Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў: «Пра бязьядзерны статус Балтыкі гаворка ісьці ня зможа»


Дзьмітрый Мядзьведзеў і Ўладзімір Пуцін
Дзьмітрый Мядзьведзеў і Ўладзімір Пуцін

У выпадку ўступленьня Фінляндыі і Швэцыі ў NATO «ні пра які бязьядзерны статус Балтыкі размова ісьці ўжо ня зможа». Пра гэта напісаў у чацьвер у сваім тэлеграм-канале намесьнік старшыні Савету бясьпекі Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў.

Расейскія прадстаўнікі раней нэгатыўна ацэньвалі магчымасьць уступленьня дзьвюх краін у NATO, аднак Мядзьведзеў упершыню заявіў пра канкрэтныя крокі з боку Масквы.

Паводле яго, «у Расеі стане больш афіцыйна зарэгістраваных праціўнікаў», і таму ёй давядзецца «сур’ёзна ўзмацніць групоўку сухапутных сіл і СПА, разгарнуць істотныя ваенна-марскія сілы ў акваторыі Фінскай затокі». У гэтым кантэксьце Мядзьведзеў згадвае і ядзерную зброю. «Да сёньняшняга дня Расея на такія меры не ішла і ісьці не зьбіралася», — піша ён.

Пры гэтым, па словах Мядзьведзева, у Расеі няма са Швэцыяй і Фінляндыяй тэрытарыяльных спрэчак, як з Украінай, таму да ўступленьня гэтых краін у NATO Расея паставіцца інакш, чым да гіпатэтычнага ўступленьня Ўкраіны, якое было абвешчана Масквой адной з прычын уварваньня ва Ўкраіну.

У Швэцыі і Фінляндыі зараз актыўна абмяркоўваецца пытаньне аб далучэньні да NATO. Грамадзкая думка гэтых нэўтральных краін рэзка зьмянілася пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне — большасьць цяпер выступае за ўступленьне ў NATO. Рашэньні пакуль не прынятыя, але чакаецца, што заяўкі Швэцыя і Фінляндыя могуць падаць ужо гэтым летам.

Па выніках Другой сусьветнай вайны СССР далучыў частку фінскіх тэрыторый, раней заваяваных ім падчас вайны 1939–1940 гадоў. Фінляндыя пагадзілася са стратай гэтых тэрыторый у Парыскім мірным дагаворы 1947 году і ня мае плянаў неяк ставіць гэты дагавор пад сумненьне.

З далучэньнем Фінляндыі да NATO сухапутная мяжа паміж Расеяй і краінамі NATO падоўжыцца больш як на тысячу кілямэтраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG