Галоўнае на гэты момант
- Расейцы нанесьлі авіяўдар па Адэсе.
- Мэр Берыславу Херсонскай вобласьці выйшаў на волю пасьля расейскага палону.
- У Бучы Кіеўскай вобласьці вуліцы заваленыя целамі цывільных жыхароў, расстраляных расейскімі вайскоўцамі, імаверна, пры адступленьні з гораду.
- У Мікалаеўскай вобласьці ў выніку расейскай агрэсіі загінулі 134 мірныя жыхары, у тым ліку 6 дзяцей.
- Расейскія войскі нанесьлі ўдары па Палтаве і Краменчуку.
- Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны абнародавала пералік 106 беларускіх вайскоўцаў з 38-й дэсантна-штурмавой брыгады вайсковай часткі 92616 зь Берасьця, якую нібыта спрабуюць уцягнуць у вайну з Украінай на баку Расеі.
- Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі зьвярнуўся да парлямэнтаў Аўстраліі і Нідэрляндаў. Ён заклікае даць Украіне зброю. Ад пачатку расейскага ўварваньня Зяленскі ўжо зьвярнуўся да парлямэнтаў 17 краін.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 3 красавіка
Прадстаўнікі Кадырава раздавалі ў якасьці гуманітарнай дапамогі скрадзеныя ў крамах прадукты
На відэа раздачы гуманітарнай дапамогі жыхарам захопленых расейцамі паселішчаў ва Ўкраіне, трапілі ўпакоўкі прадуктаў, якія падразьдзяленьні, што знаходзяцца ў падначаленьні Рамзана Кадырава прывезьлі на месца. Як піша кіраўнік Bellingcat, гэта проста скрадзеныя з украінскіх крамаў тавары.
У акупаванай Кахоўцы расейцы разганялі мітынг за Ўкраіну
На поўдні Ўкраіны ў горадзе Кахоўка Херсонскай вобласьці расейскія вайскоўцы адкрылі агонь па мітынгу за еднасьць Украіны. Ёсьць параненыя, але дакладная іх колькасьць невядомая.
Над Прыпяцьцю зноў лунае ўкраінскі сьцяг
Украінскія вайскоўцы зноў занялі пляцоўку Чарнобыльскай АЭС, якую ад пачатку маштабнага наступу 24 лютага трымалі пад кантролем расейцы.
Авіяўдар па Адэсе
Раніцай 3 красавіка расейскія вайскоўцы нанесьлі авіяўдар па Адэсе, частка ракет была зьбіта ўкраінскай сыстэмай супрацьпаветранай абароны, паведамілі ў мэрыі.
«Паведамляецца пра пажар у некаторых раёнах. Рэкамэндуецца зачыняць вокны і не перашкаджаць адпаведным службам выконваць сваю працу. Нагадваем, не публікуйце фота і відэа наступстваў. Чакаем афіцыйных дадзеных», — гаворыцца ў паведамленьні мэрыі ў Facebook.
Між тым у апэратыўным камандаваньні «Поўдзень» дадалі, што, паводле папярэдніх зьвестак, пацярпелых няма.
У расейскім палоне застаюцца сямёра ўкраінскіх чыноўнікаў
Мэр гораду Берыслаў Херсонскай вобласьці Ўкраіны Аляксандар Шапавалаў вызвалены з расейскага палону.
У расейскім палоне цяпер перабываюць як мінімум 7 украінскіх чыноўнікаў. Акрамя таго, расейцы захапілі за час агрэсіі некалькіх журналістаў.
У Марыюпалі забіты літоўскі дакумэнталіст
Літоўскага дакумэнталіста Мантаса Кведаравічуса забілі 2 красавіка ў Марыюпалі пры спробе выехаць з гораду. Ён стварыў дакумэнтальны фільм пра Марыюпаль у 2016 годзе.
«З камэрай у руках, на гэтай бруднай вайне зла супраць усяго сьвету», — напісаў пра ягоную сьмерць расейскі рэжысэр Віталь Манскі.
Мантасу было 45 гадоў. Ён таксама быў археолягам і антраполягам. Меў ступень доктара філязофіі ў галіне сацыяльнай антрапалёгіі ў Кембрыдзкім унівэрсытэце, быў дацэнтам Віленскага ўнівэрсытэту.
На Луганшчыне аднавілі сьвятло ў 1,5 тысячы дамоў
У Луганскай вобласьці адрамантавалі паветраную лінію і зноў засілкавалі 18 падстанцый. 1248 дамоў зноў з электрычнасьцю. Пра гэта паведаміў кіраўнік Луганскай вайсковай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай.
Цяпер абясточанымі застаюцца 535 трансфарматарных падстанцый, 13 населеных пунктаў часткова і 17 цалкам. Вяртаньня сьвятла чакаюць 95 938 спажыўцоў.
У вызваленай Бучы сотні забітых цывільных жыхароў
Як сказаў мэр гораду Буча Кіеўскай вобласьці Анатоль Федарук, 280 чалавек ужо пахавалі ў братэрскіх магілах. Паводле яго, вуліцы заваленыя трупамі, гэта ж пацьвярджаюць і фотаздымкі. У многіх людзей завязаныя рукі за сьпінай.
Уцекачы ад вайны
Міністэрства замежных спраў Украіны заклікала ўкраінцаў, якіх прымусова вывезьлі ў Расею, зьвяртацца ў амбасады Ўкраіны ў іншых краінах сьвету.
Кантакты амбасадаў разьмешчаныя ў тэлеграм-канале МЗС Украіны.
«У сувязі з масавым прымусовым вывазам расейскімі вайскоўцамі грамадзян Украіны на тэрыторыю Расеі рэкамэндуем суайчыньнікам, якія сталі ахвярамі такіх незаконных дзеяньняў расейскага рэжыму і хочуць вярнуцца ва Ўкраіну, паведаміць зьвесткі пра сябе бліжэйшай амбасадзе Ўкраіны ў суседніх дзяржавах або дзяржавах магчымага транзытнага праезду», — паведамілі ў МЗС Украіны.
Колькасьць уцекачоў з Украіны, паводле абноўленых зьвестак офісу Высокага камісара ААН у справах уцекачоў, ад пачатку расейскай агрэсіі склала 4 019 287 чалавек.
Найбольш прыняла Польшча — 2 336 799 чалавек, 608 936 перш паехалі ў Румынію, 387 151 — у Малдову, 364 804 — у Вугоршчыну, 350 632 — у Расею, 281 172 — у Славаччыну. На 7-м месцы ў сьпісе Беларусь, у яе пасьля пачатку разьвязанай расейцамі вайны прыехалі 10 902 украінцы.
Што адбываецца ў Расеі
У Расеі затрымалі каля 200 удзельнікаў антываенных акцый
Дзясяткі людзей затрымалі ў Маскве і Пецярбургу. У Маскве масавыя затрыманьні прайшлі ў парку Зарадзьдзе, разьмешчаным побач з Крамлём. Апазыцыйны рух «Вясна» раней анансаваў акцыю пратэсту на мосьце над ракой Масквой.
Каля ваеннага шпіталя ў Пецярбургу таксама прайшоў антываенны пікет. На журналістку выданьня «Сота» Вікторыю Арэф’еву напалі курсанты на чале з афіцэрам. Яе павалілі на зямлю і разьбілі ёй акуляры і тэлефон — піша «Сота». Пачатак нападу патрапіў на відэа.
Аэрапорт «Пулково» ў Санкт-Пецярбургу, 25% якога належыць Нямеччыне, выкарыстоўваюць у вайне Расеі супраць Украіны
Не менш за 6 вайсковых самалётаў Расеі карыстаюцца гэтым аэрапортам для мэтаў поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны. Пра гэта гаворыцца ў расьсьледаваньні «Схемаў» (праект Радыё Свабода), якія прааналізавалі пералёты ваенных бартоў у сэрвісе Flightradar24.
Аэрапорт «Пулково» ў Санкт-Пецярбургу ўваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых у Расеі. Кіруючая кампанія — расейская кампанія «Воздушные ворота северной столицы». З 2009 года нямецкая кампанія Fraport мае ў ёй 25% акцый, якая ў сваю чаргу кантралюецца ўрадам Нямеччыны і нямецкімі падаткаплацельшчыкамі. Больш за 31% Fraport належыць зямлі Гесэн і каля 21% — гораду Франкфурту.
Пуцін падпісаў указ аб вясновым прызыве ў войска
Прызыў пройдзе з 1 красавіка па 15 траўня, на тэрміновую службу маюць намер прызваць 134 500 чалавек ад 18 да 27 гадоў. Гэта на 7 тысяч больш, чым леташні восеньскі прызыў. Ад пачатку вайны з Украінай расейскія ўлады і асабіста Пуцін адмаўлялі, што ў ёй удзельнічаюць салдаты тэрміновай службы. Але потым Мінабароны Расеі прызнала «некалькі фактаў» прысутнасьці вайскоўцаў тэрміновай службы ў частках расейскіх узброеных сіл. У Крамлі абяцалі разабрацца.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з гэтым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.
Як рэагуе сьвет
Папа Францішак пра Пуціна: «Самаўладца» распальвае канфлікты дзеля нацыяналістычных інтарэсаў
Папа Рымскі Францішак у суботу ўпершыню з пачатку вайны ва Ўкраіне ўскосна раскрытыкаваў расейскага прэзыдэнта, заявіўшы, што «самаўладца» распальвае канфлікты дзеля нацыяналістычных інтарэсаў.
Масква заяўляе, што распачатая ёю 24 лютага вайна ва Ўкраіне зьяўляецца «спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй», накіраванай не на акупацыю тэрыторыі, а на дэмілітарызацыю і «дэнацыфікацыю» свайго суседа. Францішак ужо адпрэчыў гэтую тэрміналёгію, назваўшы дзеяньні Масквы вайной.
У пакет вайсковай дапамогі Пэнтагону Ўкраіне ўвойдуць ракеты з лазэрнай сыстэмай навядзеньня
Міністэрства абароны ЗША аб’явіла, што ў рамках дапамогі Ўкраіне яно вылучае яшчэ 300 мільёнаў даляраў на «падтрымку ў сфэры бясьпекі». Пакет дапамогі складаецца з ракетных сыстэмаў з лазэрнай сыстэмай навядзеньня, дронаў, боепрыпасаў, прыладаў начнога бачаньня, сыстэмаў сувязі, мэдычнага рыштунку і розных запчастак, паведамляе «Голас Амэрыкі».
«Гэтае рашэньне падкрэсьлівае непахісную прыхільнасьць Злучаных Штатаў захаваньню сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласьці Ўкраіны і падтрымку яе гераічных намаганьняў для адбіцьця вайны, [пачатай] з выбару Расеі», — гаворыцца ў заяве афіцыйнага прадстаўніка Пэнтагону Джона Кірбі.