Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Восем мясцовых расстралялі адразу, кіраўніцтва сяла ўзялі ў палон і катавалі». Сьведчаньні чалавека, які выжыў у расейскай акупацыі


У вёсцы Новая Басань Чарнігаўскай вобласьці пасьля вызваленьня ўкраінскімі войскамі. Шмат разьбітай і кінутай расейскай тэхнікі. Усе фота атрыманыя ад героя матэрыялу
У вёсцы Новая Басань Чарнігаўскай вобласьці пасьля вызваленьня ўкраінскімі войскамі. Шмат разьбітай і кінутай расейскай тэхнікі. Усе фота атрыманыя ад героя матэрыялу

45-гадовы Аляксандар — жыхар Кіева, юрыст па спэцыяльнасьці. Ён трапіў пад расейскую акупацыю — у сваім доме ў вёсцы Новая Басань Чарнігаўскай вобласьці. Вёску вызваліла ўкраінскае войска 30 сакавіка.

Аляксандар расказаў Свабодзе пра жыцьцё ўкраінскіх вяскоўцаў пад расейскай акупацыяй. Перадаем як пачулі, з захаваньнем ягоных ацэнак.

«Людзей выганялі з дамоў, кралі ўсё каштоўнае, гадзілі проста ў хатах»

«Я прачнуўся ад вайны 24 лютага а пятай гадзіне раніцы, мой Кіеў абстрэльвалі ракеты, недалёка ад майго дому ішлі жорсткія баі. Я эвакуаваў сваю сям’ю ў бясьпечнае месца ў Заходняй Украіне. Сам вырашыў вярнуцца дадому. Апроч кватэры ў Кіеве, у мяне дом у Новай Басані. 28 лютага расейскія фашысты акупавалі нашу вёску.

Калі яны заехалі ў вёску, то з аўтаматычнага кулямёта расстралялі мірных жыхароў. Загінулі восем чалавек, аднаго цяжка паранілі. Цывільным было загадана сядзець па хатах. У асноўным маскоўскія злачынцы пасяляліся ў дамах на цэнтральных вуліцах. Гаспадароў дамоў яны выганялі без усялякіх рэчаў, пры гэтым стралялі з аўтаматычнай зброі проста ў доме. Бедныя людзі, у чым толькі былі, ішлі альбо да суседзяў, альбо хаваліся ў халодных падвалах, бязь ежы і вады.

У чужых дамах расейскія фашысты выкрадалі каштоўныя рэчы, грошы, залатыя ўпрыгожаньні, бытавую тэхніку, дзіцячыя цацкі, ежу, адзеньне, пасьцельную бялізну, розны хлам. Што не маглі забраць — расстрэльвалі з аўтаматычнай зброі. Зганялі легкавыя аўтамабілі. Нават свае фізіялягічныя патрэбы спраўлялі проста на падлогу і ў кутах дамоў».

«Скралі 25-гадовую дзяўчыну, празь сем дзён прывезьлі і кінулі каля двара»

«У першы дзень яны абрабавалі ўсе крамы ў пасёлку, вынесьлі ўсё, што было ў крамах. На цэнтральнай вуліцы пасёлка быў проста Армагедон.

Я ведаю пра выпадак, калі яны выкралі адну маладую дзяўчыну, ёй 25 гадоў. Празь сем дзён прывезьлі яе ў дом і выкінулі каля двара. Дзяўчына не размаўляе, пастаянна маўчыць і ні на што не рэагуе. Сваякі дзяўчыны хадзілі да расейскіх фашыстаў, і нейкім цудам злачынцы дазволілі беднай дзяўчыне пакінуць вёску разам са стрыечнай сястрой.

Факты згвалтаваньня мясцовых дзяўчат нярэдкія. Адна сямʼя, якая ўжо ў бясьпецы, мне расказвала: на заўвагу расейскаму салдату не крычаць і не размахваць аўтаматычнай зброяй, таму што ён палохае дзіця, расеец, паглядзеўшы на дзяўчынку дзевяці гадоў, адказаў, што гэта ўжо не дзіця, дарослая жанчына. Пасьля гэтых жудасных слоў сямʼя ў гэты ж дзень уцякла са свайго дому, яны хаваліся ў суседзяў».

«Старшыню нашай грамады і ягонага намесьніка 15 разоў выводзілі на расстрэл»

«У палон да іх трапілі жыхары нашай вёскі, у тым ліку старшыня грамады і ягоны намесьнік. Пасьля вызваленьня яны расказвалі, што іх катавалі, прывязвалі за ногі галавой уніз, 15 разоў выводзілі на расстрэл і стралялі паўзь іх.

У нас няма ні электраэнэргіі, ні газу, ні крам, ні аптэк, ні бальніц, ні мабільнай сувязі. Усё зьнішчана.

Хадзіць па вуліцах пасёлка, асабліва дзе расейскія фашысты былі з тэхнікай, было забаронена. Усіх мужчын, якія хадзілі там, бралі ў палон, вывозілі ў невядомым кірунку. Асабіста мне, калі так можна сказаць, вельмі пашанцавала. Мой дом у канцы вёскі, у такім месцы, дзе няма стратэгічных дарог, толькі выхад да ракі і балота. Таму расейскіх фашыстаў з тэхнікай у маім раёне не было. Да майго дому прыходзілі вайскоўцы з Арэнбургу, больш-менш адэкватныя, правяралі мой дом, каб не было зброі і дывэрсантаў. Яны забралі ў мяне мабільныя тэлефоны і пашкодзілі драты інтэрнэту. Таксама хадзілі групы марадэраў, якія пранікалі ў кожны пусты дом, выкрадалі рэчы людзей.

«Бачылі б вы, як уцякала арда — „другое войска ў сьвеце“, праз нашу вёску!»

«У акупацыі наш пасёлак знаходзіўся 31 дзень. Дзякуючы суседзям у мяне было малако, сыр, гародніна, мяса, хлеб. 29 сакавіка расейскія фашысты пачалі ўцякаць ад Кіева. Адпаведна, уся гэтая арда ўцякала праз наш пасёлак. Каб вы бачылі, як уцякае „другое войска ў сьвеце!“ Я не хачу пакрыўдзіць нацыянальнасьць рома, але гэта ня войска, а цыганскі табар. Да танкаў былі прычэпленыя аўтамабільныя прычэпы і розныя мяшкі з выкрадзенымі рэчамі!

30 сакавіка з 6 гадзіны раніцы ў нашым пасёлку пачаліся баявыя дзеяньні, і цэлы дзень былі баі. Расейскія злачынцы ўцяклі ў суседні пасёлак. Нас вызвалілі. Я яшчэ не магу свабодна хадзіць па вуліцах, бо яшчэ ўкраінскія вайскоўцы выяўляюць недабітых расейцаў і абясшкоджваюць міны і іншыя боепрыпасы.

Многія параўноўваюць Пуціна з Гітлерам, але Пуцін значна горшы за Гітлера. Я ня ведаю як, але трэба зь імі нешта рабіць. Ад іх ніколі ня будзе спакою».

Нагадаем, у час вайны няма магчымасьці апэратыўна праверыць інфармацыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG