Такая выснова фігуруе ў прэс-рэлізе з нагоды выхаду штогадовай справаздачы міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International за 2021 год.
«Раздаючы ілжывыя абяцаньні аб справядлівым аднаўленьні пасьля COVID-19 для ўхіленьня глыбока ўкаранёнай няроўнасьці, сусьветныя лідэры ўступілі ў змову з карпарацыйнымі тытанамі, каб далей назапашваць уладу і прыбытак», — пішуць праваабаронцы.
На іх думку, багатыя дзяржавы ўступілі ў змову з карпарацыйнымі гігантамі, каб «абдурыць людзей пустымі лёзунгамі ды ілжывымі абяцаньнямі справядлівага аднаўленьня пасьля пандэміі COVID-19».
Такія паводзіны самых заможных краін сьвету Amnesty International лічыць «адной з найвялікшых здрадаў нашага часу».
«2021 год мусіў стаць годам ацаленьня і аднаўленьня сілаў. Наадварот, ён стаў інкубатарам для глыбейшай няроўнасьці і большай нестабільнасьці, успадкаванай язвай на доўгія гады», — сказала, камэнтуючы справаздачу, генэральны сакратар Amnesty International Аньнес Калямар.
У справаздачы, у прыватнасьці, гаворыцца:
«Лідэр за лідэрам давалі абяцаньні „зрабіць лепш, чым было“, каб зьліквідаваць няроўнасьць, якая глыбока ўкаранілася і пагоршыла наступствы пандэміі. Замест гэтага яны разыгралі трагічную байку аб здрадзе і прагнасьці ў змове з карпарацыйнымі тытанамі. Хоць гэта адбывалася ўва ўсім сьвеце, наступствы былі найбольш разбуральнымі для самых маргіналізаваных супольнасьцяў, у тым ліку для тых, хто знаходзіцца на пярэднім краі эндэмічнай беднасьці».
Amnesty International сьцьвярджае, што посьпех вакцынаў падрываецца карысьлівым нацыяналізмам і карпаратыўнай прагнасьцю.
«Хуткае ўкараненьне вакцын супраць COVID-19 выявілася навуковай срэбранай куляй, якая дала надзею на спыненьне пандэміі для ўсіх. Аднак, нягледзячы на аб’ём вытворчасьці, дастатковы, каб цалкам вакцыянаваць сьвет у 2021 годзе, да канца гэтага году менш за 4% жыхароў краін зь нізкім узроўнем даходу былі цалкам прышчэпленыя».
«На самітах G7, G20 і COP26, выступаючы на сусьветнай арэне, палітычныя і эканамічныя лідэры на словах заяўлялі аб палітыцы, якая можа прывесьці да кардынальных зьмен у доступе да вакцынаў, павялічыць недастатковыя інвэстыцыі ў сацыяльную абарону і справіцца з наступствамі зьмены клімату. Кіраўнікі кампаніяў Big Pharma і Big Tech расказвалі нам аб карпарацыйнай адказнасьці. На гэтым гістарычным пераломе была падрыхтаваная глеба для аднаўленьня і рэальных значных зьменаў для больш раўнапраўнага сьвету... Аднак яны ўпусьцілі магчымасьць і вярнуліся да палітыкі і практыкі, якія прывялі да яшчэ большай няроўнасці», — заявіла Аньнес Калямар.