Да 25 сакавіка Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да беларусаў.
«Незалежнасьць — гэта калі ты бароніш сваю краіну. І для цябе гэта нават не подзьвіг. А проста здаровая рэакцыя на злачынства. Бо іншага выбару няма і ня можа быць, калі зьнішчаюць твой родны дом. Карыстаюцца тваёй краінай, каб весьці чужую вайну, карыстаюцца тваёй зямлёй, аэрадромамі, войскамі. Выбар для народа незалежнай краіны толькі адзін: прагнаць чужынцаў са сваіх гарадоў. Бо кожны ў краіне адчувае: гэта мая зямля», — сказала Ціханоўская.
Яна нагадала пра неабходнасьць дамагчыся вываду расейскіх войскаў зь Беларусі.
«Нам трэба: дабіцца вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі праз Антываенны рух; пазбавіцца ад дыктатуры і вызваліць палітзьняволеных; выбраць на сумленных выбарах новую дэмакратычную ўладу. І пераканацца, што яна будзе перавыбраная ў законныя тэрміны. І вось тады мы сустрэнем сапраўдны Дзень Волі і зробім яго нацыянальным сьвятам сваёй незалежнасьці», — сказала Ціханоўская.
25 сакавіка ў Варшаве і Вільні пройдзе шэраг сьвяточных мерапрыемстваў прымеркаваных да Дня Волі. У гэты дзень пройдзе канцэрт у Вільні, сродкі ад продажы квіткоў арганізатары накіруюць на падтрымку Ўкраіны.
Таксама канцэрт пройдзе ў Варшаве, сродкі ад якога будуць накіраваныя на дапамогу Ўкраіне.