Украінскія войскі выйшлі на дзяржаўную мяжу зь Беларусьсю ў Чарнігаўскай вобласьці, паведамляе апэратыўнае камандаваньне УСУ «Поўнач» у Facebook.
Удакладняецца, што падразьдзяленьні ўкраінскай арміі забясьпечваюць ахову дзяржаўнай мяжы ў раёне населеных пунктаў Дняпроўскае, Горск і Неданчычы. Гэтыя прыгранічныя сёлы — на захад і на поўнач ад Чарнігава, піша BPN.
У апэратыўнай зводцы Генштабу УСУ на 18 гадзін 5 красавіка паведамляецца: ідзе вываз па чыгунцы і вайскова-транспартнымі самалётамі вайсковай тэхнікі УС РФ з тэрыторыі Беларусі.
«У той жа час выяўлена перамяшчэньне асобных падразьдзяленьняў узброеных сіл рэспублікі ў напрамку дзяржаўнай мяжы Ўкраіны. Не выключаецца правядзеньне ратацыі падразьдзяленьняў, уцягнутых ва ўзмацненьне аховы дзяржаўнай мяжы Беларусі», — зазначаецца ў рэлізе.
Аб узяцьці пад кантроль участка мяжы зь Беларусьсю УСУ заявілі 3 красавіка пасьля вызваленьня ад расейскіх войскаў Кіеўскай вобласьці, аднак падрабязнасьці не паведамляліся.