Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Контравыведка Казахстану заявіла, што перадухіліла замах на прэзыдэнта


Касым-Жамарт Такаеў
Касым-Жамарт Такаеў

Камітэт нацыянальнай бясьпекі (КНБ) Казахстану заявіў аб затрыманьні грамадзяніна краіны, які рыхтаваў замах на прэзыдэнта Касым-Жамарта Такаева

Сьцьвярджаюць, што падазраваны працаваў на замежную выведку, а адной зь яго задачаў было «стварэньне ў грамадзтве русафобскіх настрояў» і распаўсюд антырасейскай прапаганды.

Заяву КНБ перадае дзяржаўнае агенцтва «Казинформ». Сьцьвярджаецца, што падазраваны рыхтаваў замахі і на іншых чыноўнікаў і плянаваў учыніць тэракты ў дачыненьні да супрацоўнікаў сілавых структур. Заяўляецца, што затрыманы прызнаўся ў выкананьні заданьняў замежнай дзяржавы.

На якую краіну мог працаваць затрыманы — не ўдакладняецца.

«Казинформ» распаўсюдзіў фатаграфіі з наяўнымі далярамі ЗША і снайпэрскай стрэльбай, якія, як пішуць, сканфіскавалі ў падазраванага пры затрыманьні ў сталіцы краіны.

  • 68-гадовы Такаеў быў абраны на пасаду прэзыдэнта ў 2019 годзе на пазачарговых выбарах, зьмяніўшы першага прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева. Палітык у розныя часы быў прэм’ер-міністрам Казахстану і міністрам замежных справаў.
  • У студзені 2022 года ў Казахстане прайшлі маштабныя пратэсты, якія перарасьлі ў беспарадкі, жорстка здушаныя вайскоўцамі. Такаеў карыстаўся публічнай падтрымкай Масквы — у краіну быў уведзены кантынгент войскаў АДКБ.
  • На гэтым тыдні першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Казахстану Цімур Сулейменаў заявіў, што Казахстан ня будзе інструмэнтам для абыходу санкцыяў ЗША і Эўразьвязу ў дачыненьні да Расеі.
  • «Мы будзем выконваць санкцыі. Нягледзячы на тое, што мы зьяўляемся часткай эканамічнага саюзу з Расеяй, Беларусьсю і іншымі краінамі, мы таксама зьяўляемся часткай міжнароднай супольнасьці. Таму менш за ўсё мы хочам, каб да Казахстану ўжываліся другасныя санкцыі ЗША і ЭЗ», — падкрэсьліў Сулейменаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG