. Да знаёмых, сяброў, магчыма, нехта паедзе. Такія адчайныя людзі».

Суразмоўца прызнаецца, што пакуль ня думае сыходзіць са сфэры. Асноўная прычына – у Беларусі няма зараз галіны, якая б разьвівалася і куды можна было б сьмела пераключыцца. Да таго ж пакуль існуюць варыянты разьвіваць унутраны турызм, які можа атрымаць новы штуршок праз складанасьці з выездам за межы Беларусі.

«Скасаваньне забароны на выезд таксама нам дапамагло, – кажа дырэктарка. – У людзей візаў пакуль няма, але гэта было вельмі важна. Ну і ўнутраны турызм. Ён разьвіваецца пасьля 2020 году. Адзінае, што для яго ня вельмі патрэбныя турагенцтвы. Патрэбная інфраструктура, гіды. У Беларусі ж даволі лёгка усё самому сабе арганізаваць. Праўда, за Беларусь людзі яшчэ не прывыклі плаціць грошы. Для беларусаў заплаціць 300 рублёў за паездку па Беларусі пакуль дорага. Хаця бываюць і адваротныя гісторыі, калі 1500 рублёў за актыўны адпачынак на байдарках з шампанскім прымальная цана. Усякія людзі ёсьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG