Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячорка: Украіна разьлічвае, што асьцярожнасьць з Лукашэнкам здолее паўстрымаць уваход яго арміі


Франак Вячорка
Франак Вячорка

Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў інтэрвію Свабодзе расказвае пра вынікі візытаў Сьвятланы Ціханоўскай у Польшчы, тэлефанаваньне ёй прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна і сустрэчы прадстаўнікоў Офісу Ціханоўскай ва Ўкраіне.

Ніжэй прыводзім тэзісы з размовы. Цалкам інтэрвію глядзіце на Youtube.

«Званок Байдэна Ціханоўскай вяртае Беларусь у парадак дня»

— Найперш гэты званок вяртае Беларусь у парадак дня. Гэта абазначэньне суб’ектнасьці Беларусі. Мы заўжды пры ўсіх сустрэчах зазначаем, што не павінна быць ніякіх дыскусій пра Беларусь безь беларусаў. І тое, што звоніць Байдэн, тое, што сустракаецца кіраўнік МЗС Францыі Лё Дрыян (фактычна кіраўнік па замежнай палітыцы ў Эўрапейскай Радзе падчас францускага старшыняваньня), тое, што Ціханоўскую вітае прэзыдэнт Польшчы і прэм’ер-міністар Нідэрляндаў, — усё гэта абазначэньне суб’ектнасьці, якую Лукашэнка і Пуцін спрабуюць у беларусаў адабраць. Маўляў, мы кантралюем войскі і тэрыторыю, таму ўсе справы вырашайце праз нас.

Мы вярнулі Беларусь у парадак дня, мы вяртаем добрае імя беларусам, якое было апаганенае Лукашэнкам, які ўцягнуў нас у гэтую ганебную вайну. Гэта ня значыць, што ўсе праблемы вырашацца на раз-два. Міжнародная палітыка — гэта працэс.

«Ужо ўтвораная рабочая група, якая зоймецца пытаньнем дыскрымінацыі»

— Ёсьць тры групы праблемаў: юрыдычная, інфармацыйная і праблема ўспрыманьня. Многія беларусы, якія выехалі з Украіны, ня маюць такіх самых умоваў знаходжаньня ў Польшчы, як украінцы. Паводле міністра ўнутраных спраў, гэтае пытаньне можна вырашыць пры дапамозе разгортваньня і іншай трактоўкі палітычнага прытулку. Гаворка пра тое, што беларусы, якія прыяжджаюць у Польшчу, змогуць атрымліваць палітычны прытулак і, не чакаючы па ім рашэньня, — працаваць. Ужо ўтвораная рабочая група, якая ўключае прадстаўніцу Офіса Ціханоўскай Крысьціну Рыхтэр і прадстаўніцу Цэнтру беларускай салідарнасьці ў Варшаве Аліну Коўшык, а таксама прадстаўнікоў МУС і лякальных уладаў, каб вырашыць гэтае пытаньне.

Кіраўнік МУС падкрэсьліў, што калі ёсьць праблема з адкрыцьцём рахунку ў банку, то трэба ісьці ў банкі зь дзяржаўным капіталам, яны ня маюць права не адкрыць. Калі пабілі машыну, то ня трэба абмяжоўвацца допісам у Фэйсбуку пра гэта, трэба выклікаць паліцыю. Калі мы будзем сыстэмна да гэтага падыходзіць, то ўжо празь месяц-два сытуацыя будзе выпраўляцца.

«Беларусафобскія выпады выпраўляюцца пастаяннай камунікацыяй, тлумачэньнем»

— Ёсьць таксама праблема ўспрыманьня беларусаў, якая вядзе да канфліктных сытуацый: не ўзялі дзіця ў школу, не адкрылі рахунак у банку. Такіх выпадкаў больш за 300. Называць гэта сыстэмнай дыскрымінацыяй нельга, яны выкліканыя, хутчэй, эмацыйным успрыманьнем беларуска-расейска-ўкраінскай канфліктнай тэмы. Беларусы трапляюць пад раздачу з расейцамі. Гэта выпраўляецца пастаяннай камунікацыяй, тлумачэньнем. Трэба выходзіць на польскія СМІ і казаць, што ёсьць дзьве Беларусі — бел-чырвона-белая і чырвона-зялёная.

«За апошні месяц украінцы зразумелі, што дэмакратычная Беларусь — іх крытычны саюзьнік»

— Ва Ўкраіне ёсьць вельмі справядлівая крыўда на Беларусь, якая дазволіла расейскім войскам заходзіць са сваёй тэрыторыі. Ва Ўкраіне шмат гадоў верылі Лукашэнку. Памятаеце, як Лукашэнка быў самым папулярным замежным палітыкам ва Ўкраіне. Цяпер, калі ён здрадзіў, ёсьць расчараваньне: як жа так, Беларусь нас падвяла.

Было фальшывае ўспрыманьне, яны ставілі знак роўнасьці паміж беларускім народам і Лукашэнкам. Цяпер усе разумеюць, што Лукашэнка заўсёды быў ворагам, але гэта заняло пэўны час. І трэба было выходзіць у эфіры, тлумачыць, што беларусы ваююць у батальёне Каліноўскага, зьбіраюць гуманітарную дапамогу праз BySol, возяць рыштунак, удзельнічаюць у мітынгах ва ўсім сьвеце. За апошні месяц украінцы зразумелі, што дэмакратычная Беларусь — іх крытычны саюзьнік.

«У нейкіх сытуацыях нашыя нацыянальныя інтарэсы могуць разыходзіцца з украінскімі»

— Украінская ўлада разьлічвае, што калі яны будуць акуратнымі і асьцярожнымі, яны здолеюць паўстрымаць уваход беларускіх войскаў на сваю тэрыторыю, паўстрымаць Пуціна і разарваць іхную зьвязку. Гэты разьлік быў і да вайны таксама. Яны, з аднаго боку, падтрымлівалі нашыя пратэсты, а зь іншага — гандлявалі зь дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Іх пазыцыю можна зразумець: там вайна, свае нацыянальныя інтарэсы. Нашыя нацыянальныя інтарэсы ў нечым з Украінай супадаюць, мы хочам вызваленьня з-пад імпэрыі, хочам свабоды і дэмакратыі. Але ў нейкіх сытуацыях гэтыя інтарэсы могуць разыходзіцца.

«Зараз няма шэрага, усё чорна-белае»

— Цяпер самае галоўнае для нас — інфармацыйны фронт. Трэба працаваць з грамадзкай думкай, якая трапляе пад уплыў расейскай прапаганды. Зараз няма шэрага, усё чорна-белае. Усе мы ведаем, хто пачаў вайну і навошта. А прыкідвацца, што мы жывём у мірны час і што ёсьць розныя пазыцыі, такога быць ня можа. Калі мы ня будзем актывізоўвацца, працаваць у групах, тлумачыць сваякам, тады мы будзем уцягнутыя ў братазабойчую вайну. Гэта прывядзе да новых санкцыяў, зьбядненьня, ахвяраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG