Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джо Байдэн пакуль ня мае намеру ехаць у Кіеў


Джозэф Байдэн выступае ў штаце Аёва, 12 красавіка 2022 году
Джозэф Байдэн выступае ў штаце Аёва, 12 красавіка 2022 году

Нягледзячы на заклік украінскага лідэра Уладзіміра Зяленскага, прэзыдэнт ЗША пакуль не плянуе візыту ва Ўкраіну, хоць нядаўна заяўляў аб гатоўнасьці паехаць туды.

Пра гэта піша DW.

«Плянаў візыту прэзыдэнта няма. Мы не пакажам ні тут, ні дзе–небудзь ва ўрадзе, ці паедзе нехта, хто менавіта і калі, з прычын бясьпекі», — заявіла ў панядзелак, 18 красавіка, на брыфінгу ў Вашынгтоне афіцыйная прадстаўніца Белага дому Джэн Псакі.

Калі нехта з амэрыканскіх чыноўнікаў паедзе ў Кіеў, з меркаваньняў бясьпекі пра гэта будзе паведамлена толькі пасьля яго прыбыцьця туды, падкрэсьліла сьпікер.

ЗША не плянуюць адпраўляць войскі ва Ўкраіну

З словаў прэс–сакратара Белага дому, цяпер урад ЗША засяроджаны на высланьні ўзбраеньняў ва Ўкраіну з новага пакету ў 800 млн даляраў, пра які абвясьціў Джо Байдэн. «Было чатыры самалёты, якія прыбылі з вайсковай дапамогай у выходныя. Яшчэ адзін павінен прыбыць сёньня, калі ён ужо не прыбыў», — сказала Джэн Псакі.

У той жа час Байдэн адмаўляе прапанову чальца Сэнату ЗША Крыса Кунса аб выпраўленьні войскаў ва Ўкраіну, адзначыла Псакі. «У прэзыдэнта па–ранейшаму няма плянаў пасылаць войскі, каб весьці вайну з Расеяй. Ён ня лічыць, што гэта адпавядае інтарэсам нацыянальнай бясьпекі, інтарэсам амэрыканскага народу», — сказала Псакі.

Як паінфармавала журналістаў сьпікер Белага дому, увага адміністрацыі ЗША засяроджана на тым, каб падтрымліваць Кіеў узбраеньнямі і спрыяць яму эканамічна, а таксама фармаваць гістарычны пакет эканамічных санкцыяў, які акажа разбуральнае ўзьдзеяньне на расейскую эканоміку. На гэтым палягае «стратэгічны фокус» увагі адміністрацыі ЗША, адзначыла Псакі і зрабіла далей істотную агаворку:

«Вядома, мы падтрымліваем украінцаў усімі даступнымі спосабамі, але прэзыдэнт не зьбіраецца весьці вайну з Расеяй».

Магчымыя кандыдаты для паездкі ва Ўкраіну

Уладзімір Зяленскі заклікаў Джо Байдэна асабіста азнаёміцца з сытуацыяй ва Ўкраіне пасьля больш чым сямі тыдняў разьвязанай Расеяй вайны.

Два дні назад у эфіры амэрыканскага тэлеканалу CNN Зяленскі сказаў, што амэрыканскаму лідэру неабходна паглядзець на ўсё самому. «Я думаю, ён прыедзе. Вядома, гэта яго рашэньне, якое будзе прымацца зыходзячы з сытуацыі зь бясьпекай. Але я лічу, што ён, будучы лідэрам Злучаных Штатаў, павінен прыехаць сюды і ўбачыць усё на свае вочы», — заявіў Зяленскі тэлеканалу CNN.

За некалькі дзён да гэтага Байдэн сьцьвярджальна адказаў на пытаньне аб гатоўнасьці наведаць Украіну. Аднак празь некаторы час Джэн Псакі заявіла, што, нягледзячы на гатоўнасьць прэзыдэнта, такіх плянаў пакуль няма.

Пры гэтым зьвесткі аб тым, што ў Белым доме разглядаецца пытаньне аб візыце ва Ўкраіну высокапастаўленых амэрыканскіх чыноўнікаў, ужо апублікаваныя. Так, аб гэтым паведамляла амэрыканскае выданьне Politico. Са спасылкай на крыніцу ў адміністрацыі ЗША яно паведаміла, што ў Белым доме абмяркоўваюць магчымасьць адправіць у Кіеў прадстаўніка амэрыканскай адміністрацыі.

Паводле зьвестак Politico, урад ЗША разглядае для паездкі ва Ўкраіну кандыдатуры міністра абароны Лойда Остына і дзяржаўнага сакратара Энтані Блінкена.

Афіцыйны прадстаўнік Пэнтагону Джон Кірбі сказаў у інтэрвію CNN, што ў мінулыя выходныя па Кіеве былі нанесеныя авіяўдары, і дадаў, што абстаноўка ва ўкраінскай сталіцы небясьпечная. У сувязі з гэтым Кірбі таксама падкрэсьліў, што ў выпадку візыту ва ўкраінскую сталіцу высокапастаўленага амэрыканскага чыноўніка на карту будзе пастаўлена ня толькі бясьпека гэтага прадстаўніка ЗША, але і бясьпека народу Ўкраіны. «Мы ня хочам паддаваць іх яшчэ большай небясьпецы», — заявіў Кірбі.

Хто з эўрапейскіх лідэраў ужо пабываў ва Ўкраіне

За пэрыяд з пачатку вайны, разьвязанай Расеяй супраць Украіны, зь візытамі у Кіеў ужо прыяжджалі кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен, высокі прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль, прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан, канцлер Аўстрыі Карл Нэгамэр, прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда, прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа, прэзыдэнт Латвіі Эгілс Левітс, прэзыдэнт Эстоніі Алар Карыс.

Гатоўнасьць наведаць Украіну выказаў нядаўна прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер, аднак кіраўніцтва ў Кіеве адхіліла яго візыт з прычыны яго ранейшай палітыкі збліжэньня з Расеяй і дало зразумець, што чакае хутчэй візыту канцлера ФРН Оляфа Шольца. Праўда, кіраўнік нямецкага ўраду такіх плянаў пакуль ня мае.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG