Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БелаПАН абвінавачваюць у «фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці на суму ня менш як 4 млн даляраў»


Палітвязьні Ірына Леўшына, Дзьмітры Наважылаў, Андрэй Аляксандраў, Ірына Злобіна
Палітвязьні Ірына Леўшына, Дзьмітры Наважылаў, Андрэй Аляксандраў, Ірына Злобіна

Як заявіў 8 красавіка Сьледчы камітэт Беларусі, «у справе БелаПАН устаноўлена фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці на агульную суму ня менш як 4 мільёны даляраў ЗША».

Ведамства сьцьвярджае, што сьледчыя сабралі доказы аб датычнасьці былых кіраўнікоў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Дзьмітрыя Наважылава і Ірыны Леўшынай, мэдыямэнэджара Андрэя Аляксандрава і грамадзкай актывісткі Ірыны Злобінай да «шэрагу злачынстваў, у тым ліку накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі».

4 красавіка стала вядома, што сталічная пракуратура накіравала справу палітвязьняў Дзьмітрыя Наважылава, Андрэя Аляксандрава, Ірыны Леўшынай і Ірыны Злобінай у Менскі гарадзкі суд.

БелаПАН — найстарэйшае незалежнае інфармацыйнае агенцтва Беларусі. Яно працавала з 1991 году. З таго часу ня раз улады рабілі ў кампаніі шматлікія праверкі, ператрусы, заводзілі на супрацоўнікаў крымінальныя справы, кідалі журналістаў за краты, заблякавалі сайт Naviny.by.

Першага лістапада КДБ прызнаў БелаПАН «экстрэмісцкім фармаваньнем». Спэцслужба патлумачыла, што «група грамадзян зь ліку супрацоўнікаў БелаПАН ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць». Лягатып у выглядзе надпісу «БелаПАН» і вершніка зь мячом на кані КДБ таксама прызнаў экстрэмісцкім.

Былы намесьнік дырэктара БелаПАН Андрэй Аляксандраў і яго дзяўчына Ірына Злобіна знаходзяцца пад вартай з 12 студзеня 2021 году, былы дырэктар Дзьмітры Наважылаў і Ірына Леўшына, якая зьмяніла яго на гэтай пасадзе, — з 18 жніўня. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі, а справу супраць іх — палітычна матываванай.

На цяперашні момант праца агенцтва фактычна паралізаваная. Улады апячаталі офіс БелаПАН, заблякавалі сайт агенцтва, нават канфіскавалі сэрвэры з «Белтэлекаму». Большасьць супрацоўнікаў рэдакцыі былі вымушаныя пакінуць краіну.

У чым улады абвінавачваюць работнікаў БелаПАН

Паводле Генпракуратуры, Аляксандраву і Злобінай ставіцца ў віну «падрыхтоўка з 14 жніўня 2020 году па 12 студзеня 2021 году ня менш як 260 асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак, шляхам аплаты адміністрацыйных штрафаў, рахункаў за харчаваньне ў месцах утрыманьня і адбываньня адміністрацыйных арыштаў; рахункаў за паслугі адвакатаў» (ч. 2 арт. 342 КК). Ім жа інкрымінуецца «аказаньне дапамогі замежнай арганізацыі ByHelp і яе прадстаўнікам у дзейнасьці, накіраванай на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь» (ч. 1 арт. 356 КК).

Праваабаронцы сьцьвярджаюць, што аплата штрафаў не зьяўляецца фінансаваньнем групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

«У пэрыяд з 9 жніўня па канец 2020 году на пратэстоўцаў было накладзена штрафаў на суму больш як 530 тысяч эўра. Абсурдна зьвязваць намаганьні ў аказаньні дапамогі ў аплаце гэтых штрафаў з парушэньнем грамадзкага парадку, ня кажучы ўжо аб дзяржаўнай здрадзе», — адзначаецца ў супольнай заяве 14 міжнародных арганізацый, якія заклікалі вызваліць журналіста Аляксандрава.

Таксама Аляксандраву, Наважылаву і Леўшынай ставіцца ў віну «стварэньне зь ліку работнікаў ЗАТ „БелаПАН“ і іншых асоб групы грамадзян, якая ў 2020–2021 гадах ажыцьцяўляла экстрэмісцкую дзейнасьць» (ч. 1 арт. 3611).

Акрамя таго, Аляксандраву і Наважылаву інкрымінуецца «ўхіленьне ад выплаты падаткаў пры спрошчанай сыстэме падаткаабкладаньня за 2015–2020 гады і падаходнага падатку зь фізычных асоб за люты 2015 году — красавік 2021 году шляхам утойваньня, наўмыснага заніжэньня падаткаў» (ч. 2 арт. 243 КК).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG