Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Будзе перамога і ў Беларусі; вы зьдзівіцеся, як шмат украінцаў нам дапамогуць». Экс-вясьляр Шурмей пра вайну, Украіну, Лукашэнку і Пазьняка


Павал Шурмей (крайні справа) сярод белаоускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне
Павал Шурмей (крайні справа) сярод белаоускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне

У мінулым Павал Шурмей — вядомы беларускі спартовец, які браў удзел у спаборніцтвах у акадэмічным веславаньні на дзьвюх Алімпіядах. Павал трымае некалькі сусьветных рэкордаў у выступах на трэнажорах у закрытых памяшканьнях.

Цяпер Павал — адзін з добраахвотнікаў батальёну Кастуся Каліноўскага, які ваюе супраць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне. Мае пазыўны «Дзядзька». У вялікім інтэрвію для Свабоды Шурмей расказаў, чаму ён паехаў ва Ўкраіну, як удзельнічаў у баях за Ірпень і чаму ня мае ілюзій наконт Лукашэнкі.

— Як у вас зьявілася жаданьне паехаць абараняць Украіну?

— Упершыню я трапіў ва Ўкраіну ў 1997 годзе, гэта 25 гадоў таму. З таго моманту мяне вельмі шмат што пачало зьвязваць з гэтай краінай. Мабыць, усе ведаюць, што мая жонка Алена Бурак родам зь Мікалаева, калісьці яна ўваходзіла ў зборную Ўкраіны па акадэмічным веславаньні, удзельніца Алімпіяд, чэмпіёнка сьвету. Ва Ўкраіне ў мяне шмат сяброў і сярод спартоўцаў, і сярод простых людзей. У 2014 годзе нейкага трыгеру не хапіла, каб паехаў дапамагаць сваім сябрам.

— Але балела і восем гадоў таму?

— Вядома! Але ў 2022 годзе я ня мог заставацца ўбаку, маўляў, хлопцы, вы ваюйце, а я дапамагу нечым іншым. Не. Я ні хвіліны не сумняваўся, калі 24 лютага ранкам пабачыў паведамленьні ад жонкі і сяброў, што пачалася вайна. На той момант я знаходзіўся ў ЗША, але ведаў, што прыеду сюды.

Павал Шурмей
Павал Шурмей

— У ЗША вы жылі ці гэта была нейкая службовая выправа?

— У апошнія гады я часта бываю ў Амэрыцы. Выступаю там на вэтэранскіх спаборніцтвах, там прыемна трэнавацца. Прыляцеў у Нью-Ёрк за два тыдні да пачатку вайны, апошнім часам праз пандэмію розныя спаборніцтвы адмяняліся, таму мелі вялікую надзею выступіць гэтым разам.

— Што было пасьля? Вы проста сарваліся зь месца, каб ляцець ва Ўкраіну?

— Цягам апошніх гадоў я шмат часу праводзіў у нашай беларускай праваслаўнай царкве ў Нью-Ёрку, яны мне дапамагалі, я там жыў. Ня тое каб я сарваўся, бо трэба было некалькі дзён, каб набыць білет. Мясцовыя хлопцы казалі, што трэба пачакаць, каб мне сабралі амуніцыю, бронекамізэльку, мэдыкамэнты. Мае сябры мне з усім гэтым дапамаглі. Вылецеў 28 лютага.

— Паляцелі ў Польшчу, а ўжо адтуль ва Ўкраіну?

— Так, я ведаў, што ў Варшаве ёсьць цэнтар, які зьбірае беларускіх добраахвотнікаў. Мяне там сустрэлі, а пасьля мы чакалі дазволу на перасячэньне мяжы. Мяне парадавала, што весьляры з усяго сьвету мяне падтрымалі. Палякі з Уроцлава, блізкія да вясьлярства, сказалі, што дапамогуць з транспартам. Ад іх мы атрымалі мікрааўтобус, зьезьдзіў ва Ўроцлаў забраць яго. Потым у Варшаве забраў хлопцаў і рыштунак, і так мы рушылі да Кіева.

— Беларускія весьляры дапамагаюць таксама?

— Тыя, з кім я сябрую, каго я добра ведаю, яны амаль усе ў Беларусі, але нават яны выказваюць словы падтрымкі. А вось весьляры з Украіны, зь іншых краінаў дапамагаюць і матэрыяльна вельмі добра.

— Ці ня ведаеце, якая пазыцыя ў славутай вясьляркі Кацярыны Карстэн-Хадатовіч?

— Ня ведаю. Пасьля 2020 году яна падтрымлівае тыя ўлады, якія цяпер у Беларусі. Я вельмі даўно яе знаю, яна нармальны, добры чалавек. Але пры гэтым яе ўспрыманьне сьвету такое, што Лукашэнка добры, бо пабудаваў да яе вёскі асфальтаваную дарогу. Добра, што гэтая дарога ёсьць, але, магчыма, калі б быў іншы чалавек кіраўніком дзяржавы, то асфальтаваную дарогу праклалі б ня толькі да яе ў вёску, але і ў суседнюю, і дзесьці на Палесьсі, і на Віцебшчыне. Паўсюль бы яны былі. Ня ўсе адразу гэта разумеюць, ім патрэбен нейкі трыгер для такога ўспрыняцьця. Маўляў, ён робіць шмат для веславаньня, але магчыма, іншы чалавек зрабіў бы ў пяць разоў болей пры тых жа рэсурсах. Можа быць, варта было канал зрабіць сьціплейшым, а на гэтыя грошы пабудаваць анкалягічны цэнтар? Ці ўвогуле зрабіць умовы, каб і каналы, і анкацэнтры будавалі спонсары, а не дзяржава? А то ў нас загадалі старшыні Нацбанку Пятру Пракаповічу (ён тады быў кіраўніком фэдэрацыі веславаньня) пабудаваць канал — ён пабудаваў. А трэба глядзець крыху глыбей на ўсе гэтыя працэсы.

— А ці знаёмыя вы зь весьляром Аляксандрам Багдановічам, які быў і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, і Лукашэнку падтрымлівае ва ўсім?

— Знаёмыя, але ніколі не сябравалі. І на зборах былі разам, і на Алімпійскіх гульнях. Ён шмат чаго дабіўся ў спорце, за гэта меў шмат чаго ад дзяржавы. Але што ён яшчэ ўмее ў жыцьці? Я ня надта зьдзіўляюся, калі добрыя спартоўцы потым ідуць па дзяржаўнай лініі, бо яны нічога іншага ня ўмеюць.

Многім нашым людзям ва ўсім патрэбен нейкі цар, пан, пастух, каб ён прымаў за іх усе рашэньні. Кажуць, іншы на месцы Лукашэнкі пачаў бы красьці. Пытаюся, ты б асабіста краў? Не, адказваюць. Дык чаму ты лічыш, што іншыя таксама б кралі? Трэба браць нейкую адказнасьць за сябе, свае дзеяньні, а то хочуць, каб і на гаршчок ср...ць звадзілі, і ва ўнівэрсытэт уладкавалі, і на завод за руку прывялі.

— З Лукашэнкам як спартовец вы калісьці сустракаліся?

— Перад адпраўкай на Алімпіяду-2008 у Пэкін у Палацы Рэспублікі была такая агульная сустрэча. А потым ужо ў самім Кітаі прылятаў да нас у алімпійскую вёску, бачыў яго два разы ў жыцьці.

— Якое ўражаньне зрабіў на вас?

— У Палац Рэспублікі спазьніўся на гадзіну-паўтары. Прыйшоў з моцна накладзеным грымам, злосны такі, ня ведаю, што ў яго адбывалася. Я Леніна ніколі ня бачыў, але было ўражаньне, што гэта мумію з маўзалея дасталі. Потым яму на вуха нешта нашапталі, то павесялеў крыху.

У 1994 годзе мне споўнілася 18 гадоў, але толькі 1 верасьня, таму на выбарах галасаваць ня мог. Калі б галасаваў, то за Пазьняка. Ніякіх ілюзій наконт Лукашэнкі я ня маю з 1994 году.

— А з Пазьняком знаёмыя па Нью-Ёрку, па царкве?

— Так, пазнаёміўся. Я вельмі рады, што мне пашанцавала гэта зрабіць. Вялі зь ім некалькі разоў вельмі цікавыя размовы.

— Ці сталі падзеі 2020 году для вас адкрыцьцём — і жорсткасьць сілавікоў, і колькасьць людзей на вуліцах?

— Я тады таксама быў у ЗША. Адчуваў бездапаможнасьць крыху, бо нічога ня можаш зрабіць. Я быў вельмі разьюшаны. Прыемна зьдзівіла колькасьць людзей. Мы зь сябрамі шмат абмяркоўвалі, што ў галаве таго ж Лукашэнкі і ягоных дарадцаў, як яны маглі намаляваць сабе 83%? Але гэта хворыя людзі, яны не маглі інакш.

— Адкуль у вас такая добрая беларуская мова?

— Не лічу, што яна добрая. Не заўсёды я на ёй размаўляю, а толькі час ад часу. Магчыма, гэта ня варта гаварыць, але ў школе ў 1980-я мне не падабалася вывучаць беларускую. Па літаратуры я ніколі не атрымліваў «выдатна», бо ня ўмеў добра размаўляць. Бабуля зь дзедам размаўлялі на польска-беларуска-расейскай трасянцы. Бацька са старэйшым братам аж да 1950-х гадоў, калі пайшлі ў школу, гаварылі па-польску. Мяне палякі лічаць за свайго, я таксама добра гавару па-польску.

— А калі пералом адбыўся ў стаўленьні да беларускай мовы?

— Помню, у сакавіку 1993-га вяртаўся ці аўтобусам, ці цягніком зь Нямеччыны. Я доўга-доўга чытаў кнігу, і толькі дзесьці на сярэдзіне зразумеў, што яна па-беларуску — гэта было «Дзікае паляваньне караля Стаха» Ўладзімера Караткевіча. Пасьля гэтага для мяне не было пытаньня, ці чытаць кнігі па-беларуску, добра запомніў гэты момант.

— Калі прыехалі ва Ўкраіну, то разумелі, куды едзеце?

— Я разумеў, натуральна. Я ехаў на вайну. Як сьпяваў Віктар Цой: «Война — дело молодых, лекарство против морщин». Ты можаш быць былым спартоўцам, але калі табе 45, то гэта ўжо зусім не 18 і не 20. У мяне было вялікае жаданьне трапіць у Мікалаеў, горад маёй жонкі, але гэта было немагчыма. Мой кум, наш сябра, быў у тэрытарыяльнай абароне Мікалаева, ён вэтэран АТА, быў паранены, кантужаны — Дзьмітро Алейнік. Падчас удару па абласной адміністрацыі ён загінуў.

Дзьмітро Алейнік
Дзьмітро Алейнік

— А ў арміі вы служылі?

— Не. Жарты жыцьця. Я ў свой час у юнацтве марыў быць вайскоўцам. Калі скончыў школу, то мне не было нават 17 гадоў, трэба было год зь лішнім чакаць прызыву. У гэты час я трапіў на будоўлю да палякаў, якія будавалі квартал для вайскоўцаў. У першы дзень я тады зразумеў, што гэта нават ня войска, але мне надта не падабаецца. Я павінен быў служыць у спартовай роце Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь, быў нават загад на мяне, але служыць так і не пайшоў — вучыўся надта доўга. Ва Ўкраіне я амаль штогод прыяжджаў да сяброў у Карпаты на паляваньне; мне падабаецца падводнае паляваньне. Люблю горы. Нейкую фізычную падрыхтоўку маю.

— То бок страляеце добра?

— Той досьвед, які я атрымаў за апошнія дні, хоць ён і невялікі, больш значны за ўсё, што было. Самая галоўная падрыхтоўка — псыхалягічная. Можна ўсё жыцьцё служыць у войску, умець добра страляць і хутка бегаць, але калі побач з табой ляцяць міны, снарады, кроў, гінуць людзі, то трэба ўмець яшчэ ўсё гэта прымяніць. Беларускія генэралы, якія гавораць, што хутка перамогуць ва Ўкраіне — ну калі ласка, хлопцы з баявым досьведам хутка дадуць вам зразумець, хто вы такія і чаго вартыя.

— Як узьнік варыянт з батальёнам Каліноўскага?

— Ва Ўкраіну ў той момант можна было трапіць толькі ў Кіеў да тэрытарыяльнай абароны палку «Азоў», інакш беларусаў не пускалі. Так — значыць так.

Беларускія добраахвотнікі батальёну Кастуся Каліноўскага ва Ўкраіне
Беларускія добраахвотнікі батальёну Кастуся Каліноўскага ва Ўкраіне

— І якія былі першымі ўражаньні ад батальёну?

— Полк «Азоў» усе ведаюць. Я меў надзею, што мы атрымаем добры досьвед і дапамогу. Цяпер мы не пад «Азовам», а пад Узброенымі сіламі Ўкраіны. «Вучэбка» ня канчаецца і цяпер. Вучыцца трэба ўвесь час.

— Адкуль у вас пазыўны «Дзядзька»?

— Таму што я дзядзька. Калі на мяне паглядзець, то адразу ўсё становіцца зразумелым. Апошнія гады мае сябры ўвесь час называюць «дзядзькам».

— Ірпень — гэта быў першы досьвед для вас баявых дзеяньняў?

— Так, і для мяне, і для некаторых іншых навабранцаў.

Ірпень, 11 сакавіка 2022 году
Ірпень, 11 сакавіка 2022 году

— Ваш камандзір «Борт» казаў, што ў бітве за Ірпень вы паказалі сябе зь лепшага боку. Можа, расказалі б, як гэта было?

— Усе хлопцы, якія там былі, паказалі сябе зь лепшага боку. Нічога надзвычайнага я не рабіў. Так, гэта было жахліва, калі ўпершыню ў жыцьці ты трапляеш пад моцны артылерыйскі, мінамётны абстрэл. Але мы не разгубіліся і рабілі тое, што мусілі рабіць, — прыкрывалі перамяшчэньне нашых груп, аказвалі дапамогу параненым. Наш парамэдык «Фрэдзі» вельмі шмат зрабіў, а мы дапамагалі яму.

— Беларускі батальён унёс значны ўклад у вызваленьне Ірпяня?

— Слухайце, такое пытаньне... Ня трэба пра значны ўклад — мы проста ўнесьлі свой уклад.

— Якое гэта ўражаньне, калі побач узрываюцца снарады?

— Гэта трэба проста перажыць, але я ня раю нікому праз гэта прайсьці. Калі чалавек вырашыў дапамагаць Украіне, то ён павінен псыхалягічна сябе рыхтаваць да гэтага. Гэта вельмі жахліва, калі вы размаўляеце з чалавекам, адбываецца выбух, ты ляціш, пасьля ўстаеш, а чалавек побач з табой ці паранены, ці забіты. Лепш гэтага ня бачыць.

— Вы бачылі на свае вочы, як гінуць людзі?

— Так.

— Ці былі вы знаёмымі са Зьмітром «Тэрорам»?

— Пазнаёміліся ўжо ва Ўкраіне. Гэта быў камандзір майго падразьдзяленьня. Пра яго ўжо шмат расказалі. Я толькі скажу, што ўсё гэта праўда: ён быў выдатным ваяром, цудоўным хлопцам.

— Які цяпер настрой у вас і людзей побач з вамі?

— Верым у перамогу. Дапамагаючы Ўкраіне, мы дапамагаем Беларусі. Будзе перамога і ў Беларусі, і вы зьдзівіцеся, як шмат украінцаў дапамогуць нам у гэтым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG