У апазыцыйны альянс уваходзяць партый розных накірункаў: лібэралы, левыя, «зялёныя» і правыя нацыяналісты. Апазыцыя спрабуе ператварыць выбары ў галасаваньне аб цывілізацыйным шляху для краіны, заяўляючы, што ў нядзелю вырашыцца, ці будзе Вугоршчына разам з Захадам ці з Усходам.
Прэм’ер-міністра Віктара Орбана і яго партыю абвінавачваюць у супрацоўніцтве з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, якое не перапынілася і пасьля пачатку вайны ва Украіне; у карупцыі, аўтарытарызме і эканамічным папулізме.
Нягледзячы на тое, што Вугоршчына далучылася да санкцыяў супраць Расеі, краіна не прапускае праз сваю тэрыторыю ваенныя грузы ў дапамогу Ўкраіне, а ўрад фактычна адмаўляецца зьнізіць залежнасьць эканомікі ад расейскіх энэргарэсурсаў.
На заключным перадвыбарным мітынгу апазыцыі ўвечары 1 красавіка апазыцыйны кандыдат на пасаду прэмʼер-міністра Петэр Маркі-Заі абвінаваціў Орбана ў дзяржаўнай здрадзе за яго сувязі з Масквой.
Для Орбана патэнцыйная перамога на выбарах можа стаць чацьвёртай паводле ліку і пятай у ягонай палітычнай карʼеры. «Фідэс» пазыцыянуе сябе як гарант міру і стабільнасьці ў краіне, кіроўная партыя абвінавачвае апазыцыю ў фінансаваньні Захадам і жаданьні ўцягнуць Вугоршчыну ў вайну ва Ўкраіне. Аб гэтым прэмʼер-міністар заявіў у апошнім перадвыбарным звароце, заявіўшы, што левыя сілы «заключылі пакт» з Кіевам, каб умяшацца ва ўзброены канфлікт пасьля перамогі на галасаваньні.
На рэфэрэндум, ініцыяваны кансэрватыўным урадам, вынесеныя 4 пытаньні: ці падтрымліваюць яны «выкладаньне сэксуальнай арыентацыі» у школах бязь згоды бацькоў, ці падтрымліваюць яны прасоўваньне зьмены полу сярод дзяцей, неабмежаваны доступ дзяцей да адкрытага сэксуальнага кантэнту ў мэдыя і паказ мэдыякантэнту аб зьмене полу непаўналетнім.
Кансэрватыўная палітыка «Фідэс» у дачыненьні да ЛГБТ актыўна крытыкуецца праваабарончымі арганізацыямі і Эўразьвязам. У 2021 годзе парлямэнт прыняў законапраект аб забароне так званай «ЛГБТ-прапаганды» непаўналетнім, які многія назіральнікі называюць вельмі падобным да закону, прынятага ў Расеі.
Перадвыбарныя апытаньні адзначаюць нязначную перавагу «Фідэса» перад апазыцыйнай кааліцыяй. Калі вынікі галасаваньня будуць блізкія да апытаньняў, кіруючая партыя страціць канстытуцыйную большасьць у 2/3 галасоў, атрыманую на папярэднім галасаваньні.
У Сэрбіі сёньня праходзяць выбары прэзыдэнта краіны і новага складу Народнай скупшчыны — аднапалатнага 250-мясцовага парлямэнту. Ва ўсеагульных выбарах бяруць удзел восем кандыдатаў у прэзыдэнты і 19 парлямэнцкіх сьпісаў.
На выбарах прэзыдэнта папярэднія апытаньні давалі ўпэўненае лідэрства дзейнаму кіраўніку дзяржавы Аляксандру Вучычу. «Буду расчараваны, калі атрымаю менш за 60% галасоў ужо ў першым туры», — заявіў ён перад галасаваньнем.
Вынікі выбараў у парлямэнт Сэрбіі, упэўненыя аглядальнікі, стануць праекцыяй прэзыдэнцкіх: кіруючая Сэрбская прагрэсіўная партыя, у якой старшюе Вучыч, разьлічвае на 53% галасоў. Другое месца прадказваюць апазыцыйнай кааліцыі «Абʼяднаныя за перамогу Сэрбіі» (13%), трэцяе — Сацыялістычнай партыі Сэрбіі (10%) на чале з палітычным партнэрам Вучыча, старшынём Народнай скупшчыны Івіцай Дачычам.
Заканчэньне першага тэрміну Вучыча характарызавалася шырокімі экалягічнымі пратэстамі, у якіх многія бачылі палітычную подбіўку, а менавіта — незадаволенасьць аўтарытарнымі мэтадамі кіраваньня Вучыча.
Пасьля сёньняшніх выбараў новаму прэзыдэнту трэба будзе вырашаць дзьве праблемы, якія набываюць усё большую вастрыню: неўрэгуляваныя адносіны з Косавым, якое Бялград лічыць часткай сваёй краіны, а таксама пытаньне санкцыяў супраць Расеі, уведзеных пасьля ўварваньня ва Ўкраіну. Сэрбія застаецца адзіным кандыдатам у чальцы ЭЗ, які ўстрымаўся ад іх прыняцьця.
Кіраўніцтва ЭЗ адкрыта дамагаецца далучэньня Сэрбіі да агульнай пазыцыі Эўропы ў гэтым пытаньні.