Саэйма Латвіі, паводле парталу delfi. lv, аднагалосна ў першым чытаньні зацьвердзіла папраўкі да Закону «Аб іміграцыі», якія датычацца знаходжаньня ў Латвіі іншаземцаў — найперш грамадзян Расеі і Беларусі.
Праграма «Дазвол на жыхарства ў абмен на інвэстыцыі» цалкам закрытая. Больш жорстка акрэсьленыя выпадкі, калі іншаземцы могуць увесь час знаходзіцца ў Латвіі.
Папраўкі ў іміграцыйны закон унясуць тэрміновым чынам, у двух парлямэнцкіх чытаньнях. Перад другім чытаньнем дэпутаты могуць яшчэ падаваць папраўкі да 14.00 панядзелка, 4 красавіка.
Мяркуюць, што закон будзе зацьверджаны канчаткова ўжо 7 красавіка. Гэта значыць, сёньняшняе рашэньне яшчэ не канчатковае.
Цяперашняя рэдакцыя законапраекту прадугледжвае, што да 30 чэрвеня 2023 году не выдаюць першасных дазволаў на часовае жыхарства грамадзянам Расеі і Беларусі, з выняткам каля дзясятка спэцыяльна абумоўленых у законе выпадкаў.
Таксама агаворана, што кампэтэнтныя дзяржаўныя ўстановы будуць даваць інфармацыю ў выпадку, калі замежныя грамадзяне дзейнічалі насуперак інтарэсам Латвіі, услаўлялі, адмаўлялі або апраўдвалі генацыд, ваенныя злачынствы, злачынствы супраць міру і чалавецтва. Такая інфармацыя можа служыць прычынай для рашэньня аб забароне на знаходжаньне ў Латвіі замежнага грамадзяніна, нават калі ён мае дазвол на жыхарства або візу.
Грамадзяне Расеі і Беларусі ўсё ж змогуць запытваць часовы ВНЖ у наступных выпадках, паводле законапраекту:
- на тэрмін ня больш за адзін год у сувязі з працаўладкаваньнем, прадугледжаным заканадаўствам Эўрапейскага Зьвязу або неабходнасьцю працаўладкаваньня такіх работнікаў на прадпрыемстве, у якім мінімум 51% капіталу належыць грамадзянам або юрыдычным асобам краін, якія ўваходзяць у Арганізацыю эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця (OESD), і якія пераносяць сваю дзейнасьць у Латвію з Расеі ці Беларусі. Да 3 траўня крытэрыі, па якіх такім работнікам будуць выдавацца дазволы, яшчэ ўхваліць Кабінэт міністраў;
- на тэрмін ня больш за адзін год, калі знаходжаньне ў Латыскай Рэспубліцы зьвязана з удзелам у праекце навуковага супрацоўніцтва або неабходнасьцю вучобы або вучэбнай практыкі, указанай у прававых актах Эўрапейскага Зьвязу. Да 3 траўня крытэрыі, па якіх такім навучэнцам або дасьледчыкам будуць выдавацца дазволы, яшчэ трэба будзе распрацаваць Кабінэту міністраў. Служба дзяржаўнай бясьпекі (СДБ) будзе правяраць інфармацыю аб такіх работніках;
- на час, на які іншаземцу прадстаўлены альтэрнатыўны статус ва ўстаноўленым Законам аб прыстанішчы парадку;
- на тэрмін, на які іншаземцу прадстаўлена часовая абарона ў адпаведнасьці з Законам аб прытулку;
- на пэрыяд, на які над іншаземцам устаноўлена апека або папячыцельства або на які ён сам прызначаны апекуном або папячыцелем грамадзяніна Латвіі або неграмадзяніна Латвіі. У выпадку ўстанаўленьня апекі пасьведчаньне на права жыхарства выдаецца на тэрмін ня больш за пяць гадоў;
- на тэрмін да даты ўступленьня ў законную сілу рашэньня суду аб скасаваньні шлюбу і вызначэньні месца жыхарства дзіцяці або да даты выдачы пасьведчаньня аб скасаваньні шлюбу, але не даўжэй, чым на адзін год, калі ў шлюбе народжанае дзіця, якое зьяўляецца грамадзянінам або неграмадзянінам Латвіі;
- на тэрмін ня больш за адзін год, калі органы дасудовага расьсьледаваньня або суд патрабуюць ад іншаземца знаходжаньня ў Латыскай Рэспубліцы да завяршэньня расьсьледаваньня крымінальнай справы або судовага разбору;
- на тэрмін ня больш за пяць гадоў, калі іншаземец пры выезьдзе ў іншую дзяржаву страціў статус пастаяннага жыхара Эўрапейскага зьвязу ў Латыскай Рэспубліцы і запытвае від на жыхарства не пазьней за тры гады пасьля выезду;
- на тэрмін ня больш за пяць гадоў, калі іншаземец мае дзейны від на жыхарства пастаяннага жыхара Эўрапейскага Зьвязу, выдадзены ў іншай дзяржаве-члене Эўрапейскага Зьвязу, і няма падстаў запытваць часовы від на жыхарства ў адпаведнасьці зь якой-небудзь нормай гэтых абмежаваньняў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпра, Кіева, Харкава, Адэсы і іншых месцаў. Дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя процілегламу боку тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ карпарацыі «Роснефть» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародзкай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі думку, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16–18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
- У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
- 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
- У красавіку высьветлілася, што мірныя перамовы пакуль ня маюць посьпеху, а тым часам Украіна заявіла, што ведае імёны 155 кітайскіх наймітаў, якія падпісалі кантракты з Расеяй і пайшлі на вайну. Афіцыйны Пэкін заявіў, што сваіх грамадзянаў на вайну не адпраўляў, а наадварот, раіў жыхарам краіны трымацца падалей ад абодвух бакоў.
- Дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць», які выконвае Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, у красавіку 2025 году апублікаваў прозьвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія з 2023 году ваююць супраць Украіны на баку Расеі, зь іх 96 ужо загінулі.
- 1 чэрвеня на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.