Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бэльгіі мужчыну судзяць за падпал дзьвярэй беларускай амбасады. Мы зь ім паразмаўлялі


Антон у сядзібе Эўрапарлямэнту
Антон у сядзібе Эўрапарлямэнту

У Брусэлі судзяць беларуса, які ў ноч з 8 на 9 жніўня 2021 году падпаліў дзьверы беларускай амбасады ў Бэльгіі. Паводле заканадаўства, падпальшчыка могуць пакараць 15–20 гадамі турмы. Аднак цяпер яму пагражаюць максымум 3 гады ўмоўна або сацыяльныя працы.

Свабода паразмаўляла з абвінавачаным, 35-гадовым беларусам Антонам.

Летась у гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў зьявіліся паведамленьні, што ў Брусэлі невядомы зрабіў спробу падпалу дзьвярэй беларускай амбасады. У памяшканьні супрацоўнікаў амбасады не было, але быў ахоўнік, які выклікаў пажарных.

МЗС Беларусі накіравала ноту з патрабаваньнем тэрмінова правесьці расьсьледаваньне. Бэльгійская паліцыя даволі хутка знайшла падазраванага. Ім аказаўся 35-гадовы Антон, які мае беларускае і польскае грамадзянства і пражывае ў прыгарадзе Брусэля. Пры канцы кастрычніка яго затрымалі, адну ноч ён правёў у пастарунку, пасьля яго адпусьцілі. 29 сакавіка прайшло першае судовае паседжаньне.

«Самая нязручная забарона — набліжацца да беларускай амбасады»

Антона абвінавачваюць па артыкулах 510 і 513 Крымінальнага кодэксу Бэльгіі — начны падпал нерухомасьці, у якой былі людзі. Згодна з гэтымі артыкуламі яму можа пагражаць ад 15 да 20 гадоў турмы.

Канчатковы прысуд 35-гадоваму беларусу будзе вынесены 26 красавіка, сказаў Свабодзе абвінавачаны. Аднак ён перакананы, што гэта будзе вельмі лагодны прысуд.

«Пракурорка спачатку запатрабавала прысудзіць мне 3 гады ўмоўна. Хоць па маіх артыкулах магло быць ад 15 да 20 гадоў. Але ўсе разумеюць, што гэта стары крымінальны кодэкс ХІХ стагодзьдзя, такія прысуды не выносяцца.

Пракурорка абгрунтавала, чаму ўмоўны тэрмін: я ніколі ня быў пакараны, у мяне добрыя характарыстыкі ад судовага асыстэнта, паліцыі, доктара, я ўдзельнічаў у розных валянтэрскіх праграмах.

Мой адвакат прасіў альбо наагул адмовіцца ад пакараньня, альбо прысудзіць мне сацыяльныя працы. Так што чакаю — альбо ўмоўна, альбо сацыяльныя працы і забарона набліжацца да беларускай амбасады на 500 мэтраў», — расказвае пра першы дзень слуханьняў справы Антон.

Ён жартуе, што забарона набліжацца да амбасады для яго вельмі нязручная, бо гэта вельмі прыгожы раён Брусэлю. Да таго ж побач жыве ягоны адвакат, і на кансультацыю да яго даводзіцца езьдзіць вакольнымі шляхамі.

«Калі б я ведаў, што ў амбасадзе засталіся людзі, я б гэтага не зрабіў»

Амаль увесь час да суду Антон быў на волі — за выключэньнем адной ночы ў кастрычніку, калі яго зьмясьцілі ў пастарунак. Абмежаваньні, вядома, ёсьць, але, па ягоных словах, неістотныя.

«На адну ноч мяне арыштавалі. Паліцыянтка, якая арыштоўвала, паехала па круасаны, прывезла канапкі. Відаць было, што паліцыянты прытрымліваюцца прэзумпцыі невінаватасьці — пакуль я не асуджаны, са мной кантактавалі годна.

Мне забаронена пакідаць тэрыторыю Бэльгіі. Аднак магу паехаць на закупы ў Галяндыю на пару гадзін ці ў аэрапорт кагосьці сустрэць — гэта можна. А вось на ўікэнд у Амстэрдам ці Парыж — нельга», — расказвае Антон.

Што да самога ўчынку, прызнаецца, што цяпер пра яго шкадуе. Ён быў упэўнены, што ў амбасадзе няма людзей.

«Звычайна каля амбасады стаяць машыны супрацоўнікаў. Машын не было, не было і сьвятла. Але там заставаўся адзін ахоўнік, ён і выклікаў пажарную службу. Калі б я ведаў, што ў амбасадзе засталіся людзі, я б гэтага не зрабіў. Магчыма, вакно б выбіў, але не падпальваў бы.

Я дэкляраваў яшчэ да суду, што гатовы панесьці пакараньне. Я разумею, што ў сродках свайго пратэсту крыху перагнуў. Але я не хачу апускацца да ўзроўню лукашыстаў, і нават калі гэты ахоўнік „ябацька“, я не хачу рабіць яму крыўды ні маральнай, ні фізычнай», — кажа падпальшчык дзьвярэй.

Антон прызнаецца, што тады дзейнічаў на эмоцыях, што ў яго ёсьць «комплекс выжыўшага», як ён сам называе свой стан.

«Я сяджу ў Бэльгіі, працую, у мяне ёсьць правы, ёсьць нармальны ўзровень жыцьця, да мяне ставяцца з павагай. А ў Беларусі людзей за камэнтар у інтэрнэце саджаюць на гады ў турму».

Зацікавіўся палітыкай яшчэ падлеткам, расчараваўся, зьехаў

Антон да 2006 году жыў у Беларусі. Актыўна пачаў удзельнічаць у палітычным жыцьці яшчэ падлеткам, у 2000–2001 гадах. Тады ж і ў яго пачаліся і першыя праблемы. У Горадні сустракаўся з Уладзімерам Ганчарыкам, іх фота апублікавалі на першай старонцы выданьня «Біржа інфармацыі».

«Выклікалі да дырэктара школы. Потым я расчараваўся, выехаў у Польшчу. Пазьней пераехаў у Бэльгію. Мне падавалася, што ў Беларусі нічога ня зьменіцца, дыктатура будзе існаваць доўга. Але 2020 год даў надзею на перамены. Я памятаю свой энтузіязм, калі чытаў, што горадзенскія мясцовыя ўлады хацелі супрацоўнічаць з дэманстрантамі. Была надзея, што зьмены адбудуцца. Уразілі масавыя фальсыфікацыі на выбарах.

Але пачаліся масавыя арышты, сталі гінуць людзі. Для мяне пераломным момантам стала забойства Вітольда Ашурка», — узгадвае прычыны і матывы падпалу дзьвярэй Антон.

«Спадзяваўся, можа, які міліцыянт ці супрацоўнік ГУБАЗіК не атрымае прэміі»

Ён кажа, што і раней удзельнічаў у акцыях: калі беларускія ўлады забаранілі грамадзянам выезд за мяжу, павесіў замкі на браму беларускай амбасады, каб дыпляматы таксама не маглі выйсьці.

«Мяне абурала, што супрацоўнікі амбасады жывуць тут у вольнай краіне і карыстаюцца правамі вольных грамадзян, у той час як грамадзяне Беларусі ня маюць нармальных правоў. Я разумеў, што адбываецца, усё гэта набіралася, і я вырашыў нанесьці хоць нейкую матэрыяльную, фінансавую шкоду. Я ведаю, што 25% бюджэту Беларусі ідзе на рэпрэсіўны апарат. І спадзяваўся, што нанясу шкоду недзе на 2–3 тысячы эўра, і, можа, які міліцыянт ці ГУБАЗіК не атрымае прэміі», — працягвае Антон.

«У Бэльгіі існуе прэзумпцыя невінаватасьці. Параўнаньня зь Беларусьсю наагул няма»

Антон дасканала ведае беларускую мову, зь сябрамі размаўляе на ёй у Бэльгіі. За падзеямі ў Беларусі сочыць увесь час. Вельмі ўражаны стаўленьнем да парушальнікаў закону ў Бэльгіі. Расказаў, што перад слуханьнямі ягонай справы былі яшчэ два працэсы: над хлопцам за распаўсюд наркотыкаў і над жанчынай, якая штосьці скрала ў краме.

«У Бэльгіі насамрэч існуе прэзумпцыя невінаватасьці — нават да абвінавачаных людзей ставяцца годна, з павагай. Давяраюць словам, па-чалавечы ставяцца, пазытыўна, быццам бы ты не абвінавачаны, а кліент у краме.

Калі мяне затрымлівалі, дадому прыехала паліцыя, прычым у цывільным і на звычайнай машыне, каб не напалохаць суседзяў. Мы паехалі ў Брусэль, дарога заняла больш за гадзіну. Паколькі была раніца, паліцыянты запыталіся, ці галодны я, які круасан я хачу — з шакалядам ці без, якую каву — моцную ці з малаком.

Усё было максымальна карэктна, пазытыўна. Паліцэйскія нават выказвалі разуменьне, чаму я гэта зрабіў. Праўда, казалі, што ў сродках свайго пратэсту я быў занадта радыкальны. Але яны разумеюць маю матывацыю.

Так што параўнаньня зь Беларусьсю наагул ніякага няма», — кажа Антон.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG